У ноч з 6 на 7 ліпеня на спартыўна-турыстычным комплексе «Азёркі» прайшло традыцыйнае народнае свята Купалле.
На некалькі гадзін сасновы лес у Азёрках ператварыўся ў чароўную казку, поўную легенд і паданняў, народных абрадаў і гульняў. Усё гэта па-ранейшаму прыцягвае сотні людзей розных узростаў. Да пачатку і падчас свята дзейнічала выстава-продаж купальскіх вянкоў і сувеніраў Пастаўскага Дома рамёстваў, жадаючых набыць якія было шмат.
— У гэтым годзе тэатралізаванае прадстаўленне было падрыхтавана разам з інструктарамі-метадыстамі па турызме дзяржаўнага аб'яднання «Фізічная культура, спорт і турызм Пастаўскага раёна», — расказвала дырэктар Цэнтра культуры і народнай творчасці Ксенія Грэська. — І, напэўна, менавіта па гэтай прычыне яно атрымалася незвычайным для гледачоў.
Са сцэны турыстычнага комплексу гучалі беларускія народныя і сучасныя папулярныя песні ў выкананні эстрадных груп «Фантазія» і «Дзяўчаты», а таксама Паліны Балаш, Лады Аляксеевай, Дар'і Гагалінскай, Лізаветы Загурскай, Дзіяны Дзяменцьевай, Кацярыны Жук, Ксеніі Розман і Вольгі Нікалаевай. Увогуле, арганізатары паклапаціліся пра тое, каб падрыхтаваць вельмі цікавую праграму, дзе перапляліся старадаўнія традыцыі і сучасныя матывы. Разам з дзяўчатамі ў купальскіх вянках і цёткай Зельніцай на сцэну выходзілі Дзед Бай і Марыля, Валяр'яна і Яга. А Мальвіна і Наста арганізавалі сапраўдныя спартыўныя спаборніцтвы для ўсіх жадаючых. Удзельнікі конкурсаў паказвалі сваю сілу ў падыманні гіры, спрыт — у скаканні праз скакалку, уменне працаваць у камандзе — пры катанні на калодзе і іншае. За ўдзел у спаборніцтвах усе атрымалі прызы ад арганізатараў. Дзед Бай таксама рабіў падарункі: ён правёў розыгрыш сярод гасцей па ўваходных квітках, і 5 шчасліўчыкаў сталі ўладальнікамі сертыфікатаў на наведванне атракцыёнаў СТК «Азёркі».
Пакуль большасць гасцей атрымлівала асалоду ад тэатралізаванага прадстаўлення, астатнія маглі пагуляць па тэрыторыі комплексу, упрыгожанай драўлянымі пабудовамі і скульптурамі, і зрабіць памятныя фотаздымкі.
Фінальным акордам двухгадзіннай праграмы стаў рытуал ачышчэння агнём. Дзяўчаты і юнакі з факеламі ў суправаджэнні гасцей свята адправіліся на бераг возера Белае і запалілі велізарнае купальскае вогнішча. Яго полымя высока ўзнялося ў начное неба, асвятляючы ўсё навокал. На заканчэнне моладзь пускала па вадзе вяночкі (раней дзяўчаты так варажылі на будучы лёс). А потым усе дружна вадзілі карагоды пад народныя матывы. Кожны ў гэты момант быў упэўнены, што разам з агнём знікнуць праблемы і нягоды.
Наталля НалейФота аўтара
Комментарии (0)