19 Апреля, 2024 Пятница

Дарогам таксама патрэбна ахова

  • 30 марта 2018 Общество Беларуская 0

    У нашай краіне вялікая ўвага надаецца стану аўтамабільных дарог. Значную шкоду ім наносіць цяжкавагавы і буйнагабарытны транспарт. Таму так важна сачыць, каб грузавыя аўтамабілі не перавышалі дапушчальную норму. Гэтым займаюцца пільныя супрацоўнікі транспартнай міліцыі. Пра асаблівасці сваёй прафесіі расказаў спецыяліст першай катэгорыі кантрольнага пункта-паста вагагабарытнага кантролю “Федзькавічы” Вадзім Федзюковіч.

    Усяго такіх пунктаў у нашай краіне чатыры. Адзін размешчаны якраз у Жабінкаўскім раёне – каля вёскі Федзькавічы.

    Усе аўтамабільныя дарогі Беларусі падзяляюцца на тры катэгорыі ў залежнасці ад таго, якую вагу яны могуць вытрымаць: 6 тон, 10 і 11,5. Цяжкавагавы і буйнагабарытны транспарт не мае права перамяшчацца па дарозе з большай агульнай масай і нагрузкамі на восі, чым прадугледжана заканадаўствам, без спецыяльнага дазволу. Ад такога ўздзеяння дарожнае пакрыццё разбураецца, што значна ўплывае на бюджэт краіны. Калі заканадаўства парушана, уладальнік аўтамабіля павінен кампенсаваць шкоду, а вадзіцель – заплаціць штраф. Кантроль за выкананнем законаў у галіне аўтамабільных перавозак і ёсць асноўны абавязак супрацоўнікаў аддзела вагагабарытнага кантролю транспартнай інспекцыі па Брэсцкай вобласці.

    Пост вагагабарытнага кантролю “Федзькавічы” – адзіны ў нашай вобласці стацыянарны кантрольны пункт. Яго супрацоўнікі працуюць кругласутачна. Кожная змена доўжыцца 12 гадзін. У гэты час на пасту дзяжураць чатыры чалавекі – старшы змены і спецыялісты.

    Усе аўтамабілі звыш васьмі тон праходзяць папярэдняе ўзважванне. Калі ў супрацоўнікаў пункта ёсць падазрэнні, што заканадаўства не выканана, транспартны сродак накіроўваецца на дадатковы кантроль. Калі выяўлена парушэнне, выпісваецца штраф.

    Як расказаў Вадзім Федзюковіч, такой сітуацыі лёгка пазбегнуць. Усе перавозчыкі абавязкова знаёмяцца з дзеючым у нашай краіне заканадаўствам. Неабходная інфармацыя заўсёды даступная для арганізатараў перавозак. Такім чынам, некаторыя з іх свядома парушаюць законы Рэспублікі Беларусь. Тут у справу і ўступаюць супрацоўнікі транспартнай міліцыі. Нават калі парушэнне было здзейснена з-за недастатковай інфармаванасці, то дзейнічае строгае правіла: няведанне законаў не вызваляе ад адказнасці.

    Яшчэ адзін важны абавязак спецыялістаў вагагабарытнага кантролю – сачыць за выкананнем вадзіцелямі рэжыму працы і адпачынку. Пагадзіцеся, кругласутачнае знаходжанне за рулём цяжкавагавога транспартнага сродку – нялёгкая задача! І калі б прыходзілася ўвесь час праходзіць вагагабарытны кантроль, то дарога істотна зацягвалася б. Таму, калі на працягу 28 дзён транспартны сродак ужо ўзважваўся, то вадзіцелю дазваляюць прадоўжыць рух без затрымак.

    Таксама на пасту “Федзькавічы” можна атрымаць міжнародны сертыфікат узважвання грузавых транспартных сродкаў. 16 красавіка 2004 года было падпісана “Пагадненне аб увядзенні міжнароднага сертыфіката ўзважвання грузавых транспартных сродкаў на тэрыторыях дзяржаў-удзельніц Садружнасці Незалежных Дзяржаў”. Гэтым краіны СНД стварылі адзіную транспартную прастору. Сертыфікат дазваляе спрасціць працэдуру перасячэння граніц, а таксама пазбегнуць шматразовага дадатковага ўзважвання на маршруце руху. Праўда, дадзеная паслуга платная, аднак істотна эканоміць час.

    Сам Вадзім Федзюковіч па адукацыі інжынер-механік, скончыў у 1994 годзе Брэсцкі політэхнічны інстытут. У транспартнай сферы з 2002-га, калі прыйшоў у пункт спагнання дарожных збораў па платных дарогах, які таксама размяшчаўся недалёка ад вёскі Федзькавічы. Пазней гэту сістэму аўтаматызавалі. З кастрычніка 2014 года Вадзім Іванавіч працуе на пасту вагагабарытнага кантролю “Федзькавічы”. Ён лічыць, што галоўнае ў рабоце супрацоўніка транспартнай міліцыі – карэктнасць у зносінах з вадзіцелямі і строгае выкананне законаў Рэспублікі Беларусь.

    Автор: Крысціна СЕМЯНЮКСельская праўда

Комментарии (0)