04 Мая, 2024 Суббота

Ідзе падрыхтоўка да дэнамінацыі

  • 18 мая 2016 Экономика Беларуская 0

    Да 1-га чэрвеня на цэнніках ва ўсіх магазінах абавязкова павінны быць пазначаны дзве цаны – у грашовых знаках 2000 і 2009 гадоў. Такое патрабаванне Міністэрства гандлю ў сувязі з аб'яўленай з 1-га ліпеня дэнамінацыяй.

    У магазінах райспажыўтаварыства «двайныя» цэны ўжо ўкаранёны, прыватным жа гандлёвым кропкам неабходна гэта зрабіць. «Аддзелам эканомікі райвыканкама будзе ажыццяўляцца маніторынг таго, як выконваецца гэтае патрабаванне, – падкрэсліла намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч, папярэдзіўшы адзін важны нюанс: – Недапушчальны рост цэн і тарыфаў пры акругленні коштаў».  

    Падрыхтоўка да аб'яўленай у нашай краіне дэнамінацыі і звязаныя з ёю змяненні ў правілах гандлю сталі цэнтральнай тэмай сустрэчы прадстаўнікоў раённага выканаўчага камітэта з юрыдычнымі асобамі і індывідуальнымі прадпрымальнікамі раёна, якія ажыццяўляюць рознічны гандаль. У сувязі з увядзеннем у абарот з 1-га ліпеня капеек, намеснік начальніка інспекцыі па падатках і зборах па Стаўбцоўскім раёне Эла Вярэніч звярнула ўвагу на неабходнасць замены касавых апаратаў, а таксама на аснашчэнне гандлёвых кропак плацежнымі тэрміналамі. Да слова, з мэтай кантролю за плацельшчыкамі ідзе ўкараненне такога новаўвядзення, як электронныя «рахункі-фактуры». Оперупаўнаважаны райаддзела міліцыі Вадзім Кутас звярнуўся з тым, каб папярэдзіць грамадзян у сувязі з запланаванай дэнамінацыяй ад магчымых махлярстваў і іншых злачынных дзеянняў – ён прадаставіў ІП плакаты з узорамі старых і новых грошай для размяшчэння ў гандлёвых аб'ектах.    

    Абмяркоўваліся і іншыя надзённыя тэмы, якія хвалююць як кантрольныя органы, так і тых, хто займаецца рэалізацыяй тавару. Як зазначыла Ірына Пашкевіч, гандлёвым аб'ектам раёна прадстаіць у бліжэйшы час сур'ёзнае выпрабаванне – праверка з боку Гандлёвай інспекцыі, якая дзейнічае пры Міністэрстве гандлю Рэспублікі Беларусь. У першую чаргу неабходна звярнуць увагу на асартыментны пералік і яго дакладнае выкананне. Таварам айчыннай вытворчасці, у тым ліку стаўбцоўскіх прадпрыемстваў, павінны быць аддадзены прыярытэтныя, на ўзроўні нашых вачэй, месцы на вітрынах. Недапушчальныя факты рэалізацыі пратэрмінаванай, няякаснай прадукцыі ці той, якая не адпавядае санітарным нормам. З боку санітарнай службы раёна ўзмоцнены кантроль за работай гандлёвых аб'ектаў, якія рэалізуюць харчовыя прадукты, аб'ектамі прыдарожнага сэрвісу.

    – Наша пазіцыя – адназначна жорсткая і прынцыповая, з накладаннем штрафных санкцый, а пры выяўленні паўторных аднатыпных парушэнняў у бягучым каляндарным годзе – з прыпыненнем эксплуатацыі гандлёвага аб'екта на тэрмін да 90 дзён, – падкрэсліла загадчыца аддзела гігіены раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Алена Лойка.

    Варта задумацца, таму што прыбытку ад магазіна, які на замку, не чакай, толькі страты… А каб пазбегнуць прадпісанняў за продаж прадукцыі, што трапіла ў «чорны» спіс як неадпаведная санітарным нормам, небяспечная, то прадпрымальнікам варта часцей заходзіць на сайт райвыканкама, дзе гэтая інфармацыя змяшчаецца. Прынцып захоўваецца адзін: няведанне закона не вызваляе ад адказнасці.   

    Размова была скіравана не толькі на якасць прадукцыі і наяўнасць дакументаў, якія гэта пацвярджаюць, а і на пытанні добраўпарадкавання тэрыторыі гандлёвых аб'ектаў, своечасовую ўборку яе ў радыусе пяці метраў. Індывідуальным прадпрымальнікам і юрыдычным асобам прапанавана прыняць удзел у раённай акцыі па ўвекавечанні памяці нашага слыннага земляка Якуба Коласа. Не за гарамі значны юбілей – 135-годдзе з дня нараджэння класіка, а ў райцэнтры няма помніка  яму.          

    Начальнік Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Людміла Суднік звярнула ўвагу плацельшчыкаў страхавых узносаў на магчымасць электроннага абмену інфармацыяй, а таксама бясплатнага навучання і знаёмства з апошнімі  змяненнямі ў заканадаўчых актах. Для гэтага прызначаны супрацоўнікамі  фонду спецыяльны дзень –  аўторак. Пра змяненні ў заканадаўчых актах можна прачытаць і на старонках газеты «Прамень».

    Стала добрай традыцыяй запрашаць на падобныя сходы прадстаўніка Стаўбцоўскага мясакансервавага камбіната. Прадукцыя гэтага прадпрыемства прадстаўлена ў гандлёвых кропках ІП, аднак хацелася б больш цеснага супрацоўніцтва. На мінулай сустрэчы індывідуальныя прадпрымальнікі выказвалі свае пажаданні наконт асартыменту. Пра тое, як яны былі ўвасоблены, паведаміла начальнік аддзела збыту і матэрыяльна-тэхнічнага забеспячэння камбіната Валянціна Бурдзейка. Пасля розных «смачных» навін паступіла і адзінае пажаданне – пакаштаваць прадукцыю.

    Гэтую прапанову – правесці наступную сустрэчу з арганізацыяй дэгустацыі – падтрымала і Ірына Пашкевіч. Такім чынам, яна звярнула ўвагу на тое, што прадпрымальніцкі хлеб – дастойны павагі, ён нялёгкі і рызыкоўны, залежны ад многіх фактараў. Хочацца, каб і людзі адчувалі гэта, былі ўдзячнымі пакупнікамі.                 

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень

Комментарии (0)