16 Апреля, 2024 Вторник

Число участников турнира памяти Дмитрия Гвишиани растет год от года

  • 06 февраля 2018 Спорт Беларуская 0

    Трынаццаты раз сабраў аматараў усходніх адзінаборстваў у нашым горадзе Міжнародны кубкавы турнір па ушу (саньда), прысвечаны памяці курсанта Ваеннай акадэміі Беларусі Дзмітрыя Гвішыані, які за выключную адвагу і храбрасць, праяўленыя пры выратаванні людзей у час пажару, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць». Адным з захапленняў Дзмітрыя быў такі від спорту, як ушу.

    Папулярнасць гэтых спаборніцтваў сярод спартсменаў нашай краіны, а таксама з блізкага і далёкага замежжа расце. Калі, напрыклад, у мінулым і 2016 гадах у турніры прымалі ўдзел 35 каманд (каля 200 байцоў), то сёлета на ўрачыстым пастраенні ў зале спартыўна-забаўляльнага цэнтра гасцям давялося пацясніцца. Яшчэ б! На гэты раз паўдзельнічаць у турніры прыехалі 270 спартсменаў. Як заўсёды, самым прадстаўнічым аказаўся Мінск. Дванаццаць дружын абаранялі гонар сталіцы. Акрамя таго, сваіх лепшых выхаванцаў камандзіравалі ў Мала-дзечна спартыўныя школы і клубы ўсіх абласных цэнтраў рэспублікі, а таксама такіх гарадоў як Ашмяны, Баранавічы, Ваўкавыск, Вілейка, Мар’іна Горка, Шуміліна, Шчучын і інш. Прыемна было бачыць сярод гасцей прадстаўнікоў Казахстана і Расійскай Федэрацыі. Усяго 39 каманд! Гэта чарговы рэкорд турніру.

    Першы дзень — першыя поспехі

    Маладзечаншчына была прадстаўлена адной дружнай камандай хлопцаў і дзяўчат СДЮШАР раённай прафсаюзнай арганізацыі  работнікаў АПК. У кожнай вагавой і ўзроставай катэгорыях нашы землякі аспрэчвалі ўзнагароды. Першы дзень прынёс удачу Адаму Бекінгу, Максі-му Зеленю, Эдуарду Пестраку, До В’ет Зунгу і іншым. Два паядынкі з яўнай перавагай вый-граў і былы выхаванец Мала-дзечанскай СДЮШАР Яўгеній Сляпцоў. Але на гэтых спабор-ніцтвах цяперашні студэнт Беларускага ўніверсітэта фізкультуры выступаў за сталічную каманду СДЮШАР №7, дзе цяпер трэніруецца. Паядынкі з яго ўдзелам былі найбольш яркімі і запамінальнымі. Яўгеній неяк у нашай размове заўважыў, што высокім майстэрствам, дасягненнямі ў спорце ён абавязаны свайму першаму трэнеру Міхаілу Андрэевічу Панцюхову.

    Моцную канкурэнцыю беларускім спартсменам склалі казахстанцы. З першых паядынкаў яны паказалі, што фізічна і маральна гатовы змагацца за самыя высокія ўзнагароды. Многія маладзечанцы прайгралі менаві-та ім. Выдатна стартавалі і расійскія спартсмены, якія прыехалі з Галіча Кастрамской вобласці і Валгаграда. Яны таксама карэнным чынам паўплывалі на планы нашых атлетаў. Некаторыя маладзечанскія чэмпіёны, нават пераможцы рэспубліканскіх спаборніцтваў пацярпелі паражэнне ўжо ў стартавых паядынках.

    Турнір выйгралі дзяўчаты

    Усё вырашалася на другі дзень спаборніцтваў. На жаль, да фіналу дайшлі не ўсе маладзечанцы. Некаторыя хаця і выйгралі ў паўфінале, рашаючыя паядынкі прайгралі і занялі ў сваіх узроставых і вагавых катэгорыях 2-е месца. Сярод іх Міхаіл Пагуда, Эдуард Пястрак, Раман Шумскі, Аніта Самаль, Адам Бекінг, Ангеліна Чалава, Аляксей Дубовік. Бронзавымі прызёрамі сталі Максім Бубен, Дар’я Бычак, Дзмітрый Трайноў і Дар’я Полаз.

