20 Апреля, 2024 Суббота

Са здольнасцю здзіўляць

  • 21 октября 2015 Культура Беларуская 0

    Дарэчы, на падвор'і Новапагосцкага сельсавета і мне давялося пачуць ад наведвальнікаў, якія жадалі набыць ляльку-шкатулку ад гурткоўцаў- «Затейников» Тэрэзы Корсак з Чапукоўскага СДК, што ў раёне такіх больш няма. Прываблівалі позірк наборы для чаявання Алены Дулінскай, салодкае печыва ад Іны Цярэшка.

    Адным з самых каларытных  было Язненскае падвор'е, дзякуючы гасціннаму гаспадару—загадчыку ўчастковай бальніцы Уладзіміру Пашковічу і фальклорнаму калектыву "Іставіца", які ўмее не толькі ладна спяваць, але і частаваць. Саламея Сіняўская прадстаўляла свой жаночы ветэранскі клуб «Вера. Надзея. Любоў» не толькі  вышыўкай бісерам і прысмакамі, нават з кнігай шаркаўшчынскай удзельніцы—паэткі Кацярыны Сосна «Разбэрсаная буслянка». Кацярына ганарыцца, што распрацавала дэвіз гэтага творчага аб'яднання, нават напісала песню пра нашу агульную Ельню.

    Тут жа—галерэя славутых землякоў, сярод якіх былы кіраўнік гаспадаркі і сельскага Савета Уладзімір Ляўковіч, вядомы на Віцебшчыне мастак Міхаіл Ляўковіч, журналіст і пісьменнік Пятро Сіняўскі, журналістка і паэтка Тамара Яцкевіч.

    А што патрэбна, каб падвор'е прыцягвала ўвагу? Аб'яднанне намаганняў усіх мясцовых талентаў. Дадам, брамку рыхтавалі работнікі Язненскага садка, забяспечваў музычнае суправаджэнне баяніст Міхаіл Карпаў. Транспарт для рэквізіту выдзелілі камунальнікі, а для дэлегацыі—школа. І так было паўсямесна.

    Мастацкім афармленнем уладанняў Дзісны для свята займаўся Уладзімір Майсяёнак, работнік Дома рамёстваў. Выстава маляўнічых здымкаў цудаў прыроды— ад Алы Мяйсяёнак, арыгінальныя вырабы—ад школьнікаў, фірменныя бліны—ад спявачкі Ядвігі Ганебнай, лясныя матывы інтэр'еру—ад інжынера лясгаса Ірыны Качан.

    Узмёнскае падвор'е прапагандавала аграсядзібу «У Пятровіча» Віктара Саўціча са знакамітымі бульбешнікамі ад гаспадыні. Ткацтва прадстаўлялі майстрыцы Матрона Блашкевіч, Марыя Пальчэх і Ала Тамашэвіч, вязанне— Таццяна Лакотка і старэйшына вёскі Даўгінава Тамара Шчарбакова. Прыцягвала ўвагу выпечка «Пялёсткі» старэйшыны вёскі Слабада Алены Красько. А сапраўднае здзіўленне выклікала філіграннае бісерапляценне Сафіі Гуз. Жанчына страціла зрок, аднак мае залатыя рукі, удзельнічае ў спартыўных спаборніцтвах, гаспадарыць у доме і агародзе.

    Багаты на таленты Завуццеўскі сельсавет. Іх аб'ядноўвае Цвецінскі Дом фальклору пад кіраўніцтвам Зінаіды Кадушка, Папшулёўскі сельскі клуб, загадвае якім Наталля Баслак. Выхоўваюць здольных дзяцей цудоўныя майстры-настаўнікі ў Завуццеўскай школе. Так, Алена Стаўская прапаноўвала дэкупаж, вышыўку бісерам і крыжыкам. Вучні Валя Чэрап, Ніка Цымбаліст, Аня Анашка, Паша і Жэня Гваздоўскія, Кірыл Маняк—падрыхтавалі выдатныя вырабы. Напэўна, гэтыя вучні бяруць прыклад у творчасці і з рабочага школы Ігара Гваздоўскага.

