25 Апреля, 2024 Четверг

Карціны — у памяць пра маці

  • 04 июля 2017 Культура Беларуская 0

    За час існавання ў Міжнароднага фестывалю народнай музыкі “Звіняць цымбалы і гармонік” з’явілася нямала традыцый. Адным з іх шмат гадоў, іншыя зусім маладыя. Да ліку апошніх адносіцца традыцыя пачынаць форумы мастацтваў з адкрыцця выстаў. Сёлета 9 чэрвеня ў Доме рамёстваў “Стары млын” адкрылася выстава жывапісу нашай таленавітай зямлячкі, а цяпер жыхаркі горада Рэутаў Маскоўскай вобласці Людмілы Курыловіч пад назвай “Прыцяжэнне. Памяць сэрца”.

    Гэта другая выстава Людмілы Паў-лаўны ў Паставах (першая ла-дзілася год назад у філіяле раён-нага краязнаўчага музея ў пала-цы Тызенгаўзаў і мела вялікі поспех). Яна прысвечана маці — вядомай мясцовай паэтэсе Ніне Маркаўне Захарэвіч, якая амаль 12 гадоў таму пайшла з жыцця. Але засталіся вершы, па якіх Л. П. Курыловіч напісала карціны. Паглядзець іх сабралася вялікая колькасць людзей: родныя, блізкія, знаёмыя і сябры мастачкі, прадстаўнікі раённай улады і проста аматары жывапісу розных узростаў. Усе яны ў адзін голас захапляліся работамі аўтара.

    Шмат сяброў і прыхільнікаў таленту было і ў Ніны Маркаўны. У свой час яна супрацоўнічала з такімі творцамі, як Мікалай Карпенка, Генадзь Буднік, Анатоль Собаль, Генадзь Шышкін, Тамара Кашчэва, Сяргей Макей, і вельмі марыла, каб хоць на адзін яе верш была напісана песня. І яна з’явілася, прычым не адна. Сёння песні на словы паэтэсы ёсць у рэпертуары заслужанага аматарскага калектыву фальклорнага ансамбля “Паазер’е” і спевака Пятра Караля, якія выканалі іх на адкрыцці выставы.

    — Марачы, каб яе вершаваныя радкі паклалі на музыку, матуля нават падумаць не магла, што некалі да вершаў будуць напісаны карціны, — гаварыла ўсхваляваная Людміла Паўлаўна Курыловіч. — Не думала тады пра гэта і я, бо пэндзаль узяла ў рукі ўсяго два гады назад. Вельмі ўдзячна дырэктару Дома рамёстваў Таццяне Мікалаеўне Петух за тое, што яна, наведаўшы маю мінулагоднюю выставу, падказала ідэю стварыць серыю работ па матуліных творах, якія самі па сабе надзвычай маляўнічыя. Я ўхапілася за гэту думку і вельмі старалася яе рэалізаваць, хоць часу было няшмат. Што ў выніку атрымалася — меркаваць вам. Але, упэўнена, мамачка была б вельмі шчаслівая, калі б дажыла да сённяшняга дня і ўбачыла выставу.

    Успамінаючы самага блізкага чалавека, Л. П. Курыловіч адзначыла, што маці вельмі любіла людзей і прыроду, вясковыя краявіды, сярод якіх нарадзілася і вырасла. І хоць потым перабралася ў горад, увесь час прыгадвала дарагія сэрцу мясціны, прысвяціўшы ім нямала вершаў. Адзін з іх называецца “Даруй мне, вёска”. Пад яго мастачка напісала некалькі карцін з простымі вясковымі сюжэтамі. Таксама гэты верш пакладзены на музыку Тамарай Кашчэва з Фаніпаля.

    Вялікім захапленнем Ніны Маркаўны былі кветкі. Кожную вясну яна высаджвала іх каля дома і клапатліва даглядала. Менавіта таму на выставе шмат карцін з букетамі півоняў, цюльпанаў, хрызантэм, бэзу.  Ёсць некалькі работ з крыху наіўнымі, дзіцячымі сюжэтамі. Такім чынам Людміла Паўлаўна адлюстравала дзіцячую тэматыку ў творчасці маці, падкрэсліўшы, што тая з вялікай цеплынёй і лю­боўю адносілася да сваіх блізкіх, асабліва малых.

