28 Апреля, 2024 Воскресенье

Святло Каласавін

  • 16 ноября 2015 Культура Беларуская 0

    Трыццаты раз на зямлі Беларусі ладзілася Рэспубліканскае свята паэзіі "Каласавіны", прысвечанае 133-й гадавіне нараджэння Якуба Коласа. 

    Па традыцыі яно пачалосяў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі песняраў Мінску. Сёлета тэмай выступленняў навукоўцаў, даследчыцкай творчасці Коласа стала паэма "Сымон-музыка", якая ўбачыла свет 90 гадоў таму назад.

    Затым удзельнікі творчага форуму як заўсёды накіраваліся да роднага кута песняра, на Стаўбцоўшчыну. Каб камусьці ўпершыню, а большасці – яшчэ раз адчуць самога Коласа, вытокі крыніц, якія жывілі яго творчасць.

    Сімвалічны, адзначаны скульптурнай групай, «Шлях Коласа» пачынаецца з Акінчыц. Хаціна, дзе гайдаецца калыска малога Костуся, няхітры сялянскі рыштунак нагадваюць пра вясковы побыт беларусаў больш за стагоддзе таму назад. Ажывалі «малюнкі родныя і з'явы» ад цікавых расказаў Юрыя Міцкевіча, навуковага супрацоўніка філіялаў музеяў і ў Акінчыцах, і ў Альбуці.

    У Смольні нашы госці пасадзілі дубок у скверы, прысвечаным славутым імёнам Бацькаўшчыны. Прысутнічаў на свяце і мастак-рэзчык па дрэве Сяргей Кляшчук. Дарэчы, ён адзін з аўтараў скульптурных выяў «Шляху Коласа». І дзякуючы ягонаму таленту аздоблены мемарыяльны куток на музейнай сядзібе «Дрэва жыцця».

    Пасля агляду музейных экспазіцый усе сабраліся ў Мікалаеўшчыне, усклалі кветкі і вянкі да помніка песняру.

    «Мой Колас» – мастацкае выяўленне вечнай тэмы, што прапушчана праз сэрцы гасцей свята, знакамітых літаратараў, культурных дзеячаў. Выказваліся прывітальныя словы, шчырыя ўражанні пра адметныя Коласавы мясціны. Гучалі вершы, згадкі, як падкрэслівалі многія выступоўцы, іх менавіта Колас натхніў на творчую працу.

    Першы сакратар Саюза пісьменнікаў Беларусі Генадзь Пашкоў, галоўны дырэктар замежнага вяшчання Беларускага радыё Навум Гальпяровіч, галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Віктар Шніп – усе яны вядомыя паэты. Усхвалявана гаварылі, дэкламавалі вершы гэтыя і іншыя літаратары на згаданых імправізаваных творчых пляцоўках на радзіме народнага песняра. І асаблівы настрой быў у паэтычных радках паэтаў-землякоў – вялікага творцы Алеся Камароўскага і Дзмітрыя Дземідовіча.

    Словы Коласа вядомы далёка за межамі Беларусі. Аб гэтым шчыра гаварылі літаратары з Санкт-Пецярбурга Сяргей Порахаў і Андрэй Антонаў. Дарэчы, яны прэзентавалі зборнік вершаў беларускіх паэтаў у перакладзе на рускую мову, выпушчаны Ленінградскім аддзяленнем Саюза пісьменнікаў Расіі. У складзе дэлегацыі, якая наведала Стаўбцоўшчыну падчас Каласавін, былі таксама прадстаўнікі творчых арганізацый з Украіны і Літвы. І ва ўсіх іх самыя цёплыя ўражанні ад адметных мясцін радзімы Коласа, гасціннасці нашых людзей.

    Унучка Якуба Коласа Марыя Міцкевіч ад свайго імя і ад імя бацькі, Міхася Міцкевіча, малодшага сына народнага паэта, перадала прывітанне і шчырую падзяку стаўбчанам за вялікі клопат аб захаванні памяці і прапаганду творчай спадчыны Коласа.

    У арганізацыі Каласавін галоўная роля належыць дырэктару Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа Зінаідзе Камароўскай. Наша зямлячка ўкладвае свой энтузіязм, уменне ў гэтую ўдзячную справу – прапаганду спадчыны вялікага творцы, а значыць, і адкрыццё ўсяму свету шчырай і шчодрай душы беларусаў. Зінаіда Мікалаеўна пазнаёміла з асноўнымі мерапрыемствамі Рэспубліканскага свята «Каласавіны». І адзначыла, што дзякуючы дапамозе Стаўбцоўскага райвыканкама філіялы музея ў Акінчыцах, Альбуці, Смольні абнаўляюцца, набываюць лепшы выгляд. У сваю чаргу намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Шэсцель расказаў аб тым, што плануецца зрабіць у раёне па ўшанаванні памяці Коласа. У Стоўбцах будзе ўзведзены помнік народнаму песняру, чалавеку, які праславіў і родны край, і ўсю нашу Беларусь.

    Фінальным акордам свята стала вечарына ў раённым Цэнтры культуры. Азначэнне гэтага мерапрыемства будзе шырэй, чым проста канцэрт. На сцэну з прывітальнымі словамі падымаліся нашы паважаныя госці. Выступалі мастацкія калектывы і выканаўцы. Так, заслужаны артыст рэспублікі Валянцін Салаеў з непаўторным майстэрствам прачытаў урывак з паэмы «Сымон-музыка». Як заўсёды, яркае ўражанне пакінула выступленне народнага вакальнага ансамбля «Берагіня», у выкананні якога прагучалі песні на словы Якуба Коласа.

    Аздобілі праграму ўрачыстасцяў выступленні народных і ўзорных мастацкіх калектываў раёна. Усе належна ацанілі старанне нашых артыстаў, музыкантаў, афарміцеляў арэн свята. У Акінчыцах былі прадэманстраваны работы юных мастакоў Стаўбцоўшчыны. Адным словам, многія шчыра пастараліся, каб свята на зямлі Коласа ўдалося. Заслугоўвае добрых слоў рупнасць работнікаў культасветустаноў, педагогаў, якія ладзяць мерапрыемствы, прысвечаныя нашаму вялікаму земляку, рупяцца на ніве засеву роднага слова. Мы жывём на зямлі Коласа – гэта і гонар, і наш абавязак.

    Тут усё пэазіяй гамоніць. Таму закончым словамі земляка Якуба Коласа Міколы Маляўкі:

    Тут Колас жыў –

    у цішыні лясной.

    Грымела часам навальніца

    Ды завіруха выла, як ваўчыца.

    Вітаў буслоў-вандроўнікаў

    вясной.

    Блукаў адзін

    з кашолкаю грыбной.

    Здаецца, што і бронзавы

     ў сталіцы

    Ён чуе сосен шум

    і пах грыбніцы, –

    І сэрца рвецца ў леснічоўку зноў.

    Рукой падаць ад вёскі да Альбуці.

    Шчаслівы я, бо тут усё:  і людзі,

    І Нёман, і дубы – мая радня.

    Шапчу: «Мой родны кут,

     як ты мне мілы...»

    А на зямлі і ў небе – цішыня,

    Раскінуў бусел

    над радзімай крылы.

     

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Автор: Фёдар БАНДАРОВІЧПрамень
    Теги: 

Комментарии (0)