27 Апреля, 2024 Суббота

Бегаць можна і зімой. Парады бывалага

  • 17 января 2018 Спорт Беларуская 0

    З надыходам зімы многія аматары бегу пераходзяць на трэнажоры. Але баяцца халадоў не варта, сцвярджаюць вопытныя атлеты. Удзельнікі маладзечанскага клуба аматараў бегу «Рэгіён», якіх можна заўсёды сустрэць на гарадскім стадыёне, сваім асабістым прыкладам нагадваюць, што трэніроўкі на свежым паветры ў халодную пару года не прынясуць ніякіх праблем, калі прытрымлівацца некаторых простых рэкамендацый.

    Неаднаразовы прызёр і пераможца рэспубліканскіх і міжнародных спаборніцтваў Віктар Болсун наогул не бачыць асаблівых праблем у зімовых трэніроўках. Аднойчы ў час нашай размовы прызнаўся, што асабіста для яго прабежкі ў халоднае надвор’е нічым не адрозніваюцца ад летніх.

    — У спякоту таксама ёсць свае цяжкасці, асабліва калі бяжыш марафон, — адзначае ён. — Затое цяпер, напрыклад, лягчэй дыхаецца. Дарэчы, для бегуноў восень і пачатак зімы былі самыя ідэальныя і для трэніровак, і для спаборніцтваў.

    У гэтыя дні наш зямляк рыхтуецца да ўдзелу ў 49-м міжнародным марафоне пад назвай «Дарога жыцця», які адбудзецца 28 студзеня. Тысячы спартсменаў і аматараў выйдуць на знакамітую блакадную дарогу, каб аддаць даніну памяці загінулым абаронцам блакаднага Ленінграда, а таксама паспаборнічаць у бегу на доўгія дыстанцыі. Віктар Болсун ужо некалькі гадоў запар, нягледзячы на надвор’е, стартуе на «Дарозе жыцця». Нядаўна ён зайшоў у рэдакцыю і падзяліўся сваімі ўспамінамі аб удзеле ў гэтых спаборніцтвах.

    — Марафон «Дарога жыцця» заўсёды вельмі цяжкае выпрабаванне для атлетаў, нават самых вопытных, — расказвае Віктар. – Быў час, удзельнікам даводзілася стартаваць у сапраўдную сцюжу, калі слупок тэрмометра апускаўся ніжэй за 15 градусаў. Таму без спецыяльнай фізічнай падрыхтоўкі ехаць туды не мае сэнсу. Таксама кожны атлет павінен быць экіпіраваны згодна з умовамі надвор’я.

    В. Болсун даў некалькі парад тым, хто хоча трэніравацца зімой, але не ведае, з чаго і як пачынаць.

    Правільная размінка

    У халоднае асенняе і зімовае надвор’е традыцыйную размінку перад бегам варта праводзіць не на вуліцы, а ў цёплым памяшканні. Гэта дазволіць вам хутка разагрэць мышцы ва ўсім целе пры спрыяльнай для арганізма тэмпературы. Такім чынам, на вуліцу вы выйдзеце добра разагрэтым і з гнуткімі суставамі, што дазваляе адразу прыступіць да актыўнай фізічнай работы.

    Апранайце шматслойнае адзенне

    Пры выбары спартыўнага адзення кіруйцеся правілам: пара тонкіх слаёў адзення лепш абароніць ваша цела ад холаду, чым, напрыклад, адзін тоўсты джэмпер. А сучасныя высокатэхналагічныя матэрыялы дазваляюць спартсмену нават у марознае надвор’е апранаць параўнальна лёгкае адзенне, у якім не адчуваецца ніякага дыскамфорту. Першы слой – ніжняя бялізна (зімой – больш цёплая). Яна знаходзіцца бліжэй да цела, таму павінна «дыхаць» і прапускаць вільгаць. Бялізна з натуральных тканін не падыдзе, бо яна ўбірае пот і ўтрымлівае яго, тым самым перашкаджае цыркуляцыі паветра і выклікае перагрэў арганізма. У спецыялізаваных магазінах можна набыць вадалазку, тэрмакофту з доўгім рукавом або спецыяльную кашулю для бегу.   

    На бялізну варта апрануць цеплаізалюючае адзенне. Яго задача — размяркоўваць пот і падтрымліваць аптымальную тэмпературу цела, не дапускаючы ахаладжэння. Гэты слой неабходны, калі даводзіцца бегаць пры тэмпературы паветра ніжэй за 10 градусаў. Найбольш падыходзяць спартыўныя джэмперы, талстоўкі, мембранныя курткі з сінтэтыкі, флісу або тонкай шэрсці.

