26 Апреля, 2024 Пятница

Стварыць адну школу для розных дзяцей

  • 13 марта 2018 Общество Беларуская 0

    У апошні час, калі гаворка заходзіць пра адукацыю, з вуснаў педагогаў, і не толькі іх, можна пачуць такі тэрмін, як інклюзія. Прыйшоў ён да нас з лацінскай мовы і ў перакладзе на беларускую азначае "ўключэнне".

    Не падстройваць, а падстройвацца

    Само паняцце інклюзіі для большасці заходніх краін не новае: там яна даўно набыла шырокае распаўсюджванне. Існуюць нават цэлыя інклюзіўныя школы, дзе побач са здаровымі дзецьмі навучаюцца хлопчыкі і дзяўчынкі з інваліднасцю, для якіх створаны ўсе ўмовы, каб яны маглі адчуць сябе паўнапраўнымі членамі калектыву, задаволіць свае сацыяльныя і адукацыйныя патрэбы. Інакш кажучы, школа сама падстройваецца пад такое дзіця, а не наадварот, як пакуль адбываецца ў нас. У беларускай, таксама як і ў расійскай, сістэме адукацыі пераважае інтэграцыя, калі патрэбы дзяцей з фізічнымі і псіхічнымі парушэннямі прыводзяцца ў адпаведнасць з гэтай самай сістэмай, якая застаецца для іх непрыстасаванай і нязменнай.

    — Сёння перад педагогамі стаіць задача — арганізаваць адукацыйны працэс для ўсіх катэгорый дзяцей, у тым ліку з асаблівасцямі развіцця, бежанцаў, прадстаўнікоў нацыянальных меншасцей і інш., — гаварыла Іна Іванаўна Краўчук, дырэктар раённага Цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, куды я завітала, каб пагутарыць на да­дзеную тэму. — Сказаць, што гэта не робіцца зараз, нельга. Але ёсць невялікая розніца: мы павінны падрыхтаваць такое асяроддзе, якое дапаможа розным дзецям суіснаваць у адной адукацыйнай прасторы. Пад асяроддзем маецца на ўвазе не столькі матэрыяльны складальнік, колькі пералом у свядомасці кожнага чалавека, прыняцце і талерантнасць.

    Загадам Міністэрства адукацыі краіны зацвер­джана Канцэпцыя развіцця інклюзіўнай адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь на перыяд 2016—2020 гадоў. На першым этапе пасля яе прыняцця распрацоўвалася нарматыўна-прававое і навукова-метадычнае забеспячэнне, рыхтаваліся кадры. Гэта работа працягваецца і зараз: праводзяцца навуковыя даследаванні, праходзяць павышэнне кваліфікацыі спецыялісты, якія працуюць у інтэграваных класах. Разам з тым мы ўшчыльную наблізіліся да другога этапа рэалізацыі Канцэпцыі, калі асобныя ўстановы будуць ажыццяўляць інклюзіўную адукацыю.

    На сённяшні дзень у Віцебскай вобласці існуюць дзве эксперыментальныя пляцоўкі — у абласным цэнтры і Наваполацку, — дзе ёсць інклюзіў­ныя класы. Паступова колькасць устаноў з імі будзе павялічвацца. Такія класы з'явяцца ва ўсіх вялікіх і малых гарадах. Услед за планам Міністэрства адукацыі аб рэалізацыі названай вышэй Канцэпцыі на Пастаўшчыне распрацаваны раённы план. У адпаведнасці з ім, вызначаны апорныя школы, у якіх могуць быць ад­крыты інклюзіўныя класы. Але выбар адукацыйнага маршруту — інтэграцыі або інклюзіі — застанецца за бацькамі.

     Інклюзіўны цэнтр

    Так з поўным правам можна назваць згаданы вышэй Цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі. Ён не толькі 17 гадоў працуе з асаблівымі дзецьмі, але і ажыццяўляе метадычнае забеспячэнне школ і дзіцячых садоў, якія наведваюць хлопчыкі і дзяўчынкі з псіхічнымі і фізічнымі парушэннямі, аказвае ім кансультацыйную і сацыяльна-педагагічную дапамогу. А цяпер яшчэ і каардынуе дзейнасць усіх устаноў адукацыі пры пераходзе да інклюзіі, рыхтуе свядомасць людзей да таго, што побач ёсць асаблівыя дзеці і мы павінны праяўляць да іх цярпімасць, увагу і клопат.

