27 Апреля, 2024 Суббота

Сямён Шапіра: Міншчына дынамічна развіваецца

  • 29 декабря 2016 Экономика Беларуская 0

    23 снежня ў г. Узда адбылася выязная прэс-канферэнцыя старшыні Мінскага аблвыканкама С. Б. Шапіры для рэспубліканскіх, рэгіянальных сродкаў масавай інфармацыі.

    Усіх журналістаў цікавіла адно вельмі важнае пытанне: як Міншчына завяршае 2016 год і з якімі планамі, задачамі ўступае ў новы 2017 год?

    Старшыня аблвыканкама адзначыў, што нягледзячы на аб'ектыўныя складанасці, развіццё Мінскай вобласці ў 2016 годзе было дынамічным. «Наш рэгіён планамерна развіваўся. Ва ўсіх сферах ёсць станоўчыя вынікі. Напрыклад, з кожным годам прадаўжаецца ўмацаванне матэрыяльнай базы медыцынскіх устаноў. У бягучым годзе набыты два апараты магнітна-рэзананснай тамаграфіі (МРТ). Вырашана, што ў наступным годзе апараты МРТ і ангіяграфіі з'явяцца ў Маладзечне і Слуцку», – паведаміў Сямён Шапіра.

    Сямён Барысавіч таксама праінфармаваў, што тэмп росту вытворчасці прамысловай прадукцыі па выніках бягучага года будзе дзесьці 102% адносна 2015 года. «Падзенне паказчыкаў прамысловасці спынена, пачынаецца рост», – зазначыў губернатар. – У 2016 годзе назіраўся прагрэс на галоўных інвестыцыйных пляцоўках.

    Практычна завяршаецца будаўніцтва першага ў Беларусі завода па выпуску легкавых аўтамабіляў – СЗАТ «БелДжы», які ў наступным годзе будзе выпускаць 60 тысяч аўтамабіляў у год". Станоўча было ахарактарызавана і развіццё Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень». Важны для вобласці таксама праект па стварэнні Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыі, якая выступіць заказчыкам па праектаванні і будаўніцтве комплексу высокатэхналагічных прадпрыемстваў пад Рудзенскам (Пухавіцкі раён) з поўным цыклам вытворчасці сучасных кармоў і кормадабавак для АПК. Таксама актыўна развіваецца праект па будаўніцтве Нежынскага горна-абагачальнага комплексу ў Любанскім раёне, інвестарам якога выступае ЗТАА «Слаўкалій».

    Па тэмпах росту валавога рэгіянальнага прадукту Мінская вобласць за студзень – лістапад займае другое месца ў краіне. Сямён Шапіра растлумачыў, чаму цэнтральны рэгіён выйшаў на лідзіруючыя пазіцыі: адбыўся рост вытворчасці на ААТ «Беларуськалій». Было адзначана, што і сельская гаспадарка здольна ўнесці свой уклад у агульнае рэгіянальнае дасягненне, бо ідзе з тэмпам прыросту вытворчасці 105-106%.

    Старшыня аблвыканкама адзначыў, што нядрэнна развіваецца і фармацэўтычная галіна, якая дае прырост аб'ёмаў вытворчасці прадукцыі. Лекавыя прэпараты, вырабленыя ў Барысаве, Лагойску, Нясвіжы, карыстаюцца попытам у многіх краінах свету.

    Нядрэнна спрацавала і лёгкая прамысловасць, выконваюцца паказчыкі і ў будаўніцтве. У аб'ёмах жыллёвага будаўніцтва плануецца выхад на 100% да ўзроўню мінулага года. У вобласці будзе здадзена больш за мільён квадратных метраў жылля, нягледзячы на скарачэнне крэдытавання.

    Сямён Шапіра таксама станоўча ахарактарызаваў работу сфер культуры і спорту ў 2016 годзе. «У цэлым вобласць дынамічна развіваецца, ні ў адной сферы застою не назіраецца»,  –  падвёў вынік старшыня аблвыканкама.

    У гэты ж дзень журналісты мелі магчымасць пазнаёміцца з работай прадпрыемстваў Уздзеншчыны. Прадстаўнікі СМІ наведалі ЗАТ «Вітэкс», дзе азнаёміліся з выпускам бальзамаў для валасоў, касметычных сродкаў, з вытворчасцю натуральных сокаў і яблычных чыпсаў. Наведалі і  малочнатаварны комплекс сельскагаспадарчага філіяла ЗАТ «Вітэкс», турыстычны комплекс «Шышкі», УАЗ «Уздзенская санаторная школа-інтэрнат» і ТАА «Марк Фармэль».

    Автор: Нэлі АСТРЭЙКАПрамень

Комментарии (0)