    Нарэшце, трэці слой павінен абараніць вас ад такіх капрызаў надвор’я, як вецер, дождж або снег. Звычайна вырабляюць верхняе адзенне з натуральных або штучных матэрыялаў з уцяпляльнымі элементамі. Гэта могуць быць розныя мембранныя спартыўныя касцюмы, курткі, вятроўкі, камізэлькі. Пажадана наяўнасць капюшона — ён прыкрые шыю і дадаткова (шапка таксама абавязковая) сагрэе галаву ў марознае ветранае надвор’е.

    Пазбягайце абмаражэння

    Як вядома, найбольш схільныя да абмаражэння пальцы рук, нос і вушы. Размінка перад бегам дапаможа палепшыць цыркуляцыю крыві ў гэтых месцах, а выкарыстанне пальчатак, шаліка і шапкі зберагуць ад абмаражэння. Таму ў марознае надвор’е не палянуецеся апрануцца ва ўсе вышэйпералічаныя віды адзення.

    Выбіраем абутак па сезоне

    Пры занятках бегам надзвычай важна правільна падабраць абутак. Калі размова ідзе пра асеннія і асабліва зімовыя прабежкі, то важна, каб красоўкі былі ўцепленыя натуральным або штучным мехам і ў той жа час яны павінны «дыхаць». Летнія красоўкі можаце смела адпраўляць на «зімоўку» ў шафу. Выбірайце абутак з магутным пратэктарам для лепшага счаплення з зямлёй, бо зімой заўсёды ёсць рызыка паслізнуцца. Яшчэ адна важная парада, якая тычыцца выбару правільнага абутку: для зімовых прабежак заўсёды бярыце красоўкі на 1-1,5 памера большыя. Гэта для таго, каб захоўвалася невялікая паветраная праслойка для захавання цяпла. Калі ж красоўкі будуць шчыльна прылягаць да ступняў, тады ногі хутка замерзнуць.  

    Як трэба харчавацца?

    Калі я выходжу на працяглыя прабежкі, бяру з сабой каларыйныя закускі, напрыклад, сухафрукты, энергетычныя гелі, вітамінныя батончыкі і іншыя падобныя прадукты. Важна, каб яны былі невялікага памеру (каб не «набіваць» страўнік падчас трэніроўкі) і адначасова даволі каларыйныя для здаволення пачуцця голаду. Што тычыцца звычайных прыёмаў ежы, асабліва ў дзень прабежак, то яны павінны быць таксама каларыйныя, каб забяспечыць арганізм неабходнай энергіяй, значная доля якой затрачваецца на трэніроўках. Аднак ад «хуткіх» вугляводаў лепш адмовіцца і ўвесці ў рацыён харчавання прадукты, якія змяшчаюць вялікую колькасць «павольных» вугляводаў, напрыклад кашы, вотруб’е.

    Не забывайце пра ваду

    У халодны час года мы значна радзей адчуваем пачуццё смагі. Тым не менш, арганізму вада неабходная, бо значная частка вільгаці губляецца ў час трэніровак. Каб пазбегнуць абязводжвання, ваду трэба піць маленькімі глыткамі. Пажадана гэта рабіць як у час трэніроўкі, так і пасля яе.

    Дыхайце носам!

    Магчыма, для навічкоў гэта будзе навіной, але хачу адразу папярэдзіць, што дыхаць ротам у час прабежак не рэкамендуецца. Прычым незалежна ад часу года. А восенню і зімой ротавае дыханне яшчэ больш небяспечнае, чым летам. Удыхаючы такім чынам халоднае паветра, вы рызыкуеце застудзіць бронхі і лёгкія. Таму ўважліва сачыце за сваім дыханнем. У час трэніровак лепш удыхаць носам, а выдыхаць ротам.

    У моцныя маразы, калі на тэрмометры мінус 25 і ніжэй, зразумела, навічкам лепш устрымацца ад прабежак на свежым паветры. А вось для добра падрыхтаваных атлетаў гэта не перашкода. Рэгулярныя трэніроўкі ў любое надвор’е загартоўваюць арганізм і абараняюць яго ад хвароб.

    Автор: Вячаслаў ТАБУЛІН.Маладзечанская газета
    Теги: 

Комментарии (0)