    Цэнтральнае месца ў экспазіцыі — а яна разгарнулася ў дзвюх залах “Старога млына” — займаюць партрэты мамы і бабулі мастачкі.

    — У мяне былі не вельмі добрыя арыгі­налы — старэнькія чорна-белыя фота­здымкі, — расказвала аўтар. — Але вельмі хацелася намаляваць матулю ў маладосці і бабулю — вялікую працаўніцу, якая да апошніх дзён жыцця прала, ткала.

    Як і папярэдняя, гэта выстава наўрад ці адбылася б, калі б не муж Людмілы Паўлаўны, які падтрымлівае яе пачынанне не толькі маральна, але і фінансава. Мастачка публічна падзякавала яму, а таксама ўсім, хто прыйшоў на адкрыццё, і папрасіла пасля прагляду экспазіцыі пакінуць свае водгукі ў спецыяльнай кнізе. Жадаючыя маглі выказацца і ўслых. Такой магчымасцю скарысталіся намеснік старшыні райвыканкама Ю. М. Кісялёў, прыяцелькі Л. П. Курыловіч — А. Э. Кейзік і Р. Л. Курачэнка.

    — Душа Ніны Маркаўны ўвасаблялася ў вершаваных радках, а ваша, Людміла Паўлаўна, — у гэтых цудоўных работах, — гаварыў Юрый Мікалаевіч Кісялёў. — У іх я бачу ўсё самае лепшае, што далі вам бацькі. Яны недарэмна стараліся і выхавалі цудоўную дачку. Тое, што за два гады вы дасягнулі такога ўзроўню майстэрства, — проста фантастыка. Шчыра віншую вас з сённяшняй падзеяй і жадаю, каб усё, што вы дорыце людзям, вярнулася да вас у сто разоў.

    — Гэта выстава — сапраўдная падзея для пастаўчан, горада, фестывалю, — зазначыла Ала Эдмундаўна Кейзік. — Мы ганарымся такой таленавітай зямлячкай. Ад імя ўсіх маці хачу нізка пакланіцца вам за тое, што свята зберагаеце памяць пра матулю. Няхай у вашым творчым жыцці будзе яшчэ многа розных выстаў.

    Разам з кветкамі падарункам віноўніцы ўрачыстасці стала новая песня на словы Ніны Маркаўны, напісаная і выкананая ўнучкай А. Э. Кейзік — Веранікай Крывічанінай. 

    З віншаваннямі і пажаданнямі да Л. П. Курыловіч звярнуліся таксама дырэктар раённага краязнаўчага музея Т. Г. Гарошка, стрыечная сястра з Мядзела і былы вучань Аляксандр Папоў, які жыве і працуе ў Маскве. Яго прыезд у Паставы стаў для Людмілы Паўлаўны (раней яна некалькі гадоў выкладала матэматыку і фізіку ў школе) прыемным сюрпрызам.

    Сярод шматлікіх гасцей у Доме рамёстваў прысутнічала і мастачка Таццяна Чарных. Яе імя не вядома шырокай грамадскасці горада, тады як выстаўленымі ў інтэрнэце карцінамі захапляюцца і капіруюць іх многія мастакі-пачаткоўцы далёка за межамі Беларусі. Работы нашай зямлячкі атрымліваюць прызы ў Амерыцы і Францыі, а зараз экспануюцца ў Нясвіжскім замку. Вучылася па іх жывапісу і Л. П. Курыловіч, з вялікім здзіўленнем даведаўшыся, што “настаўніца” жыве ў Паставах. Таму, прыехаўшы на радзіму, запрасіла яе на сваю выставу і папрасіла сказаць некалькі слоў на адкрыцці. Таццяна Чарных вельмі высока ацаніла майстэрства Людмілы Паўлаўны і паабяцала падтрымліваць з ёй сяброўства.

    Алена ШАПАВАЛАВА. 

    Фота аўтара.

    На фота: Ю. М. Кісялёў віншуе Л. П. Курыловіч з адкрыццём выставы.

    Автор: Алена ШапавалаваПастаўскі край

Комментарии (0)