26 Апреля, 2024 Пятница

Якім стане агратурызм?

  • 09 февраля 2017 Культура Беларуская 0

    Правілы, па якіх хутка будуць працаваць аграсядзібы, хвалююць, зразумела, у першую чаргу гаспадароў. Але не толькі іх.

    Кантралюючыя органы і ўлады зацікаўлены ў тым, каб гэты від бізнесу быў празрыстым і зразумелым для ўсіх. Паняцце сельскага турызму існуе ў краіне 15 гадоў, але ж развіццё гэты від дзейнасці атрымаў у 2006 годзе, калі быў прыняты Указ № 372, які дазволіў сельскім жыхарам займацца аказаннем турыстычных паслуг афіцыйна. Сёння, кажа начальнік упраўлення спорту і турызму Гомельскага абласнога выканаўчага камітэта Дзяніс Язерскі, прыйшоў час, калі ўнесці змены ў яго проста неабходна.

    — Аграсядзібы ў ідэале павінны быць элементам развіцця кластэрнай мадэлі такога віду дзейнасці. Інакш кажучы, павінен працаваць і зарабляць не толькі сам гаспадар. Гэта аб'ект, вакол якога жыве ўсё сяло і працуюць адразу некалькі суседзяў: забяспечваюць сельгаспрадуктамі, катаюць на коніку, возяць на рыбалку… Сёння ж у асобных выпадках аграсядзіба перашкаджае суседзям жыць — з-за гучных вечарын, якія адбываюцца за агароджай.

    Ёсць прыклады адмоўныя, а ёсць і станоўчыя. Многія з тых сядзіб, якія знаходзяцца недалёка ад вялікіх гарадоў, перайшлі выключна на адзін від дзейнасці — абслугоўванне вяселляў, юбілеяў і іншых карпаратыўных свят. Вось да іх і пытанняў больш за ўсё. Бо плацяць адну базавую велічыню на год, а выконваюць, па сутнасці, функцыі гатэляў з рэстаранамі. А значыць, некаторыя фізічныя асобы маюць звышпрыбыткі, якія нельга пракантраляваць.

    У няроўных умовах з імі — тыя сядзібы, якія знаходзяцца далёка ад гарадоў, бліжэй да некранутай прыроднай прыгажосці. Дзе імкнуцца не толькі грошы на прыезджых зарабляць, але і зрабіць усё, каб ім было і камфортна, і цікава. Там куды больш выдаткаў, куды менш прыбыткаў. І ўсё ж у Петрыкаўскім раёне некаторыя вёскі адраджаюцца дзякуючы менавіта аграсядзібам і тым маляўнічым мясцінам, куды цягне стомленых ад гарадской мітусні людзей. Туды прыязджаюць спецыяльна і нават па некалькі разоў.

    У Светлагорскім раёне вядома аграсядзіба «Міколін востраў». Там рэканструяваны сапраўдны хутар са старажытным млынам, і ўвогуле ёсць цэлы музей пад адкрытым небам, які, безумоўна, карыстаецца папулярнасцю.

    У фальварку «Добрае месца», што ў Гомельскім раёне, гаспадары зрабілі стаўку зусім не на старажытнасць. Тут прапануюць сучасную забаву — вэйкбордзінг. Экстрэмальнаму спорту аддае перавагу моладзь і з захапленнем імчыцца па хвалях возера на спецыяльнай дошцы, якую цягне на тросе катар.

    У кожнай аграсядзібы павінна быць свая «іскрынка», як лічаць спецыялісты. Тыя, хто толькі пачаў гэтым займацца, яшчэ ў пошуку. Але абсалютная большасць гаспадароў аграсядзіб займаецца гэтай справай не толькі дзеля прыбытку, а для асабістага задавальнення.

    Многае, сцвярджае Дзяніс Язерскі, залежыць ад дзейнасці сельскіх выканаўчых камітэтаў. Іх кіраўнікі часцяком становяцца не толькі вачыма і вушамі вертыкалі ўлады, але і праваднікамі ідэй на месцах.

