27 Апреля, 2024 Суббота

Суперкубок по пляжному футболу поехал в Мозырь

  • 12 мая 2017 Спорт Беларуская 1

    Адкрыццё сезона пляжных відаў спорту ў нашай рэспубліцы чацвёрты год запар адбываецца ў Маладзечне. У нядзельным фінальным матчы за Суперкубак Беларусі сустракаліся неаднаразовыя пераможцы турніру футбалісты барысаўскага БАТЭ з камандай М-Сіці (Мазыр).

    Нагадаем аматарам пляжнага футбола: два гады таму ў Маладзечне сапернікі ўжо змагаліся за Суперкубак. У рашаючым матчы перамаглі барысаўчане (4:1).

    І летась гэта дружына святкавала вікторыю. З лікам 6:3 БАТЭ ўзяў верх над камандай Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Мазыране сталі бронзавымі прызёрамі. І вось у хлопцаў з Палесся з’явіўся шанц узяць рэванш.

    Як заўсёды, БАТЭ прыехалі падтрымаць дзясяткі фанатаў. Увогуле, мала хто на трыбунах сумняваўся, што неаднаразовы чэмпіён і ўладальнік Суперкубка краіны на гэты раз зноў павязе з сабой чарговы тытул. Мазыране разлічвалі толькі на ўласныя сілы. І ў барацьбе за галоўны прыз дружына з Палесся мела высокую матывацыю. Гэтага нельга было не заўважыць на першых хвілінах гульні. Каманда імкнулася скарыстаць кожны момант для ўзяцця варот саперніка. А вось шматгадоваму чэмпіёну нечакана для балельшчыкаў не ўдалося адразу паказаць сябе. Такім чынам, калі яшчэ ў сярэдзіне першага перыяду гульня была роўнай, то бліжэй да перапынку (матч складаўся з трох перыядаў па 12 хвілін), мазыране былі больш актыўнымі ў нападзенні. Галоўныя ролі ўзялі на сябе Ігар Брыштэль (які раней гуляў за БАТЭ) і Іван Ляцецкі. Гэты тандэм паказаў высокую прадукцыйнасць. На 9-й хвіліне Іван адкрывае лік, а адразу пасля першага перапынку замацоўвае поспех каманды — 2:0. Праз хвіліну штрафны рэалізуе капітан мазыран Ігар Найбіч — 3:0.         

    Але БАТЭ не быў бы чэмпіёнам, каб  не ўмеў выходзіць з цяжкіх сітуацый. Два мячы барысаўчане адыгралі ў другім перыядзе. Галы на свой рахунак запісалі расійскі легіянер Уладзіслаў Аксёнаў і Міхаіл Каваленка — 2:3.

    Не спалі ў шапку і мазыране. Крыху больш чым за дзве хвіліны да другога перапынку І. Найбіч выдатна завяршае атаку і афармляе дубль — 4:2.

    Заключная частка гульні была, напэўна, самай драматычнай. На жаль, мазыране ўпусцілі ініцыятыву, што адразу скарысталі іх сапернікі, якія змаглі аднавіць раўнавагу — 4:4. Праўда, за 80 секунд да фінальнай сірэны І. Брыштэль усё ж выводзіць сваю дружыну наперад — 5:4. І тут БАТЭ праявіў характар — Аляксандр Давідовіч на апошняй хвіліне забівае гол, і лік становіцца нічыйным — 5:5.

    Вынік матча і, адпаведна, лёс галоўнага трафея турніру павінен быў вырашыцца ў авертайме. Але і пасля дадатковага часу лік на электронным табло заставаўся нічыйным.

    І толькі серыя пенальці, якая таксама была насычаная драматычнымі момантамі, вызначыла пераможцу. Тут выдатна згуляў галкіпер мазыран Андрэй Клімовіч, які і прынёс камандзе М-Сіці доўгачаканы тытул уладальніка Суперкубка Беларусі.

    — Зразумела, атрымаў вялікае задавальненне ад гульні сваіх падапечных, — адзначыў у пасляматчавым інтэрв’ю галоўны трэнер мазырскай дружыны Уладзімір Цырульнік. — Хлопцы таксама задаволены. Мы з першых хвілін пачалі вельмі граматна дзейнічаць. Я бачыў дакладнае выкананне ўстаноўкі. Супраць БАТЭ гуляць неарганізавана — гэта адразу паражэнне. Не буду сцвярджаць, што БАТЭ дзесьці памыляўся. Напэўна, мы заслужылі гэту перамогу.

    Галоўны трэнер БАТЭ Аляксандр Даніленка:

    — Увогуле, атрымалася нядрэнная гульня. Мяркуючы па развіцці падзей, напале эмоцый і драматызме, што панавалі на маладзечанскім пясчаным стадыёне, можна не сумнявацца, што матч спадабаўся балельшчыкам і аматарам пляжнага футбола. На гульню мы настройваліся, як звычайна, нават не дапускалі думкі аб тым, што можам не выйграць. Але гэта футбол. Так, крыху падвяла рэалізацыя галявых момантаў, а дзесьці і самі гулялі няўважліва. І нічога звышнатуральнага тут я не бачу. Мазырнам трэба аддаць належнае — гулялі яны нядрэнна, самааддача была на высокім узроўні.   

    Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

    Автор: Вячаслаў ТАБУЛІН.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (1)