25 Апреля, 2024 Четверг

Альба пабудавала на Суле фарэлевую гаспадарку

  • 10 апреля 2016 Экономика Беларуская 0

    Участак «Сула» ААТ «Альба» распачаў сваю работу на Стаўбцоўшчыне 15 лютага 2016 года. Назва ўчастка падкрэслівае месца яго размяшчэння – на рацэ Сула. Яго калектыў ужо адгрузіў гіпермаркетам і буйным сеткавым магазінам рэспублікі 12 тон фарэлі, яшчэ 15 тон падрыхтавана да адпраўкі. Попыт на яе не меншы, чым на тую ж нарвежскую ці шведскую фарэль. Па спажыўных якасцях, смакавых уласцівасцях яна нічым не адрозніваецца ад імпартнай. Усяго да канца бягучага года на «Суле» гатовы вырасціць гэтага каштоўнага віду рыбы каля 100 тон. І гэта толькі пачатак, як запэўнілі рыбаводы падчас нядаўняга наведвання вытворчасці прадстаўнічай дэлегацыяй на чале са старшынёй  Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаілам Мясніковічам.    

    «Альба» з'яўляецца адным са старэйшых прадпрыемстваў рэспублікі па вытворчасці рыбы. У «радзівілаўскіх» сажалках нагульваюць тлушч карп, шчупак, сом. Пры праектнай магутнасці прадпрыемства ў 80 тон сажалкавай рыбы ў год тут ужо даўно перасягнулі гэты ўзровень больш як у два разы. Каб развівацца, напрыканцы 2012 года распачалі новы праект па будаўніцтве фарэлевай гаспадаркі. Значнасць гэтага праекта падкрэслівае факт уключэння ў дзяржаўную праграму развіцця рыбнай галіны на 2010–2015 гады. Больш таго,  «Альба» стварыла першую на тэрыторыі Мінскай вобласці дзяржаўную фарэлевую гаспадарку, дзе фарэль вырошчваецца на прамысловай аснове.

    Месца для будаўніцтва выбрана невыпадкова: вада з Сулы, дзе ў натуральных умовах водзіцца ручаёвая фарэль, занесеная ў Чырвоную кнігу, паступае ў вытворчыя басейны, і ў ёй ужо самой прыродай створаны ўсе ўмовы, неабходныя для вырошчвання гэтага каштоўнага віду рыбы.

    Па нямецкай тэхналогіі

    – Вада ў басейны можа паступаць як з ракі, так і са свідравіны ў залежнасці ад тэхналогіі і неабходнай тэмпературы вады. Назад у раку яна вяртаецца чыстай, прайшоўшы праз сучасную сістэму біяачысткі, – расказаў дырэктар ААТ «Альба» Міхаіл Трусевіч. – Увесь комплекс па вырошчванні фарэлі спраектаваны інстытутам «Белгіправодгас» па нямецкай тэхналогіі. Праект падзелены на дзве чаргі. З выкарыстаннем крэдытных рэсурсаў Банка развіцця рэалізавана першая чарга праекта. Яе магутнасці разлічаны на вытворчасць 134-х тон таварнай рыбы. Узведзены закрыты модуль для вытворчага працэсу круглы год і адкрыты модуль – ва ўмовах цёплага сезона, а таксама створана практычна 70 працэнтаў інфраструктуры. На стадыі завяршэння – праектныя работы на другую чаргу праекта, з рэалізацыяй якой да 2018-2019 гадоў з'явіцца магчымасць павялічыць аб'ёмы таварнай фарэлі са 134-х тон да 270. Акупіць гэты праект мяркуецца на працягу сямі гадоў.

    Дырэктар прадпрыемства падкрэсліў: цяпер мы вывучаем рынак, але першы вопыт рэалізацыі прадукцыі засведчыў яе запатрабаванасць і канкурэнтаздольнасць у параўнанні з аналагічнай прадукцыяй, якая завозіцца ў рэспубліку з-за мяжы. Зацікавіліся ёю, дарэчы, і расіяне. Праўда, вытворцы пакуль не гатовы забяспечыць «апетыты» суседзяў. Іх асноўны арыенцір – насыціць унутраны рынак свежай рыбай, карыснай утрыманнем амега-3 амінакіслот, неабходных для нармальнага функцыянавання сардэчна-сасудзістай і нервовай сістэм чалавека. Напэўна, за гэта фарэль і адносіцца да каштоўных відаў рыбы. Пры гэтым неабходна ўлічваць, што 99 працэнтаў фарэлі, якая рэалізуецца на прылаўках беларускіх магазінаў, вырашчана ў штучных умовах.

