08 Мая, 2024 Среда

Пастаўскія ваенныя прадаўжаюць лепшыя традыцыі

  • 21 февраля 2018 Общество Беларуская 0

    Напярэдадні стогадовага юбілею Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь карэспандэнт «ПК» гутарыць з намеснікам камандзіра батальёна — начальнікам 1-га радыётэхнічнага цэнтра 2289-га асобнага радыётэхнічнага батальёна 49-й радыётэхнічнай брыгады ваенна-паветраных сіл і войск супрацьпаветранай абароны А. М. Дубовікам.

    — Аляксей Міхайлавіч, прапаную пачаць гутарку з невялікага экскурсу ў гісторыю.

    — Цалкам згодны, тым больш што нядаўняе мінулае Пастаў цесна звязана з ваеннаслужачымі. У нашым горадзе некалькі дзесяцігоддзяў дыслацыраваліся ваенныя авіятары і ракетчыкі. Сёння годнымі прадаўжальнікамі іх традыцый з'яўляюцца прадстаўнікі раённага ваеннага камісарыята і нашага цэнтра. Гісторыя фарміравання апошняга пачалася ў 1975-м, але за адлік утварэння ўзяты 1996 год, калі падраздзяленне з-пад Варапаева перамясцілася ў Паставы і першага лістапада таго ж года заступіла тут на першае баявое дзяжурства.

    — Што сабой уяўляе падраз­дзяленне сёння?

    — У цэнтры служаць каля 100 чалавек. Прыкладна 70% ваеннаслужачых — па кантракце. Увесь асабовы склад рэгулярна павышае прафесійнае майстэрства на тактыка-страявых занятках, тактычных вучэннях і камандна-штабных трэніроўках. Самыя маштабныя за апошнія пяць гадоў гэта вучэнні «Чыстае неба» і «Захад-2017», вучэнні на расійскім палігоне «Ашулук», камандна-штабныя вучэнні Узброеных Сіл Беларусі. Па выніках работы за год наш цэнтр на працягу апошніх гадоў утрымлівае лідзіруючыя пазіцыі сярод аналагічных падраздзяленняў 49-й брыгады. Цесна ўзаемадзейнічаем з мясцовымі органамі ўлады і многімі раённымі арганізацыямі, з'яўляемся шэфамі сярэдняй школы №3.

    — Якія задачы стаяць перад вайскоўцамі 1-га радыётэхнічнага цэнтра?

    — Галоўнай і нязменнай задачай з'яўляецца кантроль за парадкам выкарыстання паветранай прасторы і перасячэннем Дзяржаўнай граніцы Беларусі паветранымі суднамі. Дзякуючы зла­джанай рабоце і добрасумленным адносінам да выканання службовых абавязкаў усіх ваеннаслужачых падраздзялення, выконваецца яна паспяхова. Пры дапамозе радыёлакацыйных станцый і радыёвышынямераў штодня суправаджаецца да трохсот цэляў.

    — Рэспубліканскія СМІ часта расказваюць пра новыя ўзоры тэхнічнага аснашчэння Узброеных Сіл краіны. А як з гэтым справы ў вас?

    — Безумоўна, мы таксама не выключэнне. На ўзбраенне цэнтра пастаянна паступае новая і мадэрнізаваная тэхніка. Яна дазваляе адпавядаць сучасным патрабаванням і павялічваць баяздольнасць. Адна з нашых апошніх навінак — лічбавая радыёлакацыйная станцыя П-18БМА айчыннай мадыфікацыі. Яна ў аўтаматычным рэжыме вя­дзе разведку, выяўляе цэлі, распазнае і суправаджае іх, што значна павысіла баявыя магчымасці цэнтра.

    — Ведаю, што мадэрнізацыя тычыцца не толькі тэхнікі…

    — Так. У верасні мінулага года ў падраздзяленні адбыўся перавод салдацкай сталовай на баланс рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Гандлёва-вытворчае ўпраўленне пры Міністэрстве абароны». Гэта дазволіла вызваліць асабовы склад ад нарадаў па сталовай, што пайшло на карысць баявой падрыхтоўцы, паспрыяла павелічэнню колькасці страў у меню вайскоўцаў. А на гэтым тыдні ў памяшканні сталовай адкрыўся яшчэ і буфет.

    — Вашы пажаданні з нагоды свята?

    — Віншую ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны і Узброеных Сіл, удзельнікаў лакальных войнаў, цяперашніх і былых ваеннаслужачых 1-га радыётэхнічнага цэнтра з юбілейнай датай! Вы не толькі аддалі сябе выкананню воінскага абавязку, але і ўнеслі значны ўклад у развіццё раёна. Жадаю моцнага здароўя, аптымізму, шчасця і мірнага неба.

    Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧФота аўтара

    Автор: Вераніка ФілановічПастаўскі край

Комментарии (0)