04 Мая, 2024 Суббота

Мы — і палешукі, і чалавекі

  • 08 февраля 2016 Культура Беларуская 0

    8 лютага споўніцца 95 гадоў з дня нараджэння знакамітага беларускага пісьменніка Івана Мележа. Напярэдадні гэтага юбілею нельга было не пабываць на Хойнікшчыне, у любых сэрцу нашага класіка мясцінах.

    Музей Івана Мележа ў Глінішчы

    Памяць у дэталях

    Усё ў Глінішчы сведчыць пра тое, што тут нарадзіўся знакаміты літаратар. Ёсць вуліца Івана Мележа, школа і рэстаўрацыя хаткі з рамана “Людзі на балоце”, якую змайстравалі мясцовыя школьнікі. Але самае галоўнае — хата-музей пісьменніка.

    — Гэта не сапраўдная хата Мележа, — распавяла малодшы навуковы су­працоўнік хаты-музея ў вёсцы Гліні­шча Хойніцкага раёна Любоў Рубан. — Музей зрабілі цалкам па аналогіі з той, якую пабудавалі яго бацька і брат пасля Вялікай Айчыннай вайны. Аднак адбылося гэта праз шэсць гадоў пасля смерці пісьменніка. А хату, на жаль, шмат гадоў таму прадалі прыватнай асобе. І назад яе вяртаць не хочуць.

    У першым пакоі хаткі сабралі рэчы таго, сялянскага, побыту. Гэта церніца, розныя ступкі, маслабойкі, самапрадка, самаробныя ложкі. Таксама ёсць бардовая хустка мележаўскай цёткі Марылі і кубел для засолкі сала, зроблены яшчэ яго бацькам, які працаваў у вёсцы бондарам.

    Далейшая экспазіцыя расказвае пра жыццё пісьменніка амаль па гадах. Ёсць фотаздымкі Івана Паўлавіча ў пачатковых класах, у першай Хойніцкай школе. Тады, дарэчы, яго настаўнік Міхась Пакроўскі знайшоў сшытак з вершамі маладога пісьменніка і параіў адзін з іх надрукаваць. І ўжо ў 1939 годзе верш “Радзіма” з’явіўся на старонках “Чырвонай змены”.

    У наступным пакоі фотаздымкі расказваюць пра жыццё Івана Паўлавіча ў гады вайны. Дарэчы, у інстытуце ён правучыўся толькі тры месяцы, потым яго прызвалі ў Чырвоную армію. У 1941 годзе атрымаў першае раненне, а ў 1942-м у Растове трапіў пад артабстрэл, пасля якога ледзь не пазбавіўся рукі. Гэтым здарэнням, а таксама ўрачам, якія праводзілі аперацыі, майстар прысвяціў два апавяданні.

    Сярод рэчаў з кабінета Івана Паўлавіча — пішучая машынка, шафа з кнігамі, ёсць і падпісаныя Мележу многімі аўтарамі. Сабраны першыя яго выданні пасля вайны. Апошні пакой — фотахроніка гадоў жыцця пісьмен­ніка, калі ён працаваў сакратаром, намеснікам старшыні праўлення Саюза пісьменнікаў Беларускай ССР, дэпутатам Вярхоўнага Савета БССР, а таксама старшынёй Беларускага фонду міра. На самым відным месцы — здымкі сям’і, бацькоў, сяброў і блізкіх. “Мы — і палешукі, і чалавекі”, — гаварыў Мележ.

    Хатка мая, хатка

    Надышоў час для вандравання па глінішчанскіх мясцінах, якія так падрабязна апісаны ў творах Мележа.

    Знакамітыя балоты асушаны, а некалі вялікія вёскі амаль што зніклі. Засталася толькі груша, пад якой у рамане “Людзі на балоце” сустракаліся Васіль і Ганна.

    Але ж тыя жыхары Каранёўкі (у рамане гэта вёска Курані), якія сталі прататыпамі менавіта гэтых персанажаў, дагэтуль жывыя. Гэта Васіль і Васіліна Жолудзь. І яны, у адрозненне ад сваіх персанажаў, жанаты ўжо 60 гадоў, маюць восем дзяцей і гэтулькі ж унукаў.

    — Дзед Мележа тут жыў, а школа, у якой вучыўся, была ў Алексічах, — падзялілася ўспамінамі баба Васіліна. — Так што Іванка часта тут начаваў. Ха­дзіў таксама з намі па грэблі. Памятаю асабліва добра яго бацьку. Ён сам рабіў бочкі для саленняў. Нават майму дзеду на памяць такую зрабіў. Сам Мележ быў вельмі добрым і шчодрым, заўсёды мог дапамагчы.

    Гэта жа распавяла Лілія Краўчанка — пляменніца пісьменніка. Яе маці была роднай сястрой Мележа. Яна яго памятае як добрага, сардэчнага і чуллівага дзядзьку, які мог прыехаць нават з іншай часткі свету, каб толькі пабыць з роднымі.

    — Ведаеце, Іван Паўлавіч ніколі не лічыў сябе нейкай велічынёй у літаратуры, — расказала Лілія Уладзіміраўна. — Для яго было галоўным сувязі з глінішчукамі, са сваёй малой ра­дзімай. Калі цяжка хварэў або быў заняты літаратурнай справай, сумаваў і хваляваўся, што побач з ім не было родных. І хто б ні звярнуўся да яго з просьбай, заўсёды дапамагаў чым мог.

    Любоў Мележа да сваіх бацькоў пляменніца называе нават фанатычнай. “Мая Марыя Дзянісаўна, мой Павел Фёдаравіч” — так заўсёды звяртаўся да іх Іван Паўлавіч. І калі выдавалася магчымасць амаль га­дзіну пабыць з імі, садзіўся ў машыну і ехаў у Глінішча. А да стрыечнай сястры і яе мужа ў Каранёўку ён часта прыязджаў, калі хварэў. Бо быў упэўнены, што “пірагі і мёд Трафімаўны робяць мяне самым здаровым у свеце”.

    Даведалася і аб такой дэталі. Яшчэ калі быў маленькі, Мележ доўга ся­дзеў побач з запаленай газоўкай і чытаў. А калі маці забірала лямпу, браў кнігі, ішоў да стога з сенам і пры святле месяца працягваў свой любімы занятак.

    Баба Васіліна з Каранёўкі

    Хочацца дадаць, што творчыя карані перадаліся ўсім нашчадкам Івана Паўлавіча. Канешне, не ўсе сталі знакамітымі пісьменнікамі. Але ўсё роўна хтосьці спявае, малюе, піша вершы. Вось, напрыклад, яго пляменніца кіруе вакальным ансамблем Гліні­шчанскага сельскага цэнтра вольнага часу. Яны спяваюць народныя песні, якія так любіў слухаць пісьменнік.

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

     

    Автор: Виктория КашпурГомельская праўда

Комментарии (0)