    У немарской дзяржаве

    Пра перспектывы развіцця рыбнай галіны Беларусі расказаў журналістам падчас наведвання ўчастка «Сула» ААТ «Альба» старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Міхаіл Мясніковіч:

    – Папярэдні састаў урада паставіў перад сабою амбіцыёзную задачу: максімальна забяспечыць краіну сваёй рыбай. Прычым, разам з нарошчваннем аб'ёмаў традыцыйных парод сажалкавай рыбы быў зроблены ўхіл на самазабеспячэнне каштоўнымі відамі рыбы: асятровымі, фарэлевымі. Была падрыхтавана адпаведная праграма. Хоць яна і не выканана ў поўным аб'ёме, але адбыліся сур'ёзныя зрухі. Хацеў бы выдзеліць у першую чаргу Магілёўскую вобласць, якая ў мінулай пяцігодцы ўвяла ў строй шэраг магутнасцяў па вытворчасці каштоўных парод рыбы – у цэлым на 700 тон рыбы ў год (наша задача – выйсці на вытворчасць 3,8–4 тысяч тон каштоўных парод рыбы і не менш чым на  24–27 тысяч тон сажалкавай рыбы). Дастаткова актыўна апошнім часам пачала займацца гэтым і Мінская вобласць. Неабходна разумець далікатнасць тэмы, таму што мы маем справу з аквакультурай. Усе каштоўныя віды рыбы вырошчваюцца ў штучных умовах (гэта не нагульныя сажалкі для карпа і іншых прэснаводных відаў рыбы), і гэта патрабуе жорсткага выканання тэхналогіі. Выдаткі для вырошчвання фарэлі значна большыя, чым для вырошчвання іншай прэснаводнай рыбы, аднак яны акупляюцца.

    Хацеў бы звярнуць увагу, што пытанне развіцця рыбнай галіны не вырашаецца адным толькі нарошчваннем аб'ёмаў вытворчасці. Ствараецца поўны тэхналагічны цыкл, ідзе выбудоўванне ўласнай сістэмы ў комплексе. Дзякуючы Прэзідэнту краіны ў Горках быў створаны комплекс па вытворчасці малька фарэлі, і ўжо ўсе нашы гаспадаркі забяспечаны беларускім, а не імпартным, пасадачным матэрыялам. Гэта таксама складаная сфера, якая патрабуе дакладнага выканання тэхналогіі. Акрамя таго, зроблены захады для прамысловай перапрацоўкі фарэлі: вытворчасці кансерваў з рыбы ўведзены на прадпрыемстве «Санта-Брэмар», дабавіла магутнасцяў «Белрыба» і ў маі–чэрвені бягучага года плануецца ўвод праекта на 10 мільёнаў банак кансерваў у Любані. У шырокім асартыменце павінна быць прадстаўлена паўфабрыкатная прадукцыя з рыбы – у свежым, ахалоджаным, упакаваным пад вакуумам выглядзе, што, несумненна, спадабаецца нашым гаспадыням.                        

    Кошт – ад слова каштоўны           

    Калі падыходзіш бліжэй да басейна, здаецца, рыбы ў ім не так і многа. Водная гладзь спакойная, толькі дзе-нідзе з глыбіні 1,8 метра мільгане з тоўшчы юркая рыбіна. Але калі рыбавод сыпануў корму, уся водная гладзь імгненна прыйшла ў рух, захвалявалася…  

    У фарэлі, як аказалася, шасціразовае, праз кожныя чатыры гадзіны, харчаванне. За ўсімі працэсамі – пастаянны кантроль спецыялістаў. Выкананне іх механізавана, таму фарэлевая гаспадарка абыходзіцца штатам у шэсць чалавек. Лагістычныя, бухгалтарскія задачы вырашаюцца ў Нясвіжы, на базе ААТ «Альба».

    Хочацца сказаць, што фарэль у нашых магазінах нятанная – каля 90 тысяч рублёў за кілаграм. Аднак, відавочна, гэтая рыба патрабуе пастаяннага догляду, захавання рэжыму ўтрымання і, напэўна, таму не можа каштаваць нароўні з, напрыклад, тым жа папулярным карпам. І ўсё-такі дырэктар ААТ «Альба» Міхаіл Трусевіч у будучым бачыць рэзерв для зніжэння цаны – гэта пераход, пры ўмове атрымання станоўчых вынікаў, з камбікармоў польскіх вытворцаў на айчынныя, больш танныя.

    Будаўніцтва на Стаўбцоўшчыне фарэлевай гаспадаркі – гэта інвестыцыі ў раён, якія нясуць з сабою развіццё і перспектыву.

    Фота Васіля ЗЯНЬКО 

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень

Комментарии (0)