19 Апреля, 2024 Пятница

Кульское лясніцтва – лідар лясгаса

  • 19 сентября 2016 Экономика Беларуская 0

    Па выніках работы за першае паўгоддзе 2016 года Кульское лясніцтва заняло першае месца сярод лясніцтваў Стаўбцоўскага лясгаса. Апошнім часам гэтае лясніцтва, якое з 2011 года даверана ўзначаліць аднаму з самых маладых ляснічых Сцяпану Явіду, пастаянна знаходзіцца на перадавых пазіцыях. Мінула з таго часу вытворчая пяцігодка, і выхад лясніцтва ў лідары – гэта яе своеасаблівы вынік.

    – У калектыве працуюць людзі свае, мясцовыя, адзін аднаго падтрымліваюць. Сфарміраваны касцяк, цякучасць кадраў у нас – мінімальная, – прыкладна так бачыць асноўную прычыну эфектыўнай работы лясніцтва Сцяпан Явід. У свае 28 ён поўны сіл і энергіі, кампетэнтны і мэтанакіраваны. У агульным выніку ёсць, безумоўна, і яго асабістая заслуга, аб чым, дарэчы, не парушаючы субардынацыю, сказаў красамоўна ляснік-вальшчык Анатоль Кісялёў: «Ляснічы ў нас малады – ён аднакласнік  маёй дачкі, калісьці ў Цясноўскай школе яго вучыла ў пачатковых класах мая жонка, – аднак актыўны, прабіўны. Ад гэтага  і нам лягчэй».

    Пры тым, што праца ў лесаводаў напружаная, фізічна цяжкая і лёгкай ніколі не была і не будзе, кожны работнік лясніцтва разумее, як важна сёння знайсці аб'ёмы работ, «нагрузіць» калектыў (у пошуках чаго і знаходзіцца ляснічы). Ад гэтага ж напрамую залежыць заработная плата кожнага. Таму работнікі лясніцтва не адмаўляюцца, калі трэба ехаць у камандзіроўку ў іншы раён або выходзіць на працу, несці дзяжурства ў пажаранебяспечны перыяд у выхадныя дні. Так, да прыкладу, было і летась, калі кульскія лесаводы аператыўна справіліся са сваёй разліковай лесасекай і адправіліся ў камандзіроўку ў Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас, дзе дадаткова нарыхтавалі каля дзвюх тысяч м3 драўніны.

    На даны момант асноўныя сілы лясніцтва заняты на распрацоўцы бураломнай драўніны ў суседнім Рубяжэвіцкім лясніцтве, дзе ад ліпеньскай стыхіі пацярпела больш за 120 гектараў лесу. Імі ўжо нарыхтавана каля 1300 м3 драўніны. Гэта добры паказчык, на які звярнула ўвагу і кіраўніцтва лясгаса.

    У цэлым за восем месяцаў бягучага года дзякуючы калектыву лясніцтва нарыхтоўкі драўніны склалі 7 500 м3. Не дапушчана загаранняў на тэрыторыі дзяржлесфонду. Пасаджана 14 га лесу. Праведзена ачыстка лесу на 86 га і т. п. Нельга не сказаць, што Кульское лясніцтва цесна супрацоўнічае з Літвенскім сельвыканкамам і тутэйшымі двума сельгаставарыствамі, і  яго адметнасцю з'яўляецца знаходжанне на тэрыторыі музея-сядзібы «Дзяржынава» і ландшафтнага заказніка рэспубліканскага значэння «Налібацкі». Сёлета па яго тэрыторыі (і тэрыторыі Хатаўскога лясніцтва) пракладзены і яшчэ адзін цікавы аб'ект – экалагічная веласцяжына працягласцю 25 км.

