20 Апреля, 2024 Суббота

Пакарыцелі бездарожжа

  • 09 августа 2017 Спорт Беларуская 0

    Лагер трофі-рэйду размясціўся на беразе Вулькаўскага возера. Па словах галоўнага суддзі Рамана Юхімца, у спаборніцтвах  прынялi ўдзел каля 60 экіпажаў. Тут сабраліся самыя моцныя, тыя, хто «выжыў» пасля трох этапаў. Геаграфія ўдзельнікаў шырокая: Віцебск, Слонім, Брэст, Гродна, Орша. Ёсць нават экіпажы з Расіі і Ізраіля, якія ўжо некалькі сезонаў б'юцца за званне лепшых пакарыцеляў бездарожжа.

    Экіпаж складаецца як мінімум з двух чалавек – пілота і штурмана. Задача пілота – правільна весці машыну, а штурмана – разлічыць шлях, «забіць» кропкі ў GPS, вырашаць, як правільна пад'ехаць да кропкі і не затрымацца.Машыны, якія ўдзельнічаюць у трофі, павінны быць спецыяльна падрыхтаваныя. У адпаведнасці з падрыхтоўкай аўтамабіля вылучаюць катэгорыі «турызм» і «спорт».

    Улюбёнцамі гледачоў па праве лічацца аўтамабілі катэгорыі спорт класа «TR-3» – прататыпы, самаробныя машыны, «монстры бездарожжа», велічыня іх колаў можа дасягаць метра. У гэтай катэгорыі выступае сямейны экіпаж нашых землякоў – браты Кармановічы з вёскі Вулька-Целяханская. Яны ўдзель-нічаюць у трофі-рэйдах ўжо другі год.Акрамя таго, у катэгорыі спорт класа «ТR-1» за званне чэмпіёна рэспублікі пазмагаецца сямейны экіпаж – Мікалай і Аляксей Салонкі з вёскі Соміна. У мінулым го-дзе ў гэтай катэгорыі яны сталі лепшымі.

    Гледачы, якіх з кожным разам становіцца на падобных мерапрыемствах ўсё больш, змаглі ўбачыць захапляльныя гонкі па старых дарогах, ярах, балотах і іншых перашкодах.У заліковай катэгорыі «турызм» працягласць трасы складала каля 250 км, а ўдзельнікам трэба было пры дапамозе GPS выявіць каля 60 кантрольных кропак і зрабіць фота. Іх маршрут прайшоў праз вёскі Соміна, Раздзялавічы, Бобрык, Краі. Экіпажы катэгорыі «спорт» праследавалi праз Целяханы, Бабровічы і іншыя пункты да Змяінага возера, якое знаходзіцца на тэрыторыі Пінскага раёна.Удзельнікаў чакала дзве гонкi – начная і дзённая. Трофі-рэйд стартаваў вечарам у пятніцу і скончыўся а шостай раніцы у суботу. Пасля перапынку, а 12 га-дзіне дня пачаліся старты другога дня з фінішам а 22 га-дзіне.Па выніках спаборніцтваў Мікалай і Аляксей Салонкі занялі другое месца ў спартыўнай катэгорыі «TR-1», а таксама пасля падліку вынікаў за ўсе чатыры этапы заваявалі трэцяе месца ў Кубку Беларусі па трофі. Сямейны экіпаж братоў Кармановічаў таксама ўвайшоў у лік фіналістаў, яны занялі другое месца ў трофі-рэйдзе «ЦеляхХАРД» у спартыўнай катэгорыі «TR-3».

    На здымку: Дзмітрый Клемята і Дзмітрый Жарабцоў – экіпаж з Мінска, пераможцы сёлетняй «Дрыгвы» ў катэгорыі «Турызм».

    Ганна Ільяшэвіч.

    Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.

    Автор: Ганна ІльяшэвічІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)