    Вельмі хвалявалася перад боем Софія Белавус. Яе саперніцай у фінале была Паліна Камісарава з Галіча. Пачатак паядынку прайшоў у роўнай барацьбе, але ў другім і трэцім раўндах Софія завалодала ініцыятывай на татамі і атрымала перамогу. Яшчэ адна наша юная спартсменка Ясенія Ксяндзова таксама сустракалася ў фінальным баі з ра-сіянкай. Толькі ёй для перамогі спатрэбіўся ўсяго адзін раўнд. Сваіх сябровак падтрымалі ўпэўненым пераможным выступленнем Аліна Кірыленка, Яна Трацэўская і Вікторыя Мандрык.

    — Па сутнасці, дзяўчаты і прынеслі рашаючыя ачкі нашай камандзе, — з радасцю паведаміў трэнер маладзечанцаў Сяргей Панцюхоў. — Дзякуючы ім зборная заняла першае месца. Хачу адзначыць і хлопцаў — Паўла Масальскага, Аляксандра Гісіча, До В’ет Зунга, Данііла Завяртанага, якія ў цяжкіх паядынках таксама адстаялі тытул чэмпіёнаў.        

    Думкі ўслых

    — Мы ўпершыню не толькі ў Маладзечне, але і ў Беларусі, — расказаў трэнер казахстанскай дружыны Мухітдзін Маюфі. — Лічу, што другое каманднае месца, якое мы занялі на гэтым турніры, — гэта поспех. З сабой вязём трынаццаць медалёў, сем з якіх залатыя і чатыры сярэбраныя. Думаю, цяпер будзем прыяз-джаць часцей. Турнір спадабаўся сваёй арганізацыяй і ўзроўнем падрыхтоўкі ўдзельнікаў. У гора-дзе Тараз, адкуль мы прыехалі, таксама вельмі папулярныя спаборніцтвы па ушу. Праводзяцца турніры як сярод аматараў, так і прафесіяналаў. Спадзяюся, што цяпер і маладзечанскія спарт-смены будуць прыязджаць да нас.

    — Я ў Маладзечне не першы раз, — сказаў трэнер расійскай каманды з горада Галіч Кастрамской вобласці Уладзімір Старых. — Турнір падабаецца тым, што ў ім заўсёды ўдзельнічае шмат маладых, перспектыўных спартсменаў. Гэта пераканаўча сведчыць аб папулярнасці ўсходніх адзінаборстваў у вашым горадзе і Беларусі ўвогуле. Стараюся таксама прывозіць сюды моладзь, каб вучыліся, пераймалі вопыт.

    Задаволеныя вярталіся дамоў і спартсмены з Валгаграда, якія дэбютавалі на маладзечанскім турніры. На рахунку гэтай каманды сем узнагарод. Хаця і няблізкі шлях ад гераічнага горада на Волзе да Маладзечна, госці і надалей настроены падтрымліваць сяброўскія сувязі і ўдзельнічаць у спаборніцтвах.

    Быць заўсёды ў форме!

    Маладзечанскі міжнародны турнір па ушу памяці Дзмітрыя Гвішыані з кожным годам пашырае кола ўдзельнікаў. Ды і на іншых спаборніцтвах пазмагацца з нашымі хлопцамі і дзяўчатамі на рынгу і татамі лічаць за гонар аматары ўсходніх адзінаборстваў з многіх гарадоў і краін. Трэнерскі калектыў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы раённай прафсаюзнай арганізацыі работнікаў АПК робіць усё магчымае, каб маладзечанцы годна прадстаўлялі наш край на розных турнірах. Толькі вось прыгожых касцюмаў, каб дастойна выглядаць сярод іншых на ўрачыстых адкрыцці і закрыцці спаборніцтваў, атрыманні ўзнагарод, у каманды, на жаль, няма. Гэта, дарэчы, заўважылі і госці. Хочацца спадзявацца, што раённая прафсаюзная арганізацыя нарэшце зверне на гэты факт увагу і прыме ўсе меры, каб ужо на бліжэйшых спаборніцтвах наша каманда выглядала ва ўсіх адносінах прыгожа.

    Дарэчы, па словах арганізатараў, ёсць надзея, што турнір памяці Д. Гвішыані неўзабаве будзе ўключаны ў каляндар Міжнароднай федэрацыі ушу.

    Фота: Вячаслаў ТАБУЛІН.

    Автор: Вячаслаў ТАБУЛІН.Маладзечанская газета

Комментарии (0)