20 Апреля, 2024 Суббота

Змяніўся падыход да дрэваапрацоўкі

  • 23 ноября 2015 Экономика Беларуская 0

    Сёння на тэрыторыі раёна функцыянуюць 24 прадпрыемствы дрэваапрацоўкі, у тым ліку 18 – недзяржаўнай формы ўласнасці. З улікам таго, што ў іх рабоце не абыходзілася без парушэнняў, па ініцыятыве раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі быў распрацаваны  план мерапрыемстваў па навядзенні парадку. У сакавіку 2015 года план быў зацверджаны старшынёй райвыканкама. У ім пастаўлены канкрэтныя задачы перад кожным прадпрыемствам дрэваапрацоўчай галіны.

    Для адпрацоўкі пытанняў утрымання тэрыторыі, падзелу яе на зоны згодна з прызначэннем, вытворчай санітарыі ў маі бягучага года быў арганізаваны семінар на базе ПВГУП «Лесфармінвест плюс». 11-га лістапада таксама прайшоў семінар – на базе РУВП «Навасвержанскі лесазавод». 

    У кастрычніку – лістападзе санітарнай службай раёна праведзены маніторынг 21 аб'екта дрэваапрацоўкі. Асноўная ўвага –  ходу выканання вышэйзгаданага плана мерапрыемстваў.     

    Разам з загадчыцай аддзела гігіены Аленай Лойка наведваем ТАА  «Мідас Плюс», якое працуе ў Кнотаўшчыне. З першага знаёмства відавочна, што яго невялікая тэрыторыя ўтрымліваецца ў чысціні, своечасова абкошана. Яна без асфальтавага пакрыцця, але і без ямін і калдобін. У плане мерапрыемстваў у адносінах да «Мідас Плюс» акурат і значыліся рамонт праездаў, агароджы, вытворчага цэха, бытавога памяшкання… Дырэктар прадпрыемства Ірына Расолька тлумачыць, што ўсе недахопы пастараліся ўхіліць.

    Найбольш відазмянілася бытавое памяшканне. «У параўнанні з ранейшай карцінай, калі былі проста голыя сцены, – прыгадвае Алена Лойка, – цяпер у бытоўцы ўсё новае – шпалеры, лінолеум, жалюзі. Аснасцілі яе неабходнымі электрабытавымі прыборамі. Зроблена печка. Закуплена медаптэчка, пітная вада ў бутэльках. Інвентар для ўборкі прамаркіраваны».

    Дырэктар праводзіць па тэрыторыі. Не ўзнікае пытанняў адносна захоўвання матэрыялаў, складзіравання металалому – для гэтага створаны ўпарадкаваныя пляцоўкі. «Адходы ў нас услед забірае ААТ „Радзіма Якуба Коласа“, – гаворыць гаспадыня пра апілкі. Прадукцыя ж прыватнай піларамы – дошкі, брусок – ідзе ў тым ліку і на экспарт. У вытворчым цэху ўсе рабочыя працуюць у навушніках, спецадзенні. Ірына Расолька асабіста кантралюе працэс і нярэдка сама, апрануўшы рабочы камбінезон, становіцца да станка. „Пасля факта вытворчай траўмы мы з гэтым не жартуем“, – згадвае яна ўжо атрыманы прадпрыемствам урок па ахове працы. У ходзе размовы спецыяліст санітарнай службы рэкамендуе заключыць дагавор на мыццё спецадзення.

    Калісьці на пілараме быў і пажар, таму для аддзелкі сцен у вытворчым цэху выбраны незгаральны матэрыял – металапрофіль. Ён атрымаў падтрымку і з боку санітарнай службы, бо яго лёгка абмесці, памыць. Вызначана месца для курэння. На кантэйнернай пляцоўцы заўважаем самаробны, драўляны, кантэйнер, на што Ірына Расолька каменціруе: „Заказалі тыпавыя кантэйнеры ў аб'яднанні камунальных службаў. Ужо некалькі месяцаў чакаем свайго заказу“.

    Радуе тое, што дырэктар  „Мідас Плюс“ сама праяўляе зацікаўленасць у добраўпарадкаванні, таму, відавочна, і дасягнуты высокі працэнт выканання плана мерапрыемстваў. 

    Станоўчая дынаміка характэрна і для РУВП „Навасвержанскі лесазавод“, хаця дзяржаўнае прадпрыемства, у параўнанні з большасцю прыватных аб'ектаў дрэваапрацоўкі, мае зусім іншы маштаб і тэрыторыі, і вытворчых памяшканняў.

    – Пытанняў шмат, і хацелася б вырашыць іх хутчэй і ўсе адразу, – выказвае сваю пазіцыю дырэктар завода Васіль Дзейчык. – Добраўпарадкаванне вядзем паралельна з рэалізацыяй праектаў па развіцці завода.