    З раніцы ў адміністрацыйным будынку лясніцтва мы сустрэлі памочніка ляснічага Аляксандра Міхно, які займаўся дакументацыяй, і бухгалтара Марыю Міхайлаву. Аляксандр, да слова, прымаў актыўны ўдзел у адводзе дзялянак на бураломных лесасеках Рубяжэвіцкага лясніцтва. Ляснічы Сцяпан Явід вельмі задаволены сваім маладым памочнікам, у пары з якім працуе крыху больш за два гады. Бухгалтар Марыя Міхайлава далучылася не так даўно да гэтага вытворчага маладзёжнага тандэму. Адукацыя ў Марыі няпрофільная (яна – інжынер-эколаг), таму на хаду прыходзіцца асвойваць новую для яе прафесію. Дапамагаюць ёй у гэтым вопытныя калегі Жанна Міхно і Ванда Ламака з суседніх Прудскога і Хатаўскога лясніцтваў.

    Каля лясніцтва завіхаўся Антон Хомчык, вадзіцель з больш чым 40-гадовым стажам. З лясніцтвам звязана ўсё яго працоўнае жыццё. Ён ужо мае права выйсці на заслужаны адпачынак, аднак працягвае несці варту. Акрамя грузавога аўтамабіля для дастаўкі на аб'екты людзей і матэрыялаў, за ім замацаваны і пажарны аўтамабіль для ліквідацыі загаранняў і пажараў. Без справы не была і Ірына Жвырбля, прыбіральшчыца вытворчых памяшканняў і, па сумяшчальніцтве, конюх. У лясніцтве працуе і яе муж Вячаслаў. Яго, а таксама Юрыя Сасноўскага, ляснічы назваў першакласнымі трактарыстамі.

    Да Вячаслава Жвырблі і іншых перадавікоў лясніцтва мы кіруем па лясной дарозе. Працуюць яны акурат на дзялянках, пацярпелых ад урагану. Нарыхтаваную драўніну на дровы адразу забірае трактар Валожынскай ЖКГ. Сустракае майстар лесу Сяргей Фёдараў. «Цяжка, спякотна, але брыгада лесарубаў не наракае на цяжкасці. За дзень нарыхтоўваем каля 30 м3 драўніны. Адпачыць, перакусіць можна тут жа, у вагончыку», – коратка тлумачыць ён. Сяргей Віктаравіч нарадзіўся ў гэтых мясцінах і раней, больш чым 10 гадоў, шчыраваў лесніком. Сёлета ён яшчэ не быў у адпачынку,  як, між іншым, і ляснічы, яго памочнік. «Няхай леснікі, вальшчыкі адразу адпачнуць», – выказвае сваю пазіцыю Сцяпан Явід. У чарговым адпачынку якраз і Віталь Чуйко, майстар лесу з больш чым 20-гадовым стажам.

    Знаёмімся з брыгадзірам Міхаілам Чарнамашынцам і яго напарнікам, лесніком Паўлам Лапуцкім. Паўсюдна яны разам – на рабоце і дома, бо жывуць у адной вёсцы, па-суседску. Анатоль Кісялёў працуе ў пары з лесарубам Віктарам Ліпніцкім. Не адстаюць ад іх і вальшчык Леанід Ваўчок з лесарубам Генадзем Мазурам. 

    У любое надвор'е члены брыгады імкнуцца выканаць сваё заданне. Кажуць, што да работы ім не прывыкаць, ды і ведалі, куды ішлі. З улікам асаблівасцяў умоў працы ў кожнай брыгадзе прадугледжана медыцынская аптэчка. «Таблеткамі мы не карыстаемся, – падкрэсліваюць кульскія лесаводы. – Свежае паветра і дапамога адзін аднаму выручаюць лепш за ўсё».                                        

    НА ЗДЫМКАХ: ляснічы Сцяпан Явід і яго памочнік Аляксандр Міхно; майстар лесу Сяргей  Фёдараў і ляснік Анатоль Кісялёў; першакласны трактарыст Вячаслаў Жвырбля; брыгадзір Міхаіл Чарнамашынец са сваім напарнікам Паўлам Лапуцкім; вадзіцель Антон Хомчык; бухгалтар Марыя Міхайлава. 

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень

Комментарии (0)