29 Марта, 2024 Пятница

Пружанские пловцы успешно выступают на соревнованиях «Старты надежд»

  • 12 апреля 2018 Спорт Беларуская 0

    У Брэсце прайшоў II этап абласных спаборніцтваў па плаванні «Старты надзей», які сабраў пад сваімі сцягамі самых лепшых юных плыўцоў Брэстчыны. Адметна, што сярод іх апынуўся і наш пружанскі спартсмен.

    Уладзіслаў Макарэвіч, вучань 7 класа СШ №5, заняў I месца на дыстанцыі 400 м вольным стылем у сваёй узроставай катэгорыі (2005 г.н.).

    У той жа дзень хлопчык прымаў удзел у турніры «Зімовы спрынт» у Кобрыне, прысвечаным чарговаму юбілею Кобрынскай ДЮСШАР, і заняў першыя месцы на дыстанцыі 50 м (у розных стылях) і ў вольнай эстафеце 4х50 (у камбінаванай эстафеце наша каманда была другой). На наступны дзень Улад быў першым па ўсіх відах плавання ў комплексе на 100 метраў. А нядаўна на Адкрытым міжнародным турніры, прысвечаным Дню абаронцаў Айчыны (г. Брэст), юны плывец заняў III месца на дыстанцыі 200 м батэрфляем.

    — Працавітасці хлопца і яго сур’ёзным адносінам да трэніровачнага працэсу можна толькі пазайздросціць! — трэнер Сяргей Аляксандравіч Каляда пракаментаваў поспех юнака, які займаецца плаваннем ужо сем гадоў. — Улад сапраўды любіць гэты від спорту і невыпадкова мае вялікі аўтарытэт у камандзе. У перспектыве я бачу Макарэвіча сярод выхаванцаў вышэйшага звяна школы алімпійскага рэзерву.

    Спадзяёмся, што перспектыва гэтая недалёкая: з улікам таго, што яшчэ на першым этапе «Стартаў» Улад заняў II месца на дыстанцыі 200 м брасам і III месца — на той жа дыстанцыі на спіне, па суме набраных балаў пружанскі плывец на сённяшні дзень лідзіруе сярод спартсменаў, якія прымаюць удзел у гэтых абласных спаборніцтвах. Пажадаем яму поспехаў на наступных сямі этапах «Стартаў надзей», фінал якіх адбудзецца ў снежні. Сем футаў пад кілем табе, Улад!

    Дарэчы, астатнія члены каманды, якія таксама прымалі ўдзел у спаборніцтвах, дасягнулі выдатных вынікаў. Дзяўчынкі занялі I месца ў эстафеце 4х50 вольным стылем і II месца ў камбінаванай эстафеце. Дар’я Люсцібер заняла II месца ва ўсіх дысцыплінах на дыстанцыі 50 метраў (у плаванні брасам яна стала трэцяй). Аліна Жорах стала першай у плаванні на спіне, у вольным стылі і батэрфляі, а Анастасія Таран — трэцяй у батэрфляі на той жа дыстанцыі

    50 м.

    На здымку: Уладзіслаў Макарэвіч (СШ № 5), Дар’я Люсцібер (СШ № 5), Аліна Жорах (СШ № 1) і Анастасія Таран (Слабадская СШ).

    Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.

    Автор: Алена ЗялевічРаённыя будні

Комментарии (0)