20 Апреля, 2024 Суббота

Медыя-Алімп

  • 21 февраля 2017 Спорт Беларуская 0

    Гэтую прыемную навіну “ЛВ” паведамляў ужо ў адным з апошніх сваіх нумароў: Нацыянальны алімпійскі камітэт падвёў вынікі творчага конкурсу “Медыя-Алімп 2016”.

    Як адзначыла дырэктар прадстаўніцтва НАК у Брэсцкай вобласці Алена Белаконенка, СМІ нашай вобласці былі запрошаны на цырымонію ўзнагароджання ўпершыню ў гісторыі гэтага прэстыжнага конкурсу. Сярод адзначаных заахвочвальнымі прызамі ў катэгорыі “Рыа-2016” – “Ляхавіцкі веснік”  і “Вечерний Брест”.

    У многім супярэчлівы, няпросты, багаты на падзеі, не без адмысловых адметнасцяў быў мінулы год. У тым ліку ў плане спорту: дзясяткі спаборніцтваў рэгіянальнага ўзроўню, чэмпіёнскія і “брыльянтавая” лігі, кубкавыя этапы, кантынентальныя і планетарныя чэмпіянаты. І XXXI летнія Алімпійскія гульні ў гарачым і далёкім Рыа-дэ-Жанейра – як вянец усяму спартыўнаму чатырохгоддзю.

    Дзе б ні выступалі атлеты, амаль заўсёды за імі перамяшчаюцца майстры пяра, мікрафона, тэлевізійнай камеры. І не прынцыпова, гэта несамавіты на выгляд стадыён невялікага гарадка ці суперсучасная шматтысячная арэна: журналісты кожны раз побач.

    Нядаўна асобныя аўтары і калектывы рэдакцый краіны пачулі ў свой адрас нямала прыемнага. У Зале алімпійскай славы штаб-кватэры Нацыянальнага алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь адбылося ўшанаванне пераможцаў рэспубліканскага конкурсу “Медыя-Алімп 2016” сярод спартыўных журналістаў на лепшае асвятленне дзейнасці арганізацыі, якой, дарэчы, споўнілася 25.

    Сустрэча адбылася ў цёплай сяброўскай атмасферы. Усё было проста, дэмакратычна і ад пачатку да фінальных акордаў – шчыра.

    Ганаровымі гасцямі  цырымоніі сталі першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, першы віцэ-прэзідэнт НАК Максім Рыжанкоў, міністр інфармацыі Лілія Ананіч, міністр спорту і турызму Аляксандр Шамко, кіраўнікі шэрага агульнанацыянальных тэлевізійных каналаў і іншыя вядомыя ў краіне і не толькі людзі.

    Гаварылі па-рознаму, але аб агульным. Пра тое, што вялікі спорт – гэта яшчэ і вялікая палітыка, высокая ідэалогія, красамоўная дыпламатыя. Пра “складанасці перакладу”: уменні спартыўных журналістаў трансфармаваць сухія лічбы – метры, галы, ачкі, секунды – у зразумелую кожнаму чытачу-гледачу мову. Дзякавалі за працу, віншавалі пераможцаў і прызёраў медыя-марафону.

    У намінацыі “Рыа-2016” за цыкл матэрыялаў, надрукаваных у рэгіянальных СМІ, заахвочванне атрымала і рэдакцыя газеты “Ляхавіцкі веснік”.  Прыз уручыў віцэ-прэзідэнт НАК Беларусі Уладзімір Канаплёў.

    «Ляхавіцкі веснік»

    Фота Сяргея ВАРАНОВІЧА.

    На фота: 2. Інтэрв’ю першага віцэ-прэзідэнта НАК Максіма Рыжанкова.3. Узнагароду ўручае міністр інфармацыі Лілія Ананіч. 4. Сярод адзначаных НАКам – і ”Ляхавіцкі веснік”.

    Автор: Іван КАВАЛЕНКАЛяхавіцкі веснік

Комментарии (0)