28 Марта, 2024 Четверг

Што можа прапанаваць зімовы турызм у Беларусі?

  • 14 декабря 2017 Общество Беларуская 0

    Для многіх звыкла сустракаць Новы год каля ёлкі, у кампаніі сямейнікаў ці сяброў, аднак ёсць і іншыя варыянты правесці зімовыя святы, напрыклад, набыць пуцёўку ці самім выправіцца ў падарожжа. Пра асаблівасці навагодняга беларускага турызму расказала генеральны дырэктар унітарнага прадпрыемства «Беларустурыст» — аднаго з тых, што займаюцца ўязным і ўнутраным турызмам, — Людміла Сянькоўская.

    — Зімовы сезон для турфірмаў пачынаецца яшчэ ў ліпені-жніўні. Самыя актыўныя продажы пуцёвак прыходзяцца на верасень, калі арганізацыі, што займаюцца рэкрэацыйнымі паслугамі, перадаюць дакладныя назвы праграм, іх апісанне і кошт удзелу ў мерапрыемствах. Вялікая папулярнасць у начных экскурсій па ўпрыгожанаму, пераднавагодняму Мінску і па іншых буйных гарадах. У Віцебску спецыяльна для турыстаў адчыняюць краму, каб тыя маглі купіць сувеніры ў апошнія гадзіны старога года. «Беларустурыст» не часта працуе з асобнымі вандроўнікамі, большасць маршрутаў разлічана на групы. На гэты момант на навагоднія святы ўсе месцы ў гасцініцах і на турбазах ужо прададзеныя, ідуць апошнія дні, калі людзі ўносяць плату за забраніраваныя месцы.

    — Наколькі камфортна дабірацца да турыстычных аб'ектаў па зімовых дарогах?

    — Непасрэдна ў нас праблем з транспартам няма. Калі гаварыць пра прыдарожны сэрвіс, то ўздоўж асноўных трас па Беларусі дастаткова месцаў для адпачынку. Наладжана абслугоўванне на заправачных станцыях, па ўзроўні іх можна параўнаць нават з еўрапейскімі стандартамі. Гэтым Беларусь у добры бок адрозніваецца ад іншых краін постсавецкай прасторы. Вандроўнікі маюць магчымасць схадзіць у прыбіральню, выпіць кавы, з'есці бутэрброд, круасан, а то і традыцыйны дранік. Да турбаз, якія размешчаны ў лясах, таксама арганізуецца заезд.

    — Апошнім часам у Беларусі з'явілася многа мясцін, якія прасоўваюць уласны навагодні «брэнд», напрыклад, у палескага Дзеда Мароза з'явіўся канкурэнт з Прыдзвіння — Зюзя Паазерскі. Наколькі ахвотна людзі выбіраюць новыя маршруты?

    — Багацце навагодніх праграм дазваляе адзначаць свята ў сваёй мясцовасці. Не ўсе маюць час, сродкі ці ахвоту выбірацца ў іншую вобласць да зімовага чараўніка. А калі такі «дзядуля» побач і пры гэтым арганізатары пастараліся з праграмай, надалі мерапрыемству самабытнасці, то свята толькі набудзе станоўчых рысаў. Адзінае — хочацца пажадаць мясцовым арганізатарам трымацца высокага ўзроўню. Цяпер нават у невялікай сядзібы ёсць шанц заявіць пра сябе, прарэкламавацца ў інтэрнэце. Важна не сапсаваць адпачынак і не пашкодзіць уражанню ад краіны, калі праграма падрыхтавана для замежнага турыста. На жаль, сёння арганізацыя свят адбываецца даволі хаатычна, інакш кажучы, кожны ладзіць мерапрыемства «па меры магчымасцяў». На маю думку, ёсць сэнс зрабіць цэнтралізаваны падыход, сертыфікаваць сцэнарыі, калі іх мяркуюць паказваць перад гасцямі.

    — Усё часцей да нас завітваюць групы турыстаў з далёкага замежжа. Якая сітуацыя з перакладчыкамі і гідамі, здольнымі весці экскурсію на замежнай мове?

