20 Апреля, 2024 Суббота

Лепшыя традыцыі продкаў – нашчадкам

  • 06 июня 2018 Культура Беларуская 0

    У рамках Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік» Пастаўшчына ў чарговы раз збірае музыкантаў-аматараў і прафесіяналаў, лепшыя народныя і самадзейныя калектывы з усіх рэгіёнаў Беларусі і краін замежжа. Напярэдадні буйнога музычнага форуму наша размова са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Сяргеем ЧЭПІКАМ.  

    — Сяргей Васільевіч, фестываль «Звіняць цымбалы і гармонік» мае багатую гісторыю. На народнай музыцы розных краін і гарадоў, якая штогод падчас яго правядзення гучыць на пастаўскай зямлі, напэўна, вырасла ўжо цэлае пакаленне.  

    — Менавіта так. Гэта адзін з найстарэйшых і самых адметных фестываляў народнага мастацтва ў Беларусі. Яго гісторыя пачынаецца з першага рэспубліканскага свята «Грай, гармонік!», якое ў 1987 годзе праходзіла ў Віцебску, потым двойчы ў Магілёве. З 1992 года фестываль стала «прапісаўся» ў Паставах і праз чатыры гады набыў статус міжнароднага. Так што калі лічыць ад першай даты яго правядзення, то сёлета яму спаўняецца 29 гадоў.

    На Пастаўшчыне надзвычай беражліва перадаюць з пакалення ў пакаленне багатыя музычныя традыцыі продкаў. Дзякуючы гэтаму сёння фактычна толькі ў нас захаваліся дыятанічныя цымбалы, а сучасныя калектывы працягваюць развіваць асаблівую выканальніцкую школу груздаўскіх музыкаў. Тым самым пастаўская зямля застаецца ўзорам развіцця рэгіянальнай народнай культуры.

    Пастаўскі фестываль не ведае межаў. Штогод у ім удзельнічаюць усё новыя і новыя калектывы. Усяго за час яго існавання на канцэртных пляцоўках выступілі звыш 13 тысяч сама­дзейных і прафесійных артыстаў з двух дзясяткаў краін свету. Сёлета мы чакаем шырокае прадстаўніцтва музыкантаў з усіх рэгіёнаў Беларусі, а таксама з Расіі, Эстоніі, Літвы, Латвіі. Упершыню на свята ў наш горад прыедзе танцавальны калектыў з далёкай Індыі. Ён прывязе з сабой часцінку самабытнай усходняй культуры, такой непадобнай на нашу славянскую.

    — А чым яшчэ запомніцца сёлетні фестываль яго гасцям і шматлікім удзельнікам?

    — Пачну з таго, што бягучы год аб'яўлены ў Беларусі Годам малой радзімы. Пад яго эгідай на Пастаўшчыне праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў і акцый. Гэта тэматыка стала ключавой і пры распрацоўцы праграмы фестывалю. Да прыкладу, адзін з яе пунктаў — прэзентацыя буклета «Мелодыі азёрнага краю». Гэта зборнік песеннай творчасці пастаўскіх кампазітараў і паэтаў. Цудоўнае выданне, якое ўбачыла свет дзякуючы спонсарскай падтрымцы нераўнадушных да музыкі і вершаў людзей.  

    Яшчэ адна кніжная навінка, якая будзе прэзентавана падчас фестывалю, — даведнік «Гонар нашага краю». Ён з'явіўся вынікам навукова-даследчай работы супрацоўнікаў раённага краязнаўчага музея пра славутых навукоўцаў, якія нарадзіліся на Пастаўшчыне ці былі звязаны лёсам з ёй. Наша зямля багатая на таленавітых людзей у розных галінах і відах дзейнасці, у тым ліку і ў навуцы, і гэтае выданне лепшае таму пацвярджэнне. У ім сабрана больш за 50 артыкулаў са звесткамі пра землякоў, якія рабілі раней і працягваюць цяпер распрацоўкі ў матэматыцы, фізіцы, гісторыі, этнаграфіі, астраноміі, біялогіі, біятэхналогіі, медыцыне, юрыспрудэнцыі, літаратуры, мовазнаўстве і іншых сферах.

