29 Марта, 2024 Пятница

Спаборніцтвы санітарных дружын і добраахвотных пажарных фарміраванняў прайшлі ў Смаргонскім раёне

  • 11 июня 2017 Спорт Беларуская 0

    Спаборніцтвы санітарных дружын і добраахвотных пажарных фарміраванняў праводзяцца штогод у нашым раёне. У цяперашні неспакойны час, калі існуе пагроза тэхнагенных катастрофаў, прыродных катаклізмаў і стыхійных бедстваў, вельмі актуальнай з’яўляецца падрыхтоўка на прадпрыемствах і ў арганізацыях фарміраванняў грамадзянскай абароны. Удзел у спаборніцтвах – не толькі адна з эфектыўных формаў навучання аператыўным і правільным дзеянням у экстрэмальных сітуацыях, але і важным механізмам стварэння рэзерву з ліку грамадзян, якія валодаюць практычнымі навыкамі аказання першай медыцынскай дапамогі і тушэння пажараў.

    У мінулую пятніцу за горадам, як кажуць мясцовыя людзі – у раёне Старога млына – на паляне сабраліся ў чарговы раз праверыць свае навыкі санітарныя дружынніцы і добраахвотныя пажарныя-ратавальнікі. Імі сталі людзі розных прафесій, якія працуюць на прадпрыемствах, у арганізацыях, установах і сельгаспрадпрыемствах раёна.

    У спаборніцтвах удзельнічалі з 13 толькі 7 санітарных дружын: “Смаргонскіх малочных прадуктаў”, камбіната хлебапрадуктаў, філіяла “Смаргоньсілікатабетон”, агрэгатнага завода, завода аптычнага станкабудавання, РУП “ЖКГ”, Смаргоньгазу.

    Удзельнікам санітарных дружын неабходна было прайсці некалькі этапаў. На першым — правяралася аснашчэнне членаў каманды і ўменне карыстацца ім, на двух наступных – работа ў ачагу камбінаванага і хімічнага паражэння. На заключным этапе суддзі ацэньвалі навыкі дзейнасці ў ачагу інфекцыйнага захворвання. На ўсіх гэтых этапах сандружынніцы дэманстравалі тэарэтычныя і практычныя веды, узровень падрыхтаванасці да правільных дзеянняў падчас выратавання людзей.

    Відовішчнымі і эмацыянальнымі былі спаборніцтвы добраахвотных пажарных фарміраванняў, якія праходзілі непадалёку. Удзельнікі каманд дэманстравалі суддзям і гледачам сваё майстэрства ў пажарнай эстафеце, баявым разгортванні і на 100-метровай паласе з перашкодамі.

    Нялёгка прыйшлося прадстаўнікам каманд у пажарнай эстафеце. Неабходна было пераадолець сценку, бум і на заключным этапе патушыць агонь парашковым вогнетушыцелем. Пэўных навыкаў і спрыту патрабавала ад удзельнікаў баявое разгортванне ад мотапомпы.

    З 14 добраахвотных фарміраванняў на спаборніцтвы прыехалі 5 каманд: “Смаргонскіх малочных прадуктаў”, камбіната хлебапрадуктаў, філіяла “Смаргоньсілікатабетон”, склада захоўвання нафтапрадуктаў (нафтабаза), лясгаса.

    Пасля заканчэння спаборніцтваў былі падведзены вынікі. Сярод санітарных дружын перамагла каманда агрэгатнага завода, другое месца занялі сандружынніцы з філіяла “Смаргоньсілікатабетон”, трэцяе – з камбіната хлебапрадуктаў.

    Мацнейшай сярод добраахвотных пажарных фарміраванняў стала каманда склада захоўвання нафтапрадуктаў, другое і трэцяе месцы размеркаваліся паміж дружынамі “Смаргонскіх малочных прадуктаў” і філіяла “Смаргоньсілікатабетон”.

    Автор: Ягор КАРЫЦКІСветлы шлях
    Теги: 

Комментарии (0)