28 Марта, 2024 Четверг

Жыццё, любоў і веру падарыла

  • 06 марта 2018 Общество Беларуская 0

    Як вам падабаецца сям'я з 29 чалавек? Не верыцца, што цяпер такія бываюць? А дарэмна. У Юзэфы Іванаўны Раманоўскай з вёскі Навасёлкі-1 пяць дачок і столькі ж зяцёў, сын і нявестка, пятнаццаць унукаў і адзін праўнук.

    Зразумела, што жывуць яны не пад адным дахам і носяць не аднолькавае прозвішча, але гэта сям'я, адзін род, пачатак якому дала яна, Юзэфа Іванаўна.

    — Хаця і не была шчаслівай у замужжы, — прызнаецца жанчына, — але дзяцей вельмі любіла, таму і нараджала.

    Гадаваць іх давялося адной. Старэйшай дачушцы ішоў адзінаццаты, меншанькай споўнілася ўсяго паўтара годзіка, калі раптоўна памёр іх тата. Пасля пахавання блізкія ўгаворвалі аформіць дзяцей у інтэрнат. «Лепш пайду жабраваць, але дзяцей не аддам», — заявіла рашуча. На той час яна жыла з імі ў адной з літоўскіх вёсак і працавала на ферме. Але пайшлі чуткі, як пазней высветлілася, беспадстаўныя, што работа ў саўгасе (а там быў саўгас) не бу­дзе залічвацца ў стаж. Трэба было шукаць выйсце, і Ю. І. Раманоўская звярнулася да старшыні калгаса імя Суворава А. А. Валодзькі, які ў свой час разам з яе мужам вучыўся ў школе.

    — Усё жыццё буду дзякаваць Алегу Адольфавічу і маліцца за яго здароўе, — казала Ю. І. Раманоўская. — Прыняў у гаспадарку, даў у Навасёлках кватэру, работу. Старэйшыя дзеці пайшлі ў школу, малодшыя — у садок.

    Яна працавала многа і цяжка, увесь час — у жывёлагадоўлі. Даглядала цялятак, была даяркай, свінаркай. Ішла туды, дзе была патрэбная і дзе магла больш зарабіць. Трымала вялікае ўласнае падвор'е. Недасыпала, недаядала, але дзяцей ставіла на ногі. А яны былі яе першымі памочнікамі.

    — Усе выраслі працавітыя, — узгадвае маці. — А вось вучыцца не любілі. Ні ў інстытут, ні ў тэхнікум паступаць не пажадаў ніводны. Чацвёра закончылі Пастаўскае СПТВ. Зараз ва ўсіх рабочыя прафесіі. Галя, Дана і Іра працуюць на «Беліце», Яня — на малаказаводзе, Валя — на робатызаванай ферме ў Хацілах, Валера — на прыватным прадпрыемстве ў Мінску.

    Ва ўсіх дзяўчат Раманоўскіх, а ў замужжы Таяновіч, Радзюш, Танана, Гінявец, Фярковіч, і ў іх брата добрыя сем'і, па двое, трое, чацвёра дзяцей. Старэйшы ўнук Юзэфы Іванаўны Максім, які жыве ў Мінску, ужо жанаты і мае сыночка Андрэйку. «Прырастае наша сям'я», — цешыцца прабабуля. — Летам чакае яшчэ адна радасная падзея — вяселле ўнучкі".

    Уяўляеце, колькі родных людзей збіраецца разам на такіх урачыстасцях? Або колькі віншаванняў атрымлівае Юзэфа Іванаўна 8 Сакавіка, у Дзень маці, на Каляды, Вялікдзень, у свой дзень нараджэння! «А летась на Новы год да мяне нават Дзед Мароз прыходзіў, — з усмешкай узгадвае жанчына. — І ведаеце, што прынёс? Чатырохкамфарную газавую пліту. Мяне не было дома — гасцявала ў дачкі ў Паставах. Вярнулася — а ў кватэры ўстаноўлена новенькая пліта. Гэта ўсе дзеці скінуліся і зрабілі такі падарунак. І ўвогуле шануюць мяне і дзеці, і ўнукі, а я малюся за іх здароўе і шчаслівую будучыню».

    Безумоўна, усім шасцярым яе жыццёвым парасткам помніцца дзяцінства. «Якім яно было?» — пытаюся ў адной з дачок — Яніны Казіміраўны Радзюш. «Самым шчаслівым! — чую ў адказ. — Нас жа многа, і ўсе дружныя. Хапала часу і папрацаваць, і пагуляць. Дапамагалі маме на ферме. Упраўляліся дома і ў хляве. Бачылі, як стамляецца, таму стараліся зрабіць як найбольш, каб яна магла хоць крыху адпачыць. Бязмежна ўдзячная маме за тры галоўныя рэчы: дар жыцця, любоў і веру ў Бога». Потым тэлефонную трубку ўзяла ад маці адзінаццацікласніца Марыя. «У нас міравая бабуля! — з захапленнем гаварыла дзяўчына. — Яна была нам і за бабулю, і за дзядулю. Адным крылом ахінала дзяцей, другім — нас, унукаў. Заўсёды была на нашым баку. Мы ўсе яе вельмі любім».

    Не сумняваюся, што пад гэтымі словамі маці і дачкі Радзюш падпісаліся б усе дзеці і ўнукі Юзэфы Іванаўны.

    Фаіна КАСАТКІНА

    Автор: Фаіна КасаткінаПастаўскі край

Комментарии (0)