    — Тут ёсць пэўныя цяжкасці. Для спецыялістаў такога ўзроўню патрэбна падрыхтоўка — не толькі дасканалае веданне мовы, але і ўменне цікава выкладаць матэрыял экскурсіі. Гіды-перакладчыкі кожныя пяць гадоў праходзяць атэстацыйную праверку. Сёння поўнасцю працаваць на англійскай мове могуць 30 гідаў, на французскай, нямецкай — напалову менш, сямёра валодаюць іспанскай, і нядаўна атэставалася пяць чалавек, якія размаўляюць на кітайскай. Цікава, што многія групы, напрыклад, з Кітая, Карэі, В'етнама не хочуць, каб экскурсію адразу вялі на іх мове. Ім камфортней скарыстацца паслугай перакладчыка са свайго боку.

    — Ці ёсць у замежнага турыста магчымасць самастойна знаёміцца з Беларуссю?

    — У сувязі з бязвізавым пяцідзённым уездам у Беларусь мы распрацавалі асаблівы маршрут для іншаземцаў. Канешне, нам як аператарам у будучым хацелася б большы тэрмін «бязвізу». Пяць дзён разам з прыездам і выбыццём — гэта толькі тры паўнавартасныя дні на знаёмства з краінай. Таму сёлета пераважаў бізнес-турызм, калі чалавек прыязджаў да нас па справах і як дадатак аглядаў культурныя, гістарычныя помнікі. Такім чынам абсалютная большасць гасцей заставалася ў Мінску, да дальніх рэгіёнаў фізічна не хапала часу даехаць. Што датычыцца «бязвізу» на тэрыторыі Гродна і Аўгустоўскага канала, на мой погляд, там карысць ад бязвізавага рэжыму была самая заўважная.

    Для вандроўнікаў, якія перасякаюць нашу краіну транзітам, распрацаваны спецыяльныя карты на англійскай і рускай мовах. Яны дазваляюць самастойна спланаваць маршрут. Напрыклад, на «англійскай» карце прадстаўлена

    18 маршрутаў, на адваротным баку аркуша надрукавана іх апісанне, спіс гатэляў і турбаз побач, план Мінскага метрапалітэна. Чаму карты адрозніваюцца паміж сабой? Гэта звязана з інтарэсамі гасцей. Расіяне заўсёды цікавяцца тэматыкай Вялікай Айчыннай вайны, а еўрапейскія госці — эпохай Напалеона і перыядам Першай сусветнай вайны.

    — У якім кірунку сёння развіваецца навагодні турызм? Для беларусаў гэта па-ранейшаму традыцыйнае свята, ці цяпер людзі жадаюць нязвыклага адпачынку?

    — Усё залежыць ад катэгорыі, да якой адносяцца нашы турысты. Моладзь з задавальненнем выпраўляецца

    ў горы катацца на лыжах, дзеці да 15 гадоў абавязкова чакаюць падарункаў пад ёлкай і казачных персанажаў. Людзі, якія хочуць традыцыйнага свята, але з новым напаўненнем, едуць у госці да Балотніка ў Бярэзінскі запаведнік, на Віцебшчыну да Зюзі Паазерскага ці ў Школу паласатых эльфаў — сядзібу пад Мінскам, дзе маленькія госці ўласнаручна ўпрыгожваюць пернікі, якія потым забіраюць з сабой. Аматары бясконцых снежных прастораў могуць пакатацца на сабачай запрэжцы і пажыць у юрце — такую паслугу прапануе адна з сядзіб побач з Барысавам.

    Але і Дзеда Мароза ў Белавежскай пушчы забываць не след. Гэта наша класіка і на наведванні рэзідэнцыі завязаны заездны турызм. Сёння Дзядуля з Белавежы ўваходзіць у пяцёрку самых лепшых Дзедаў Марозаў свету. А гэта, што ні кажы, прыемна.

    Автор: Вераніка Пуставіт, Рагнеда ЮргельЗвязда
    Теги: 

Комментарии (0)