26 Апреля, 2024 Пятница

За культурны адпачынак!

  • 10 июля 2017 Культура Беларуская 0

    1 ліпеня прафкам КЖУП “Буда-Кашалёўскі камунальнік” арганізаваў для членаў прафсаюза і іх дзяцей пазнавальны патрыятычна арыентаваны тур Мір-Нясвіж.

    У апошнія гады Беларусь дзякуючы вялікай колькасці найпрыгажэйшых месцаў, унікальнай гісторыі і культуры набыла імідж турыстычнай краіны. І адным з самых запатрабаваных і жаданых экскурсійных маршрутаў з’яўляецца «Мір-Нясвіж», куды мы і адправіліся. Палацава-паркавы комплекс у Нясвіжы і Мірскі замак – адныя з самых каштоўных помнікаў Беларусі. Варта заўважыць, што яны ўнесены ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Адпраўляючыся, мы з вялікім натхненнем чакалі прыезду ў замак – і не пашкадавалі.

    – Мэтай дадзенай паездкі стала знаёмства супрацоўнікаў КЖУП “Буда-Кашалёўскі камунальнік” з гістарычным мінулым, традыцыямі, культурай і архітэктурным багаццем беларускага народа. Немалаважна прывіваць любоў і павагу да свайго гістарычнага мінулага і сучасных здабыткаў Беларусі. Варта сказаць, што на 1 ліпеня бягучага года ў нашай арганізацыі працуюць 500 чалавек і маецца 20 падраздзяленняў. У сувязі з гэтым не ўсе работнікі нашай арганізацыі ведаюць адзін аднаго ў твар. І я лічу, што падчас такіх турыстычных паездак людзі знаёмяцца са сваімі калегамі і заводзяць сяброўскія адносіны. Немалаважна звярнуць увагу і на ўмацаванне сямейных адносін такімі мерапрыемствамі: з’яўляюцца агульныя тэмы і інтарэсы ў коле сям’і і застаюцца прыемныя ўспаміны аб праведзеным часе, – пракаментавала старшыня прафсаюзнага камітэта Іна Максіменка.

    Пачынаючы з адпраўлення, на працягу ўсяго шляху экскурсавод распавядала нам аб узнікненні пасёлкаў, гарадоў, знакамітых людзях, якія нарадзіліся ў гэтых мясцінах і ўславілі Беларусь, а таксама задавала нам пытанні, прымушаючы пагрузіцца ў глыбіню гісторыі.

    Усіх удзельнікаў экскурсіі ўразілі магутныя каменныя сцены і вежы сярэднявечнага волата – Мірскага замка, архітэктурна-гістарычнага помніка XVI стагоддзя. Экскурсавод расказала нам гісторыю будаўніцтва гэтага манументальнага гатычнага збудавання і пра яго знакамітых гаспадароў (Іллініч, вялікіх Радзівілах і князях Святаполк-Мірскіх).

    Крок за крокам мы апускаліся ў займальную гісторыю замка, якая апавядае пра перыяды велічы, змрочныя гады войнаў і разбурэнняў, спускаліся ў яго падзямелля і падымаліся па вузкай вітай лесвіцы на вежы, аглядаючы музейныя экспазіцыі старадаўняй зброі, даспехаў, прадметаў мастацтва і побыту яго гаспадароў. Набыўшы на памяць сувеніры, палюбаваўшыся відамі і выдатным ангельскім паркам, які знаходзіцца побач з замкам, мы адправіліся ў Нясвіж – горад-легенду з незвычайна багатым мінулым.

    Нясвіж – былая рэзідэнцыя аднаго з шляхетных магнацкіх родаў Вялікага княства Літоўскага – Радзівілаў, а таксама адзін з найстарэйшых і загадкавых гарадоў Беларусі. Пад займальныя гісторыі экскурсавода пра жыццё і дзівацтвы яго знакамітых уладальнікаў непрыкметна праляцеў час агляду ўражлівых экспазіцый у палацавым комплексе – парадных залаў палаца (Паляўнічая, Бальная, Партрэтная, Камінная, Залатая і інш.), жылых і гаспадарчых памяшканняў.Усю дарогу назад удзельнікі гістарычнага тура дзяліліся сваімі прыемнымі ўражаннямі пра паездку. Праз некалькі дзён з непрыхаванай прыемнасцю Іна Максіменка падзялілася: «Як арганізатара мерапрыемства, мяне не магло не парадаваць тое, што многія ўдзельнікі турыстычнай паездкі асабіста выказалі падзяку за прадастаўленую магчымасць выдатнага культурнага адпачынку, шмат хто ў інтэрнэце стаў цікавіцца дадатковай інфармацыяй аб Радзівілах і іх гісторыі». 

    Автор: Алена ЧЭКАНАвангард

Комментарии (0)