02 Мая, 2024 Четверг

Два дзясяткі гадоў у званні народнага

  • 22 ноября 2016 Культура Беларуская 0

    У мінулую пятніцу, 4 лістапада, у гарадскім Доме культуры адбыўся юбілейны канцэрт дыпламанта міжнародных і рэспубліканскіх фестываляў народнага вакальнага ансамбля “Каларыт” з нагоды 20-годдзя атрымання калектывам звання “народны”. Павіншаваць ансамбль з гэтай датай прыйшлі прадстаўнікі раённай улады, калегі па сцэне, а таксама родныя, блізкія і сябры.

    Першымі падняліся на святочную сцэну намеснік старшыні райвыканкама Ала Ануфрыюк і старшыня раённага Савета дэпутатаў Анатоль Шалтанюк. У сваім віншавальным слове Ала Сцяпанаўна зазначыла, што ніводнае раённае мерапрыемства не абыходзіцца без удзелу “Каларыту”. Калектыў добра ведаюць далёка за межамі раёна, ён удзельнік шматлікіх абласных і рэспубліканскіх фестываляў і конкурсаў, з якіх артысты ніколі не вярталіся без дыпломаў. Яна пажадала ансамблю, каб крыніца творчасці, з якой ён бярэ сілы і натхненне, ніколі не мялела, і ўручыла калектыву з нагоды

    знакавай для яго даты Ганаровую грамату райвыканкама, а таксама сертыфікат на набыццё камп’ютара.

    Анатоль Вітальевіч падкрэсліў, што “Каларыт” адносіцца да ліку таленавітых выканаўцаў, прафесіяналаў высокага ўзроўню, творчасць якіх прайшла выпрабаванне часам і стала яркай старонкай у эстраднай гісторыі Жабінкаўшчыны. Ён выказаў словы ўдзячнасці калектыву за актыўную пазіцыю ў справе грамадзянска-патрыятычнага выхавання, за адданасць справе, за той добры настрой, які “Каларыт” дорыць сваім слухачам на працягу многіх гадоў, і пажадаў і надалей прафесійнага росту і творчага даўгалецця. Анатоль Вітальевіч уручыў калектыву сертыфікат на выраб камплекту сцэнічных касцюмаў.

    З юбілейнай датай павіншавала “Каларыт” і начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і спраў моладзі райвыканкама Вера Бортнік. Яна звярнула ўвагу прысутных, што поспех і даўгалецце калектыву – у прафесіяналізме, індывідуальнасці і талентах яго ўдзельнікаў, і ўручыла народнаму вакальнаму ансамблю Падзяку Брэсцкага аблвыканкама за высокі мастацкі ўзровень, выканаўчае майстэрства, творчае развіццё нацыянальных культурных традыцый, актыўную канцэртную дзейнасць і ў сувязі з 20-годдзем з дня прысваення звання “народны”.

    Вядучыя мерапрыемства Алеся Жукава і Ілля Учаеў узгадалі асноўныя вехі ў гісторыі калектыву.

    Многа адораных людзей пакінулі значны след у “Каларыце”, шмат гадоў свайго творчага жыцця аддалі яму. У той вечар на сцэну выходзілі былыя яго салісты, якія віншавалі ансамбль з юбілеем, выказвалі словы ўдзячнасці за сумесную дзейнасць, разам спявалі і дарылі свае асабістыя музычныя сюрпрызы. Так, Ігар Зотаў выканаў з “Каларытам” “Баню”, Галіна Міцковіч – песню “Галина”, Наталля Дырман і народны тэатр гумару, гульні і песні “Хмелеўскія валацугі”, мастацкім кіраўніком якога яна з’яўляецца цяпер, – “Каліну-ягаду”.

    З цеплынёй і хваляваннем у голасе ўспамінала ў той вечар на сцэне пра нараджэнне калектыву, яго заснавальніка Мікалая Зіноўева, першых салістаў, адметныя і знакавыя выступленні, замежныя гастролі “Каларыту” былы дырэктар гарадскога Дома культуры Галіна Турыцына.

    Віншавалі “Каларыт” са знакавай датай творчага жыцця і калегі па сцэне: народная эстрадная група “Аляксандр-парк”, народны хор ветэранаў “Тонус”, народны вакальны ансамбль “Благовест” Чарнаўчыцкага СДК. Ад імя ўсяго калектыву народнага інструментальнага ансамбля “Музычны вянок” Ленінскай дзіцячай школы мастацтваў віншавальнае слова трымала малады выкладчык Алена Войнаш, а юныя салісты эстраднай студыі “Золак”, кіраўніком якой з’яўляецца Валерый Няменьшы, падаравалі “Каларыту” вершаваныя радкі і разам праспявалі песню “Центр Европы”.

    У той вечар уся зала разам з калектывам падпявала добра вядомыя іх творы: “Рэкрут”, “Полька беларуская”, “Дарья”, “Праздники”. Гучнымі апладысментамі сустракалі слухачы і новыя песні: “Зажигаем”, “За далью даль”, “Холостяк”, іншыя. І пасля канцэрта прыхільнікі творчасці “Каларыту” не спяшаліся разыходзіцца, абменьваліся ўражаннямі, дзяліліся эмоцыямі і дарылі адзін аднаму ўсмешкі.

    Автор: Алёна НІКАНЧУКСельская праўда

Комментарии (0)