    Амаль на кожным падвор'і прапаноўвалі мёд мясцовыя пчаляры. На Туркоўскім яго рэкламаваў як асабліва водарны і смачны верасковы Уладзімір Алеська. Ён мае з паўсотні вулляў, ад кожнай сям'і атрымаў сёлета па 10-15 кілаграмаў салодкага ўзятку. Лічыць гэты год не надта ўдалым, бо раней меў і па 20-25 кг.

    Крышку далей—вырабы вучняў Туркоўскай СШ, эксклюзіўныя стравы Алены Лапіцкай, Алёны Дуброўскай, Алёны Кадушкевіч, Алены Сташкевіч і шчупак спецыяльнага прыгатавання самога старшыні сельсавета Пятра Ціхановіча.

    Як самы «балотны» сельсавет рэкламаваў сябе Мікалаёўскі. Напэўна, таму і журавіны на падвор’і былі прадстаўлены, бадай, найбольш шырока ў стравах, салодкім і напоях, прама скажу, цудоўных. Сярод гэтага багацця вылучаўся торт Яўгеніі Мазянковай. Нельга было адарваць вачэй ад разьбы Аляксандра Будо, вышыўкі Ірыны Рыкун і Раісы Будо. Сям'я Ганебных з Акунёва дэманстравала здымкі элементаў добраўпарадкавання сядзібы. Сапраўды, ёсць што пераняць! Выдатныя кулінары ў Павяцкім сельсавеце. Гатуе так, што язык можна праглынуць, старэйшына вёскі Чурылава Марыя Юрашак. Пры пад-трымцы нявесткі Алены яна прыгатавала для фестывалю незвычайныя вогненныя шары і рулет «Вожык», але і традыцыйныя заліўное і фаршыраваны шчупак, многае іншае здзіўлялі і выглядам, і смакам. І ці ж яна адна такая? Загадчыца сельскага клуба з Ідолта Эдзіта Філіпава падрыхтавала цэлую кулінарную выставу! Карысталіся попытам на падвор'і Міёрскага сельсавета журавіны ў цукровай пудры, прыгатаваныя старэйшынай Старых Крукоў Валянцінай Пальчэўскай, мясцовыя малочныя прадукты загадчыцы Чэраскага СДК Сняжаны Аксёнавай. Заглядзецца можна было на фантазію з агародніны, вырабленую вучнямі СШ №3 і Дварнасельскай школы.

    Толькі Перабродскае падвор'е дэманстравала паляў-нічыя трафеі. У яго арыгінальным афармленні вялікі ўклад культработніка Жанны Масляковай, настаўнікаў Раісы Івановай, Наталлі Самсановіч, якая арганізоўвала "імгненнае фота" і латарэю. Сваю прадукцыю прапаноўваў фермер Алег Латышкевіч, мёд—Аляксандр Маляўка, традыцыйныя сканцы—Алена Грыгор'ева, лепшыя фірменныя стравы—павары «Расінкі» і «Актама». Дапаўненнем да ўсяго гэтага багацця, аформленага ў балотна-лясным стылі, сталі вырабы вучняў Міёрскіх базавай і СШ №2.Не засталіся незаўважанымі запрашэнне гаспадара аграсядзібы Уладзіміра Жабёнка на жураўліны фотатур, кніжная «вартоўня» работнікаў раённай бібліятэчнай сістэмы.

    І доўга стукаў па матрыцы з пуансонам важкі молат глыбоцкага майстра Яўгена Канапелькі, які па заказах жадаючых «кляпаў» манеты-жэтоны з сімволікай нашага жураўлёва-журавіннага свята і персанальным гараскопам кожнага. Ці не час здзіўляць міярчан і гасцей чаканкай фестывальных «мёрыкаў»? Гэта адна з магчымых навінак. Старшыня райвыканкама Ігар Кузняцоў сцвярджаў, што сёлетняе святкаванне навеяла нямала новых прапаноў, каб наступны фестываль атрымаўся яшчэ больш цікавым і захапляльным. Пакуль будзем здзіўляць, «Жураўлям  і журавінам Міёрскага краю»—доўга жыць.

    Автор: Леанід МАТЭЛЕНАКМіёрскія навіны
    Теги: 
    • {Нет тегов}

Комментарии (0)