    З новага – на тэрыторыі з'явілася кантэйнерная пляцоўка з тыпавымі кантэйнерамі. Да кацельні пракладзена дарожка з тратуарнай пліткі. Унутры мехмайстэрань – рамонт, які закрануў дах, вокны (заменены на новыя), падлогу, сцены. Работы працягнуцца і па знешняй „рэабілітацыі“ будынка. 

    Умовы працы і быту лесазаводцаў адпавядаюць усім сучасным стандартам. З пачатку года на спецадзенне і сродкі індывідуальнай аховы было выдаткавана 139 мільёнаў рублёў. На месцы былога ведамаснага медпункта аснашчаны гардэробы і санвузлы, бытоўкі мужчынскія і жаночыя. „Халадзільнік набылі летась за прафкамаўскія сродкі“, – заўважае наконт іх аснашчэння неабходнымі электрабытавымі прыборамі інжынер па ахове працы Станіслава Пархімовіч. Адноўлены душавыя. Асобнае памяшканне выдзелена для сушкі адзення і абутку, таму што праца некаторых работнікаў праходзіць на вуліцы. У работнікаў кацельні – свая бытоўка, санвузел, атмасферу ў ёй аздабляюць кветкі. „У калектыве кацельні працуюць не толькі мужчыны“, – гэта майстар парасілавой гаспадаркі Генадзь Макаранкаў дае зразумець, чыімі рукамі падтрымліваецца падобны імідж.

    Дагледжаная ў цэлым і тэрыторыя лесазавода. Адходы ў выглядзе кары накіроўваюцца прама ў топку катла – ёю ацяпляюцца будынкі. Па пятніцах адходы падмятаюць з дапамогай трактара са шчоткай. Праблемай застаецца рамонт старога ўчастка лесапілення (нягледзячы на новую лінію, ад яго эксплуатацыі завод адмовіцца не можа), а таксама стан тэрыторыі вакол яго. Лакальна штосьці робіцца, але, каб навесці парадак, тэрыторыю неабходна асфальтаваць. На гэта ў вытворцаў не хапае сродкаў. Два невялікія ўчасткі сёлета былі забетаніраваны – пад новую машыну, якая сячэ нетаварную драўніну, і пад выгрузку вагонаў, – але гэтага найперш запатрабавалі інтарэсы вытворчасці, арыентаванай на экспартныя пастаўкі.

    У ходзе маніторынгу аб'ектаў дрэваапрацоўкі выяўлены і адмоўныя факты. Так, беспарадак зафіксаваны на тэрыторыі ТАА „Вівалія“ (захламленасць вытворчымі адходамі, шынамі і т. п.), ТДА „Дзінез“ і ТАА „Белсервисснаб“ (ня- своечасова арганізавана ўборка бытавога смецця ў гаспадарчай зоне). Адно з нямногіх прадпрыемстваў, якое не было абкошана, з разламанай агароджай і раскіданымі дапаможнымі матэрыяламі  – ПУП „Лапко“.       

    Каментарый спецыяліста

    – Прапанаваны план мерапрыемстваў выкананы прадпрыемствамі дрэваапрацоўкі не поўнасцю, але ён садзейнічаў значнаму паляпшэнню сітуацыі, надаў гэтай рабоце сістэмнасці, – дала ацэнку пасля праведзенага маніторынгу загадчыцааддзела гігіены ДУ „Стаўбцоўскі РЦГіЭ“ Алена ЛОЙКА. – На 100 працэнтаў рэалізаваны план   індывідуальным прадпрымальнікам Д. В. Боханам. Высокі працэнт яго выканання ў ТАА „Мідас Плюс“, ПВУП „Мядзведзь Тайгі“, ТАА „БорЛесПрам“, РУВП „Навасвержанскі лесазавод“. З боку кіраўнікоў змяніўся падыход да арганізацыі ўмоў працы і быту работнікаў. Пакоі прыёму ежы анашчаны электранагравальнымі прыборамі. Вырашана пытанне з медаптэчкамі. Практычна на ўсіх прадпрыемствах, за выключэннем ТАА „Белсервисснаб“, працаўнікі забяспечаны спецадзеннем. Не ўстаноўлены факты захламленасці рабочых месцаў прамысловымі адходамі. На большасці прадпрыемстваў палепшыўся стан вытворчых тэрыторый. Сярод характэрных парушэнняў застаюцца адсутнасць агароджы тэрыторыі або неабходнасць яе рамонту, а таксама добраўпарадкаванне пад'язных шляхоў. Работа ў гэтым накірунку працягваецца, сітуацыя застаецца на кантролі.

    Да ведама 

    За 2011-2015 гады за нездавальняючы стан піларам накладзена 58 штрафаў на суму 103 320 000 рублёў. У адносінах да некаторых службовых асоб (кіраўніцтва ПП „ФэнсіВок“, ТАА „Сабук“, ТАА „Белсервисснаб“, ТАА „МовітЭкспа“) штрафы накладвалі неаднаразова.  

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень

Комментарии (0)