    — Зразумела, сельскія органы ўлады не толькі кантралююць сваю тэрыторыю. Яны з'яўляюцца першымі зацікаўленымі ў развіцці аграсядзіб. Іх задача — захаваць населены пункт, зрабіць усё, каб ён дастойна жыў. Даўно наспеў час упарадкаваць дзеянне ўказа аб аграсядзібах, бо некаторыя людзі знайшлі ў ім пралазы, дзякуючы чаму за льготныя крэдыты рэканструявалі свае дамы або будавалі новыя, якія ўрэшце ператварылі ў міні-гатэлі або турыстычныя комплексы са SPA-паслугамі і рэстаранным бізнесам. Да такіх слова «агра» ну ніяк нельга прымяніць. Як і нельга казаць пра роўную канкурэнцыю і захаванне самабытнасці. Між тым асноўнай мэтай стварэння аграсядзіб застаецца занятасць людзей у малых гарадах і вёсках, развіццё гэтых населеных пунктаў. Урэшце — адраджэнне сяла. Пра неабходнасць змяненняў на шматлікіх сустрэчах нам казалі і ўладальнікі тых аграсядзіб, якія не мелі звышпрыбыткаў.

    Сёння ў праекце ўказа з'явіліся азначэнні асноўных паняццяў: што такое агратурызм, аграсядзіба, гасцявы дом. Цяпер, напрыклад, прапісана, што гаспадар аграсядзібы павінен не толькі пастаянна пражываць у ёй, але і афіцыйна там зарэгістравацца. Гэта, мяркуецца, адсее тых, хто пабудаваў сабе загарадныя дамы і атрымлівае бонусы ад здачы іх у арэнду. Узмоцніцца адказнасць уласнікаў маёмасці.

    — Дакладна вызначаны пералік паслуг, якія можа ажыццяўляць аграсядзіба, — падкрэслівае Дзяніс Язерскі. — Рабочыя групы высвятлялі, якія паслугі карыстаюцца попытам у людзей, якія з іх можна аднесці да агратурызму, якія — нельга. Сапраўдныя аграсядзібы маюць жылыя пакоі для размяшчэння турыстаў, пры гэтым забяспечваюць харчаваннем пераважна з выкарыстаннем прадуктаў, што вырашчаны на сваім участку ці за кошт сваёй фермерскай гаспадаркі. Яны праводзяць азнаямленне з прыродай, мясцовымі сельскагаспадарчымі, этнаграфічнымі і фальклорнымі традыцыямі. Праводзяць спартыўна-масавыя, фізкультурна-аздараўленчыя і культурныя мерапрыемствы. Могуць аказваць паслугі лазняў і саўн, катаць на конным транспарце, даваць інвентар для спорту і адпачынку, праводзіць транспартнае абслугоўванне. Дарэчы, гэта ўсё тое, чым і займаюцца сёння аграсядзібы. Пры гэтым у змяненнях да ўказа агаворвацца, што пры аказанні некаторых іншых паслуг неабходна прыйсці ў падатковую інспекцыю і заявіць пра гэта. Напрыклад, што ў аграсядзібе будзе праводзіцца вяселле ці юбілей, — і заплаціць адпаведны падатак. Зрабіць паасобны ўлік прыбыткаў. І за некаторыя з іх заплаціць па іншай падатковай стаўцы. Такім чынам, забароны на абслугоўванне забаўляльных ці пахавальных мерапрыемстваў не будзе. Проста ўпарадкоўваецца гэты від дзейнасці, і рынак становіцца больш сумленным.

    Быў час, калі аграсядзібы раслі як грыбы ўсюды, у тым ліку на Гомельшчыне. І хоць не ўсе засталіся ў такім статусе, летась у вобласці ажыццяўлялі дзейнасць 180 аграсядзіб са 196 зарэгістраваных. Сёлета іх стала на 22 больш. Новыя зарэгістраваны ў Брагінскім, Буда-Кашалёўскім, Гомельскім, Калінкавіцкім, Лоеўскім, Рэчыцкім, Рагачоўскім, Светлагорскім і Чачэрскім раёнах. (У Кармянскім і Хойніцкім аграсядзіб увогуле няма.) Між тым тых, хто свядома выбіраў гэты від дзейнасці, не спужалі новыя правілы гульні, якія будуць уведзены ў галіне.

    — Мы разглядаем агратурызм як адзін з прыярытэтных напрамкаў развіцця турыстычнага патэнцыялу, — адзначае Дзяніс Язерскі. Сёння мы паспяхова прадаём свае спартыўныя аб'екты. Да нас едуць на зборы замежныя каманды, праходзяць міжнародныя сустрэчы. Мы актыўна прасоўваем медыцынскі і санаторна-курортны турызм. У нас шмат рэлігійных маршрутаў: у Тураў і Карму, напрыклад. Да таго ж развіваем экалагічны турызм. Увогуле, шмат робіцца, каб падняць даходнасць гэтага кірунку дзейнасці.

    Автор: Ірына АсташкевічЗвязда

Комментарии (0)