20 Апреля, 2024 Суббота

Не сядзяць без справы

  • 18 января 2018 Общество Беларуская 0

    Па даных спецыялістаў Белгідраметэацэнтра, гэты снежань выдаўся анамальна цёплым. Сярэдняя тэмпература была вышэйшая за кліматычную норму на 3,9 градуса. Такое зусім не зімовае надвор’е прыносіць непрыемныя сюрпрызы ратаўнікам на вадаёмах.

    — Калі ў пачатку сезона на рэках і азёрах становіцца лёд і стаіць да канца зімы, гэта заўсёды бяспечней, чым скачкі тэмпературы і тонкая скарынка на вадзе, — гаварыў начальнік выратавальнай станцыі ў Паставах Д. В. Жураў. — Многія грамадзяне не задумваюцца над тым, чым можа закончыцца выхад на тонкі лёд, і рызыкуюць сваім жыццём. Так, 25 снежня на возеры каля вёскі Мажэйкі ўтапіўся жыхар Мінска, які вудзіў рыбу. Трагедыі маглі здарыцца і на Мядзелцы. Там у канцы снежня нам даводзілася здымаць рыбакоў з лёду разам з супрацоўнікамі раённых аддзелаў унутраных спраў і па надзвычайных сітуацыях.  

    Па словах Дзмітрыя Віктаравіча, праблема яшчэ і ў тым, што, гледзячы на рыбакоў, на слабы лёд выходзяць іншыя пастаўчане, і ў прыватнасці дзеці. Асабліва часта выпрабоўваюць яго трываласць вучні СШ №2, ідучы з заняткаў дамоў. Іх пастаянна даводзіцца папярэджваць. Перыядычна ў гэту і астатнія школы горада і раёна, а таксама на прадпрыемствы выязджае старшыня раённай арганізацыі Таварыства выратавання на вадзе А. Г. Іўко, каб правесці растлумачальную работу.

    Не сядзяць без справы і работнікі выратавальнай станцыі. Акрамя кругласутачнага дзяжурства на Мядзелцы, яны сумесна з прадстаўнікамі РАНС ажыццяўляюць маніторынг найбольш папулярных у насельніцтва раёна вадаёмаў, у пачатку лёдаставу размяшчаюць у магазінах, аптэках, аддзяленнях паштовай сувязі, на рынках і ў іншых людных месцах лістоўкі і плакаты прафілактычнай тэматыкі. Два-тры разы ў тыдзень праводзяць трэніроўкі гатоўнасці прыйсці на дапамогу пацярпелым у зоне адказнасці станцыі. У прыватнасці, сваё майстэрства шліфуюць вадалазы: пагружаюцца ў Мядзелку і  адточваюць адзін са спосабаў выратавання чалавека, які топіцца.

    — Калектыў у нас з’яднаны, вопытны, — расказваў Дзмітрый Віктаравіч. — Самы малады яго прадстаўнік працуе больш за 3 гады, астатнія — па 7-8 гадоў. Усяго ў штаце 13 чалавек: акрамя мяне, 4 матарысты, столькі ж вадалазаў, 2 матросы і 2 медыкі. Добра ўкамплектаваны мы і з тэхнічнага боку: маем неабходную вадалазную і выратавальную амуніцыю, вырашаецца пытанне з набыццём новага аўтамабіля.

    Дзякуючы прафесіяналізму работнікаў станцыі і яе тэхнічнай аснашчанасці, у мінулым годзе былі выратаваны з вады трое чалавек, у тым ліку двое дзяцей. Жыцці чацвярых грамадзян, большасць з якіх знаходзіліся ў нецвярозым стане, абарваліся на вадаёмах раёна.

    — Раней тапельцаў было 8-9 чалавек за год, — працягваў мой суразмоўца. — Прычына змяншэння колькасці загінулых — даволі халоднае лета, калі не так часта можна купацца. Пэўныя вынікі прыносіць таксама прафілактычная работа.

    Вось і цяпер Д. В. Жураў прасіў папярэдзіць праз газету рыбаловаў, каб яны не выходзілі на лёд, таўшчыня якога менш за 7 сантыметраў (наконт гэтага існуе адпаведнае распараджэнне аблвыканкама). Не адпраўляліся на падлёдную рыбалку па адным, не адыходзілі далёка ад берага, пры сабе мелі выратавальную камізэльку і вяроўку. Што датычыць бацькоў непаўналетніх, яны павінны сачыць за тым, дзе і чым займаюцца дзеці, пастаянна папярэджваць іх аб небяспецы выхаду на лёд.

    Тэкст і фота Алены ШАПАВАЛАВАЙ.

    На фота: Вадалаз 3-га класа Алег Сяргеевіч Власаў і матарыст рулявы Іван Міхайлавіч Краўчанка.

    Автор: Алена ШапавалаваПастаўскі край
    Теги: 

Комментарии (0)