    — Сёння на Пастаўшчыне пражываюць 263 дзіцяці з асаблівасцямі, якія маюць самыя розныя парушэнні — ад лёгкіх маўленчых да цяжкіх множных псіхічных і фізічных, — расказвала Іна Іванаўна. — Апошняя катэгорыя — асноўная, з кім мы працуем, для такіх дзяцей наш цэнтр арганізуе адукацыйны працэс. А ўсяго аказвае дапамогу 42 хлопчыкам і дзяўчынкам. Астатнія атрымліваюць яе ў інтэграваных класах школ або ў пунктах карэкцыйна-педагагічнай дапамогі. Яны створаны ў СШ №1 і №3, дзіцячых садах №1, №4 і №5 у Паставах, а таксама ў Варапаеве, Лынтупах і Дунілавічах. Заўважу, што рознымі ві­дамі карэкцыйна-педагагічнай дапамогі ў нашым раёне ахоплены 100 працэнтаў асаблівых дзетак, і гэта не можа не радаваць.

    На сённяшні дзень у Пастаўскім раёне пражываюць 263 дзіцяці з асаблівасцямі, якія маюць ад лёгкіх маўленчых да цяжкіх множных псіхічных і фізічных парушэнняў. Усе яны ахоплены рознымі відамі карэкцыйна-педагагічнай дапамогі.<hr />

    З 42 выхаванцаў цэнтра 10 навучаюцца ў спецыяльным класе. Наведваюць яго дзеці рознага ўзросту і з рознымі псіхафізічнымі асаблівасцямі. Для некаторых складзена індывідуальная праграма навучання па прычыне іх асаблівасцей і актуальнага ўзроўню развіцця. Пяцёра дзяцей з класа па медыцынскіх паказаннях навучаюцца дома, таксама як і трое дашкольнікаў. Двум дзеткам ва ўзросце да 3 гадоў аказваецца ранняя дапамога. Астатнім — карэкцыйная. Па яе прыхо­дзяць хлопчыкі і дзяўчынкі з розных школ і садкоў, дзе няма, напрыклад, дэфектолага. Калі ж гаварыць пра арганізацыю вучэбнага працэсу ў цэнтры, то тут з дзецьмі працуюць тры настаўнікі-дэфектолагі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог, выхавальнік і памочнік выхавальніка. Па ўсіх напрамках дзейнасці абсталяваны адпаведныя кабінеты, у якіх маецца ўсё неабходнае для правя­дзення заняткаў.

    — На працягу некалькіх гадоў мы ўзаемадзейнічалі з міжнародным грамадскім аб'яднаннем «Валюнтас», — працягвала І. І. Краўчук. — Яно дапамагло стварыць рэсурсны цэнтр для дзяцей з аўтыстычным спектрам развіцця — набыць частку дыягнастычнага, карэкцыйнага абсталявання, развіваючыя гульні рознай накіраванасці. Таксама ў нас ёсць поўны пакет методык, якія прадугледжаны для дыягностыкі дзяцей з асаблівасцямі. Наладжана вельмі цеснае ўзаемадзеянне з паліклі­нікай, спецыялісты якой са згоды бацькоў накіроўваюць да нас дзяцей, калі бачаць праблему. Увогуле, мы ідзём за медыкамі. Яны выстаўляюць дыягназ, вызначаюць ступень цяжкасці псіхічнага або фізічнага парушэння. А наша задача — правільна прымяніць тую ці іншую методыку для таго, каб кампенсаваць або выправіць парушэнне.

    І гэта, па словах Іны Іванаўны, удаецца. Як і змяніць свядомасць лю­дзей. Бацькі, якія выхоўваюць асаблівых дзяцей, перастаюць іх саромецца, смялей паказваюць грамадству, адкрыта гавораць пра свае праблемы. Больш цярпімым да такіх дзетак стала і грамадства, што заўважна па тым, колькі людзей з катэгорыі індывідуальных прадпрымальнікаў і іншых нераўнадушных прапануюць цэнтру сваю дапамогу. «Калі раней я хадзіла ў прыватныя магазіны, на прадпрыемствы і прасіла дапамагчы, то цяпер яны ідуць да нас», — кажа І. І. Краўчук. А яшчэ ў нашым раёне з'явіліся дзве прыёмныя сям'і, якія ўзялі пад апеку трох асаблівых малышоў, прызнаных маючымі патрэбу ў дзяржаўнай абароне. І гэта яскравы прыклад руху ў бок інклюзіі.

    Алена ШАПАВАЛАВАФота аўтара

    Автор: Алена ШапавалаваПастаўскі край

Комментарии (0)