26 Апреля, 2024 Пятница

Таварышу Герасевічу – чалавеку і тэатру

  • 11 января 2018 Культура Беларуская 0

    Заслужанаму артысту Беларусі, выдатнаму майстру сцэны – 75!

    У Брэсце, у доме на Партызанскім праспекце, дзе цяпер часовая штаб-кватэра абласнога тэатра лялек, 1 студзеня сапраўды было чырвоным днём календара. Акрамя таго, што прыйшоў (як звычайна, без спазнення) Новы год, сам тэатр адсвяткаваў залаты юбілей, а яго вядучы акцёр Іван Пракопавіч Герасевіч – тры чвэрці веку з дня нараджэння.

    Ён усмешлівы і часам нябачны. Калі хаваецца пад моцным слоем грыму і за тэатральнай шырмай, скуль чуецца толькі яго цёплы (як у Дзеда Мароза) голас.

    Не, часам Герасевіч усё ж выходзіць на вялікі экран. У асабістай скарбонцы – 14 роляў у кіно, знятых на студыях Мінска, Ленінграда, Масквы, Кіева. І ў якіх культавых стужках! “Дачка камандзіра”, “Плач перапёлкі”, “Сведка”, “Сто салдат і дзве дзяўчыны”, “Цяжка быць богам”… Апошняя сумесная савецка-германа-франка-швейцарская карціна па рамане братоў Стругацкіх – эталон якаснага кіно, створанага аднойчы і назаўсёды.

    Сёння на яго вуснах зіхаціць усмешка. Мо таму, што жыццё ад калыскі было няласкавае. На свет прыйшоў у Стрыганцы. З першай хвіліны калыханкі спявалі студзеньская сцюжа і вайна, якая скрала дзяцінства, забрала бацьку, што загінуў на фронце, дачасна састарыла маці. Ні ёлкі, ні пачастункаў, ні падарункаў. Акрамя аднаго – галоўнага: выжыў. Так, жыццё не песціла, але ж нельга на яго скардзіцца.

    Свой шлях у мастацтва Іван Пракопавіч звычайна акрэслівае фразай: “З трактарыстаў – у артысты”. Каб дапамагчы маме, пасля дзевяці класаў пайшоў працаваць у Пятровічы, у мясцовы саўгас “Беларусь”. Усё перавярнулася памятным летнім днём 1965 года, калі выпадкова прачытаў аб’яву: у абласны драмтэатр патрабуюцца акцёры-лялькаводы. Вопыт раней быў мізэрны – удзел у школьнай самадзейнасці. Аднак жаданне стаць артыстам аказалася настолькі вялікім, што ўжо першая спроба прынесла ўдачу. Адно хвалявала: як навіну ўспрыме мама, што пачала губляць зрок і якой патрабавалася сынава дапамога.

    Ён сумняваўся, а Пелагея Ануфрыеўна са слязьмі на вачах прасіла: “Ляці ў вялікі свет, Ваня…” І ён пакінуў бацькоўскае гняздо. Амаль адразу – гастролі па Беларусі, затым былі і шматлікія замежныя камандзіроўкі – супольна са сваімі казачнымі “падапечнымі”. Трыццаць гадоў таму паступіў у тэатральна-мастацкі інстытут (сённяшнюю акадэмію). Скончыў бліскуча, не адрываючыся ад той самай шырмы, за якой звычайна хаваецца лялечнік.

    Іван ГЕРАСЕВІЧ (цытата):

    Дзеткі – самыя высакародныя гледачы, яны заўважаюць любы фальш. Дарослыя прамаўчаць, а малыя тут жа выгукнуць: вось, ён зрабіў тое ды тое!.. Так што нам, артыстам тэатра лялек, трэба працаваць і глядзець у абодва. У нас самы строгі глядач! 

    Ён не прапусціць халтуры! Яго не падманеш!

    Той, хто назірае за ігрой акцёра лялечнага тэатра, не павінен заўважыць “раздваенне асобы”: сапраўдны майстар настолькі ўжываецца ў ролю, што міжволі становіцца адным цэлым са сваім героем. Праз ляльку артыст паказвае ўласную сутнасць, свае эмоцыі ды настрой. І яшчэ пытанне, хто ў гэтым “тандэме” галоўны… Бо і лялька, адушаўлёная чалавекам, мае характар, нібыта жывая істота. Першай стаў Вадзянік. Вось з тае пары (ужо 52 гады!) і водзіць Герасевіч лялькі. На сёння больш за сотню набярэцца, і дарэмная справа пытацца, якая з іх любімая. Хто ж такое ў таткі пра роднае дзіцятка пытаецца? Каго толькі Івану Пракопавічу не даводзілася прадстаўляць у спектаклях: Анёла і Дэмана, кемлівага Салдата і Жалезнага Чалавека, Алі-Бабу і Мюнхаўзена…

    Завершым словамі “самага праўдзівага чалавека на Зямлі”: “Я зразумеў, у чым ваша праблема. Вы занадта сур’ёзныя. Усе глупствы робяцца менавіта з такім выразам твару… Усміхайцеся, спадары… Усміхайцеся…”

    …І ў 75 Герасевіч часам нябачны і заўсёды ўсмешлівы, як Чашырскі Кот з кніжкі пра Краіну Цудаў. Воляй-няволяй у яго верыш, нібыта ў “свята, што заўжды з табой”.

    Автор: Анатоль БЕНЗЯРУКСельская праўда

Комментарии (0)