    Немагчыма абысці ўвагай свята традыцыйнай творчасці «Скарбонка народных талентаў», прысвечанае юбілею мясцовага Дома рамёстваў «Стары млын». Вось ужо 20 гадоў ён аб'ядноўвае ўмельцаў, якія годна працягваюць і памнажаюць лепшыя масцеравыя традыцыі пастаўскага краю. У раённым Доме культуры будзе арганізавана выстава, прысвечаная 60-годдзю Груздаўскага народнага цымбальнага аркестра, творчасць якога, па-сутнасці, стала вытокам фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік».

    Сімвалічна, что менавіта ў Год малой радзімы пасля доўгага перапынку мы ўзнаўляем традыцыю выступленняў замежных творчых калектываў на канцэртных пляцоўках у сельскай мясцовасці. У сувязі з такой высокай насычанасцю фестывальнай праграмы сёлета як ніколі многа задзейнічана канцэртных пляцовак і выставачных залаў: больш чым дзясятак непасрэдна ў райцэнтры і пяць — у аграгарадках. 

    — Сапраўды, арганізатары падрыхтавалі шмат новых праектаў у рамках фестывалю. А як наконт яго традыцыйных мерапрыемстваў?

    — Пастаўскі фестываль надзвычай папулярны і цікавы ў прафесійным плане як для артыстаў-аматараў, так і для прафесіяналаў. Год ад году ў музычных колах нашай краіны і за яе межамі яго аўтарытэт і прэстыж не зніжаюцца. Трымаць высокую планку найперш і дапамагае захаванне лепшых традыцый. І гэта тычыцца не толькі значных фестывальных мерапрыемстваў. Конкурс «Хто каго?», «Пастаўскі баль», «Горад майстроў», агляд-конкурс сельскіх падворкаў і інш. абавязкова пройдуць сёлета, як і ў мінулыя гады. Галоўная адметнасць Міжнароднага фестывалю народнай музыкі «Звіняць цымбалы і гармонік», якая садзейнічае таму, што цікавасць да яго з цягам часу не згасае, — высокі статус журы. Традыцыйна ў яго лік увахо­дзяць народныя артысты і кампазітары Беларусі, а ўзначальваюць прафесары Міхаіл Антонавіч Казінец і Міхаіл Паўлавіч Дрынеўскі. Мала які іншы фестываль краіны можа пахваліцца такім прадстаўнічым журы.  

    — Пастаўчане вядомыя сваёй гасціннасцю. Шмат сіл напярэдадні фестывалю было ўкладзена ў навядзенне парадку ў горадзе, каб шматлікім гасцям тут было ўтульна і ад наведвання нашага старажытнага гарадка ў іх засталіся толькі станоўчыя эмоцыі.

    — Сапраўды, зроблена нямала. Горад адказна рыхтаваўся да свята. Выкананы бягучы рамонт многіх будынкаў, участкаў дарог, фестывальных пляцовак у горадзе і сельскай мясцовасці. Ёсць задавальненне ад праведзенай работы, таму што перш за ўсё працуем для лю­дзей. Тое, што зрабілі сёння, застанецца пастаўчанам і пасля таго, як у горадзе адзвіняць цымбалы і гармонік. Разам з тым не плануем спыняцца на дасягнутым. Добраўпарадкаванне працягнецца, будзем рабіць усё магчымае, каб наш раён квітнеў, а людзям на пастаўскай зямлі жылося камфортна. Гэта агульная справа, і калі яшчэ і самі пастаўчане актыўна падключацца да яе, то разам нам многае пад сілу. 

    — Што пажадаеце ХХІХ Міжнароднаму фестывалю «Звіняць цымбалы і гармонік»?

    — Каб ён яркай старонкай увайшоў у музычны летапіс Пастаўшчыны, каб мова народнай музыкі стала галоўнай для зносін у гэтыя фестывальныя дні. Каб удзельнікі фестывалю спаўна раскрылі свой творчы патэнцыял, атрымалі радасць і задавальненне ад сустрэч з калегамі.

    Гутарыла Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ

    Автор: Людміла ЗелянкевічПастаўскі край

Комментарии (0)