05 Июня, 2026 Пятница

З маладым кіраўніком – каманда аднадумцаў

  • 15 июня 2015 Экономика Беларуская 0

    Корманарыхтоўшчыкі СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс» завяршылі першы ўкос траў. Скошана 655 гектараў травяных угоддзяў, што складае 126 працэнтаў да запланаванага. На ўмоўную галаву жывёлы прыпадае 2,65 цэнтнера кармавых адзінак, што на паўтара цэнтнера больш за адпаведны перыяд летась. 

    Касавіца ў гаспадарцы праходзіць арганізавана. Сёлета на аталезскіх сенажацях працаваў кормаўборачны мехатрад, які быў створаны сумесна з агранёманцамі. Гэта дазволіла ўкласціся ў вызначаны тэрмін і закласці якасныя кармы. А ад якасці нарыхтаваных кармоў, як вядома, будуць залежаць надоі малака і мясныя прывагі ў стойлавы перыяд. Такім чынам паказчыкі ў жывёлагадоўчай галіне філіяла закладваюцца ўжо сёння. І кіраўніцтва разумее важнасць данай кампаніі.

    – Мы строга прытрымліваліся тэхналогіі і паклалі ў траншэю толькі правяленую зялёную масу вільготнасцю да 45 працэнтаў, выканаўшы пастаўленую задачу, – сказаў кіраўнік сельскагаспадарчага філіяла Аляксандр Дударэвіч. – Належным чынам траву затрамбавалі. Накрылі, згодна з патрабаваннямі, поліэтыленавай плёнкай. Прыціснулі яе ўздоўж усёй траншэі гумавымі шынамі. Працавалі тры дні. Дарэчы, запоўнілі на МТФ «Аталезь» менавіта новую сянажную траншэю, будаўніцтва якой завяршылі да пачатку корманарыхтовак. Будавалі гаспадарчым спосабам, таму і справіліся хутка. Абышлася траншэя нам даволі танна, з усімі затратамі – 35 мільёнаў рублёў. На гэтай ферме плануем узвесці яшчэ адну такую траншэю і пачалі будаўніцтва дзвюх на МТФ «Апечкі». Усе ўмяшчальнасцю па 2,5 тысячы тон.

    Разам з кіраўніком выехалі на поле, дзе працавала тэхніка. Кормаўборачны атрад ужо шчыраваў у «Агранёманскім», а працаўнікі філіяла звозілі рулоны з сенам, запакаваным у палімерную плёнку, бліжэй да фермы.

    – Надвор'е спрыяе, і мы цяпер займаемся нарыхтоўкай сена, – патлумачыў Аляксандр Дзмітрыевіч. – Абкошваем усе ўчасткі, якія засталіся. Уласнага прэс-падборшчыка з абмотчыкам рулонаў у нас няма, але мяркуем набыць. Тэхніка хоць і дорага каштуе, але абгортваць траву ў плёнку выгадней, ды і такія кармы больш пажыўныя. Зараз карыстаемся «чужым» прэсам. Адным словам, мяняемся з арганёманцамі. Калі яны закладваюць яму, то мы прасуем  кармы, і наадварот. Скошваем траву на сена дзвюма дзевяціметровымі касілкамі з плюшчылкамі. І гэта вельмі важны момант – бабовыя травы трэба абавязкова плюшчыць, каб яны хутчэй правяльваліся.

    На пагрузчыку «Амкадор» з захватам шчыраваў малады механізатар Сяргей Лапко, які папярэдне быў заняты на трамбоўцы зялёнай масы. На адвозцы рупіўся перадавы і таксама малады механізатар Максім Паплаўскі, якому сёлета даручылі новы энерганасычаны трактар «Беларус-1523». У пары з ім – вопытны Сяргей Грыгор'еў. Дарэчы, да трактара Максіма падчапілі  «шаланду», якую зрабілі сваімі сіламі па тыпу завадской і сэканомілі нямала грошай. На прычэп можна загружаць да 30 рулонаў, а гэта каля 15 тон кармоў. Такім чынам і трактар будзе выкарыстоўвацца рацыянальна, і эканомія паліва відавочная.

    Як расказвае Аляксандр Дударэвіч, рулоны механізатары загружаюць беражліва і стараюцца не парваць плёнку. Напярэдадні з работнікамі правялі сход, на якім папярэдзілі, што з вінаватага за недагляд  будуць спаганяцца грошы. Здараецца, аднак і непрадбачанае, тады сапсаваны рулон адвозяць на ферму, дзе адразу скормліваюць жывёле. Працуе на нарыхтоўцы кармоў і студэнт-практыкант Андрэй Нагорны, які атрымлівае спецыяльнасць агранома ў Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэце.

    – Андрэй кантраляваў якасць трамбоўкі сянажнай ямы і вёў адпаведную дакументацыю, – дадаў кіраўнік. – Сёлета ён заканчвае навучальную ўстанову, у жніўні прыйдзе працаваць у гаспадарку і зойме пасаду галоўнага агранома. У нас нямала маладых спецыялістаў, у тым ліку і галоўны інжынер Яўген Лявончык. Намеснікам па раслінаводстве працуе Міхаіл Севасцьяновіч. Мы стараемся і прыцягваем на работу людзей, якія папярэдне звольніліся. Заахвочваем іх заработнай платай: хто стараецца і добра працуе, той няблага зарабляе.

    І гэта вельмі добра, што ў гаспадарку прыходзяць на працу і застаюцца маладыя кадры спецыялістаў і механізатараў. Падбіраецца каманда аднадумцаў і ў маладога кіраўніка, а гэта значыць, што справы тут павінны неўзабаве наладзіцца.

    Дарэчы, у гаспадарцы імкнуцца і на будучае закласці неблагую кармавую базу з такіх перспектыўных і багатых бялком шматгадовых бабовых траў, як баркун і люцэрна, якіх пасеюць сёлета адпаведна 100 і 42 гектары. 

    – Плануем, і дзеля гэтага прымаюцца адпаведныя захады, нарыхтаваць сёлета якасныя кармы і ў поўным аб'ёме, – падвёў вынік Аляксандр Дударэвіч. – Пасля касьбы правялі падкормку сенажацяў, каб атрымаць паўнацэнныя другі і трэці ўкосы. І кукурузу зараз падкормліваем азотнымі ўгнаеннямі. Адным словам, людзі стараюцца, а значыць, усё павінна скласціся добра.

    На здымках: кіраўнік сельскагаспадарчага філіяла Аляксандр Дударэвіч і яго намеснік па раслінаводстве Міхаіл Севасцьяновіч вырашаюць вытворчыя пытанні; добры настрой у аднаго з лепшых механізатараў Максіма Паплаўскага; малады механізатар Сяргей Лапко і студэнт-практыкант Андрэй Нагорны.

    Фота Васіля ЗЯНЬКО 

    Автор: Надзея БАТАЛКАПрамень

Комментарии (0)