Супрацоўнікі адной з банкаўскіх структур раёна сумесна з супрацоўнікамі міліцыі высвятляюць абставіны і праводзяць праверку па факце падману асобай цыганскай нацыянальнасці жыхаркі Івацэвічаў. Першапачаткова сітуацыя выглядае наступным чынам: заезджая цыганка яшчэ ў 2014-м годзе змагла запэўніць жанчыну ў тым, што тая з’яўляецца ахвярай сурокаў, таму, калі іх не зняць, распадзецца сям’я, цяжкія выпрабаванні лягуць на дзяцей. Жанчына “купілася” на гэтыя папярэджанні, стала “супрацоўнічаць” з цыганкай.
Па папярэдніх даных, жанчына перадала за гэтыя тры гады “лекарцы” каля 100 мільёнаў (тут і далей недэнамінаваных) рублёў. Ёй прыйшлося нават браць крэдыты ў банку на гэтыя мэты, але выплачванне значных сум стала непасільнай ношай, пачаліся затрымкі, за справу ўзяліся супрацоўнікі банка, у ходзе разбіральніцтваў высветлілася, што менавіта “сурокі” сталі першапрычынай запатрабаванасці грашовых сродкаў. Міліцыя праводзіць праверку па дадзеным факце.
Яшчэ два абуральныя выпадкі з “цыганскай серыі”. У адну з вёсак раёна наведаліся перасоўныя гандляры, якія прапаноўвалі жыхарам сумна вядомыя коўдры, бо, відаць, акрамя цыган, ніхто іх прапанаваць вяскоўцам не можа. Адна з вясковых жанчын ужо намерылася купіць коўдру ў гандляркі, але ў апошні момант адмовілася, а грошы за тавар – 800 тысяч – паклала ў кішэню халата. Гэта не засталося па-за ўвагай цыганкі, якая тут жа прапанавала жанчыне прымераць камізэльку (жилет). Яе накінулі адразу на халат; папраўляючы адзенне з розных бакоў і нахвальваючы тавар, цыганка непрыкметна запусціла руку ў кішэню халата і выцягнула грошы. Толькі пасля таго, як гора-гандляры з’ехалі, жанчына спахапілася: прапалі грошы з кішэні халата! Гэтае злачынства ўжо раскрыта.
У другім выпадку некалькі цыганак наведаліся ў дом да бабулі, жыхаркі адной з вёсак раёна, папрасілі вады, бо адной з іх “стала кепска”. Шклянка халоднай вады “не дапамагла”: госці папрасілі ваду падагрэць, але і падагрэтая “не ратавала”, бо, як высветлілася, ”уратаваць” можа толькі шклянка салодкай вады. Пакуль састарэлая бабулька бегала са шклянкай то на кухню, то назад, адна з наведвальніц пранікла ў іншыя пакоі, знайшла 2,5 мільёна рублёў і скрала. Пасля чаго “хворай” раптам стала добра і група паспяшалася ў аўто, якое стаяла каля хаты… Гэты крадзеж пакуль не раскрыты.
У чарговы раз просім і звяртаемся да жыхароў раёна: не дапускайце ніякіх кантактаў з незнаёмымі асобамі, што пазванілі ці пастукалі вам у дзверы. Калі бачыце, што ў вёсцы з’явіліся асобы цыганскай нацыянальнасці, то адразу тэлефануйце па нумары 102. Звярну ўвагу, што на тэрыторыі Івацэвіцкага раёна не прапісана ніводная асоба цыганскай нацыянальнасці, а вось у Ружанах, у Слонімскім, Драгічынскім раёне іх пражывае нямала… А калі вас палохаюць нейкімі сурокамі, замовамі супраць вас, то ёсць сэнс расказаць аб гэтым максімальнай колькасці людзей, родзічам, лепш схадзіць да ўрача ці ў царкву, чым звязвацца з сумніўнымі асобамі, якія не столькі хочуць дапамагчы, колькі імкнуцца выцягнуць з вас грошы…
Вадзім ПАСТАЯЛКА, начальнік Івацэвіцкага РАУС.
Комментарии (0)