24 Апреля, 2024 Среда

Трохгадзінны дыялог

  • 28 марта 2018 Общество Беларуская 0

    На «прамую тэлефонную лінію», якую правёў у суботу старшыня райвыканкама Сяргей Чэпік, пазванілі дзевяць чалавек.

    Некалькі пытанняў насілі даведачна-інфармацыйны характар. У прыватнасці, кіраўнік раёна адразу ў ходзе «прамой тэлефоннай лініі» патлумачыў жыхарцы раёна, у якой 10 гадоў назад згарэў дом, магчымасці паляпшэння жыллёвых умоў. Жанчына з Камай цікавілася, чаму ў іх аграгарадку, у адрозненне ад іншых населеных пунктаў, райспажыўтаварыства не праводзіць акцыі, падчас якіх можна набываць прамысловыя тавары са сніжкай. А вось пенсіянерка з Пастаў прасіла пасадзейнічаць у правядзенні рамонту ў доме. Улічваючы, што яе муж — ветэран Вялікай Айчыннай вайны, Сяргей Чэпік паабяцаў, што просьба не застанецца без увагі. Жыхара Андрон хваляваў вываз смецця. Дарэчы, гэтая тэма рэгулярна закранаецца на «прамых тэлефонных лініях» старшыні райвыканкама. Чалавеку патлумачылі, што зараз пераглядаецца графік курсіравання транспарту ЖКГ, так што ўжо ў бліжэйшы час па гэтым населеным пункце пытанне вырашыцца. А вось паставіць тут дадатковыя кантэйнеры, як прапаноўваў нераўнадушны да чысціні аграгарадка мужчына, на жаль, не атрымаецца. Для гэтага патрэбна «кругленькая сума», якой у бюджэце ні раёна, ні жыллёва-камунальнай гаспадаркі няма.

    Астатнія пытанні, паступіўшыя на «прамую тэлефонную лінію» да старшыні райвыканкама, пастаўлены на кантроль, бо патрабуюць больш дэталёвага вывучэння і выканання пэўных відаў работ. Так, трэба разбірацца ў сітуацыі жанчыны, якая сумняваецца ў правільнасці налічэння зарплаты свайму мужу, што працуе ў ААТ «Сцяг Перамогі-агра». Неадназначна выглядае гісторыя 84-гадовай пенсіянеркі з вёскі Касцяні. Нягледзячы на тое, што ў яе змяніўся не адзін сацыяльны работнік, пакуль усё роўна не можа задаволіцца якасцю абслугоўвання. Яшчэ адзін званок да Сяргея Чэпіка паступіў ад пастаўчанкі, якая, нягледзячы на неаднаразовыя тлумачэнні розных кампетэнтных органаў, упэўнена, што пераплаціла лішнія грошы пры прыватызацыі жылля. Жыхарка Варапаева скар­дзілася на цьмянае святло ліхтара каля свайго дома.

    Апошняй на «прамую тэлефонную лінію» дазванілася пастаўчанка, якая са старшынёй райвыканкама падзялілася думкамі адносна таго, як можна зрабіць больш прывабнай тэрыторыю на ўездзе ў райцэнтр з боку 11-кіламетроўкі. Гэты тэлефонны зварот Сяргей Васільевіч ахарактарызаваў як надзвычай грунтоўны. Тым больш што многія канкрэтныя прапановы, якія прагучалі ў ім, якраз зараз прапрацоўваюцца, і ўжо ў бліжэйшы час камунальная служба прыступіць да іх рэалізацыі. А мы са свайго боку на старонках «Пастаўскага краю» яшчэ не раз абавязкова звернемся да гэтай тэмы, каб дэталёва расказаць пра перспектывы добраўпарадкавання нашага горада і раёна.

    Аналізуючы вынікі трохгадзіннай работы са зваротамі грамадзян, Сяргей Чэпік падкрэсліў, што ўвогуле такая форма работы дазваляе яму непрадузята паглядзець на сітуацыю ў раёне і выявіць слабыя месцы, на якія неабходна звярнуць увагу ў першую чаргу. 

    Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ

    Автор: Людміла ЗелянкевічПастаўскі край

Комментарии (0)