25 Апреля, 2024 Четверг

Палац Пуслоўскіх прыняў першых наведвальнікаў...

  • 14 ноября 2017 Культура Беларуская 0

    10 лістапада 2017 года ва ўрачыстай абстаноўцы адбылося адкрыццё музейнай экспазіцыі ў залах палаца Пуслоўскіх. Гэта значная падзея як у гісторыі  станаўлення Косаў-скага палацава-паркавага ансамбля, так і ў культурным жыцці раёна. Ён дзесяцігоддзямі ўражваў і сваёй веліччу, і сваім запусценнем. Але амаль 10 гадоў назад, у 2008-м годзе, былі зроблены першыя крокі па яго аднаўленні. Няспешна вяліся работы, непрыкметна змяняўся і прыгажэў палац Пуслоўскіх — гэты без перабольшвання культавы турыстычны аб’ект Брэсцкай вобласці, які з’яўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасцю краіны I-й катэгорыі. 

    Рэстаўрацыйныя работы яшчэ не завершаны, але зроблена дастаткова многа для таго, каб палац змог прыняць першых наведвальнікаў, каб запрацавалі часовыя экспазіцыі ў пяці залах палаца. На ўрачыстае адкрыццё музейнай экспазіцыі ў Косава 10 лістапада наведаліся старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама Алег Вялічка, начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Васіль Чэрнік, дырэктар ААТ “Брэстрэстаўрацыяпраект” Уладзімір Казакоў. Адкрыў мерапрыемства старшыня Івацэвіцкага райвыканкама Аляксандр Грыцук:

    – Гэты непаўторны помнік архітэктуры цалкам заслужана ўключаны ў пералік прыярытэтных аб’ектаў рэстаўрацыі гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі, што не мае аналагаў у рэспубліцы. З 2008-га года на рэстаўрацыйныя і аднаўленчыя работы з рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў накіравана больш за 4 мільёны рублёў. Зроблена многае, разам з тым, аднаўленне палаца працягваецца, пры далейшай фінансавай падтрымцы наш рэгіён упрыгожыць унікальны гасцінічна-турыстычны ком-плекс… Упэўнены, новая музейная экспазіцыя зойме дастойнае месца ў ліку турыстычных маршрутаў Беларусі, дазволіць больш актыўна развіваць турыстычны патэнцыял…

    Разразаецца чыр-воная стужка, госці накіроўваюцца ў залы палаца, для іх праводзяцца першыя экскурсіі, расказваецца пра гісторыю палаца і гістарычныя падзеі, што разгортваліся ў гэтых месцах, пра род Пуслоўскіх… Тут ужо ёсць, як кажуць, на чым спыніць свой погляд, пры гэтым паведамляецца, што музейны фонд будзе папаўняцца. Шматлікіх журналістаў, гасцей мерапрыемства не магло не цікавіць: што далей? Як доўга будуць працягвацца аднаўленчыя работы ў палацы Пуслоўскіх і вакол яго? Вось асноўныя пункты, на якіх завастрылі ўвагу Алег Вялічка, Васіль Чэрнік, Уладзімір Казакоў: 

    1. Да 2023 года плануецца поўнасцю завяршыць рэстаўрацыю палаца Пуслоўскіх. Ужо ў 2018-м годзе будзе накіравана на гэтыя работы каля 2 мільёнаў рублёў, пры тым, што за папярэднія 9 гадоў было асвоена каля 5 мільёнаў;

    2. Акрамя работы часовай музейнай экспазіцыі, тут, як плануецца, у хуткім часе з’явяцца кафэ, рэстаран, гасцініца… Будуць крыху зменены дарогі, хаця значных праблем з пад’язнымі шляхамі да музея-сядзібы і палаца няма;

    3. Рэстаўрацыйныя работы ў палацы Пуслоўскіх выкананы прыкладна на чвэрць ад запланаванага. Наступны этап – работа над інтэр’ерамі і інжынернымі сеткамі. Паралельна будзе весціся добраўпарадкаванне і ландшафтнае афармленне парка вакол палаца;

    4. Адкрыццё такога ўнушальнага аб’екта прымушае задумацца аб уключэнні палаца Пуслоўскіх і музея-сядзібы Касцюшкі ва ўмоўнае “залатое кола” Беларусі, накшталт расійскага, і “закальцаваць” Нясвіж, Мір і Косава, што дазволіць рэзка павялічыць колькасць наведвальнікаў і палаца, і музея-сядзібы.    

    5. Палац Пуслоўскіх можа прыняць экскурсійныя групы. Вітаецца папярэдні запіс. Экскурсійнае абслугоўванне групы – 20 рублёў, студэнты і школьнікі – 18, дашкольнікі – 10. Самастойнае наведванне – 3 рублі з аднаго наведвальніка.

    Наталля Сушко, дырэктар ДУК “Мемарыяльны музей-сядзіба імя Т. Касцюшкі”: – За два дні – 11 і 12 лістапада – некалькі дзясяткаў турыстаў ужо наведалі палац Пуслоўскіх, гэтаму спрыяла шырокая рэклама ў СМІ. Асабліва добра ішлі наведвальнікі ў суботу, прычым, гэта былі госці з самых розных гарадоў Беларусі. Безумоўна, адкрыццё палаца Пуслоўскіх яшчэ больш павысіць цікавасць да нашых аб’ектаў. Чакаем, рады ўсім. 

    На здымку: Чырвоную стужку пераразаюць (злева направа): старшыня Івацэвіцкага райвыканкама А. Б. Грыцук, намеснік старшыні Брэсцкага аблвыканкама А. І. Вялічка і начальнік галоўнага ўпраўлення культуры і аналітычнай работы Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь В. В. Чэрнік.

    Падрыхтаваў Аляксандр ГОРБАЧ. Фота Валерыя МІСКЕВІЧА.  

    Автор: Ганна ІЛЬЯШЭВІЧІвацэвіцкі веснік

Комментарии (0)