25 Апреля, 2024 Четверг

Ад зямлі – хлеб, а ад хлеба – багацце!

  • 28 июля 2015 Экономика Беларуская 0

    Хлебаробы філіяла “Здравушка­агра” яшчэ ў мінулы чацвер прыступілі да абмалоту зерневых культур, аднак на наступны дзень былі вымушаны заглушыць маторы камбайнаў.

    Нагода для гэтага была важная: на палетках гаспадаркі праходзіла традыцыйнае раённае свята зажынак. Яно, згодна з народным абрадам і  данінай  модзе, дае старт уборачнай кампаніі і ўсхваляе працу хлебаробаў, багацце зямелькі­матухны і збожжа новага ўраджаю.

    Паплаўчане добра пад­рыхтаваліся да свята. Прама на полі ўздоўж пляцоўкі размясцілася тэхніка гас­падаркі. Гэта ­ магутныя “МАЗ“ і “МАЗ” з прычэпам, якія будуць адвозіць збожжа новага ўраджаю ад камбайнаў. Не будуць у бліжэйшыя тыдні прастойваць і прэс, і пагрузчык, і трактар па адвозцы саломы. Дзякуючы гэтаму арсеналу, не застануцца без справы і сейбіты: не за гарамі агранамічныя тэрміны сяўбы азімага рапсу. Спатрэбіцца гэтым гарачым летам і спецмашына, і пажарная машына. Насупраць тэхнікі выстраіліся віноўнікі свята – хлебаробы, камбайнавыя экіпажы. За імі побач размясціліся камбайны. Яны выглядалі вельмі велічна на фоне ярка ўпрыгожанай сцэнічнай пляцоўцы, дзе пачэснае месца займала выстава зажыначных снапоў ад гаспадарак раёна.

    Хлебароб! Святое слова! Святая справа! Гонар усіх часоў і народаў! Вы першымі на золку вітаеце ніву, кланяецеся ёй, шануеце яе. Вы, стомленыя працай, апошнімі развітваецеся з сонейкам. Гэта вашы рукі – шурпатыя, мазолістыя, напрацаваныя – самыя прыгожыя і пяшчотныя, бо з іх працы – багацце, радасць і шчасце зямлі! Гэтыя словы вядучых знайшлі свой лагічны працяг у прывітальным слове да ўдзельнікаў свята старшыні райвыканкама Сяргея Дзмітрыевіча Ленкаўца.

    ­ Шмат было зроблена аграрыямі на палетках у гэтым сельскагаспадарчым го­дзе, ­ гаварыў прамоўца, ­ і вось надышоў доўгачаканы час жніва. На палях зіхаціць спелы колас. Сёлета ён з­за капрызаў надвор’я менш важкі, чым летась, аднак  яго трэба ўбраць якасна і без страт. Дзеля гэтага павінна быць наладжана належнае матэрыяльнае стымуляванне земляробаў, строгае выкананне тэхналагічных патрабаванняў і норм. Ніяк нельга дапусціць няшчасных выпадкаў на жніве.

    Словы кіраўніка раёна пацвярджае гатоўнасць сельгаспрадпрыемстваў да жніва. На лінейцы гатоўнасці стаіць уся збожжаўборачная тэхніка, вырашаны пытанні з работай зернесушыльных комплексаў і тэхнікай для ўборкі саломы, зроблены запас    запчастак,    сфарміраваны надзейныя камбайнавыя экі­пажы. У гэтым    годзе   хлебаробам трэба абмалаціць 20552 гектары палеткаў. Нагрузка на камбайн налічвае каля 220 гектараў. Патрабуецца як мага хутчэй управіцца з зерневымі культурамі. Прыспешваюць селяніна не толькі ўборка саломы, ворыва зябліва, сяўба азімага рапсу, але і надзвычай непрадказальнае лета са сваёй гарачынёй і праліўнымі навальнічнымі дажджамі.

    Зрабіць надвор’е больш лагодным і спрыяльным для земляроба закліканы народныя традыцыі, якія строга выконваюцца на бярэзінскіх зажынках. У народзе існуе такая традыцыя: каб сабраць багаты ўраджай, новы хлеб павінен “выязджаць” на старым. Таму старшыня райвыканкама атрымаў каравай з мінулагодняга намалоту і традыцыйны зажыначны сноп, сабраны пад народныя спевы фальклорнага калектыву “Паплаўчанка”.

    Жыццё не стаіць на месцы. І вось ужо сучасныя традыцыі задаюць тон жніву. Так, вызначальнай прыкметай свята стаў конкурс на лепшы сноп. Падарунак за яго ад аб’яднання “Фонд міру” ўрачыста быў уручаны кіраўніку ААТ “Бя­рэзінскі” Мікалаю Пятровічу Грынкевічу. Менавіта сноп яго гаспадаркі аказаўся для членаў журы самым багатым і важкім.

    Па традыцыі, асабліва ўзнёслым атрымалася на мерапрыемстве ўшанаванне хлебаробаў. У гонар іх вы­конваліся народныя песні, дзяўчаты­прыгажуні ўручалі ім караваі і падарункі. Яны першымі атрымалі боскае блаславенне на сялянскую працу.

    ­ Частуйцеся хлебам, набярыцеся моцы, каб шчасліва новы хлеб здабывалі, ­ гаварылі хлебаробам вядучыя. ­ Дзякуй Богу і вам, каб былі мы з хлебам да новага ўраджаю. Любіце зямлю, беражыце, і яна вам аддзячыць!

    Не абышлося на зажынках без малебна, а таксама ўручэння сімвалічнага падарунка гаспадарцы ­ гаспадыні свята. Райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу ўручыў дырэктару філіяла “Здравушка–агра” Георгію Паўлавічу Шарко фотаапарат. Ён будзе запатрабаваным для ўшанавання лідараў уборачнай кампаніі.

    І вось нарэшце надышоў доўгачаканы святочны момант пачатку жніва. Права першым вывесці камбайн у поле сёлета атрымалі пераможцы мінулагодняга жніва філіяла “Здравушка­агра” Ігар Аляксандравіч Капанец, Уладзімір Міхайлавіч Сігаеў, а разам з імі старшыня райвыканкама Сяргей Дзмітрыевіч Ленкавец. Пад гучныя апладысменты і шчырыя пажаданні ўдзельнікаў свята першая ніва была лёгкай і ўраджайнай.

    Досыць, досыць жыту

                                    ў полі стаяці,

    Пара па ядронаму жыту

                        камбайнам гуляці,

    Пара ядронае жыта

                           ў засек засыпаці.

    Фота Алены ГРОМАВАЙ. 

    Автор: Мілана ТРАПЯНОКБярэзінская панарама

Комментарии (0)