20 Мая, 2026 Среда

Лесааднаўленне – па новай тэхналогіі

  • 26 мая 2015 Экономика Беларуская 0

    Адна з задач, якая сёння ставіцца перад лесаводамі  – стварэнне новых лясоў пасадачным матэрыялам з закрытай карнявой сістэмай. Гэта сучасная  тэхналогія шырока прымяняецца ў адной з лясістых краін свету – Фінляндыі, дзе 95 працэнтаў новых лясоў ствараецца менавіта такім чынам. На свае вочы пабачыўшы эфектыўнасць такой тэхналогіі, без прамаруджвання ўзяліся за яе ўкараненне работнікі лясной гаспадаркі нашай краіны. І ўжо зараз у гадавальніку ДЛГУ “Бярэзінскі лясгас” знаёмяць з распачатым сёлета новым метадам сваёй работы.

    У спецыяльныя касеты гэтай вясной пасеяна 32 тысячы 100 сеянцаў елкі звычайнай, 26 тысяч ячэек знаходзіцца ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна­насенняводчым цэнтры для высеву палепшаных саджанцаў  сасны звычайнай. І  ўжо ў наступным, 2016  годзе,

    бярэзінскія лесаводы мяркуюць высаджваць каля 50 пра­цэнтаў лясных культур матэрыялам з закрытай карнявой сістэмай.

    ­ Гэта сістэма, ­ гаворыць інжынер   па лесааднаўленні І.В. Дамаронак, ­ гарантуе значна большую прыжывальнасць раслін. Улічваючы, што кожны год мы высаджваем каля 400 гектараў новых лясоў, для нас гэта перспектыўнае выйсце. Да таго ж выкарыстоўваем палепшанае насенне. Такое насенне елкі сёлета набылі з маладых плантацый Крупскага лясгаса, насенне сасны – у Старадарожскім вопытным лясгасе. Акрамя высокай усходжасці і прыжывальнасці, такія расліны больш адаптаваныя да прыродных умоў. Насенне ў ячэйкі высяваецца ў Рэспубліканскім лясным селекцыйна­насенняводчым цэнтры, з якім мы заключылі дагавор. Адтуль забіраем касеты і выстаўляем іх на дарошчванне і далейшы догляд. 

    Такі догляд за саджанцамі елкі ажыццяўляецца 3­4 га­ды, а вось для вырошчвання саджанцаў сасны патрабуецца адзін год. Таму можна гаварыць пра ўкараненне новага метаду ўжо ў наступным годзе не толькі ў гадавальніку, але і ў лясных масівах.

    Тэхналогія вырошчвання саджанцаў з закрытай карнявой сістэмай, у адрозненне ад  ранейшай ­ у адкрытым грунце, больш дарагая. У той жа час, змяншаюцца затраты на праполку і апрацоўку раслін, якія звычайна праводзяцца не менш за 3­4 разы ў год.

    ­ Плануем больш укараняць работу з гербіцыдамі і механізмамі, ­ працягвае Іна Віктараўна. – Летась мы набылі прыстаўку з культыватарам для міжрадковай апрацоўкі пасеваў і абсталяваннем для хімічнай апрацоўкі. Дзякуючы такой тэхніцы змяншаецца доля ручной працы. Сёлета плануем набыць культыватар для паравых палёў, машыну для ачысткі і абяскрыльвання насення, мяркуецца будаўніцтва  цяпліц для вырошчвання пасадачнага матэрыялу з закрытай карнявой сістэмай.

    У цэлым, у гадавальніку вядзецца звычайная штогадовая работа: закладзена пасяўное аддзяленне, цяпер больш працуюць са школкамі, выконваецца праполка і чаранкаванне.

    ­ У нас каля 500 тысяч саджанцаў розных дэкаратыўных раслін – гэта сперэі, туі, кіпарысавікі, барбарысы, фарзіцыі і шмат іншых, ­ адзначае І.В. Дамаронак, ­ перасаджваем іх у гаршчкі для продажу пасадачнага матэрыялу.  Сёлета ад рэалізацыі мы зарабілі каля 800 мільёнаў рублёў, найбольш актыўна працуем з “Зелянбудам” горада Мінска, прадпрыемствам “Хатэй” з Жодзіна, набываюць саджанцы бярэзінцы і сталічныя жыхары. 

    Разам з павелічэннем колькасці саджанцаў пашыраецца іх разнастайнасць. Сёлета мяркуецца чарговая паездка ў Батанічны сад горада Мінска для чаранкавання раслін, якіх на дадзены момант у гадавальніку Бярэзінскага лясгаса няма. Усяго ў планах чаранкавання 100 тысяч раслін. Адначасова працягваецца перапрацоўка хваёвых шышак. Сёлета ўжо атрымана 450 кілаграмаў насення елкі звычайнай і 50 кілаграмаў насення сасны. Аказвалі дапамогу ў перапрацоўцы шышак Мінскаму і Капыльскаму лясгасам, зараз у рабоце насенне для Чэрвеньскага лясгаса.

    Аб’ём работы значны, тым больш, калі ўлічыць, што выконвае яго невялікі калектыў, на дадзены момант з 8 чалавек. Перш за ўсё інжынер па лесааднаўленні называе пастаянных работнікаў гадавальніка – Ганну Васільеўну Стасевіч, Таццяну Уладзіміраўну Казак, Аксану Мікалаеўну Каравую, Таццяну Сцяпанаўну Дзюбайла, Вольгу Уладзіміраўну Пятрову. Кожную вясну да іх далучаюцца часовыя работніцы ­ Вольга Анатольеўна Бандзік, Жанна Уладзіміраўна Фурс, Людміла Анатольеўна Шчурко. Усе яны старанна шчыруюць на сваім рабочым месцы, першымі ўласнымі рукамі ўкараняюць новыя тэхналогіі ў лесааднаўленні.

    На здымках:Вольга Уладзіміраўна Пятрова, Аксана Мікалаеўна Каравая, Людміла Анатольеўна Шчурко; Вольга Анатольеўна Бандзік дэманструе хваёвыя насаджэнні ў касетах.

    Фота аўтара.

     

    Автор: Ала АльферБярэзінская панарама

Комментарии (0)