29 Марта, 2024 Пятница

Патрэба ў жыллі ёсць — льготных крэдытаў няма

  • 25 февраля 2017 Экономика Беларуская 0

    Хоць у раёне штогод і ўзводзіцца па некалькі шмат­кватэрных дамоў, для многіх жыллёвае пытанне па-ранейшаму застаецца актуальным. Пра аб’ёмы жыллёвага будаўніцтва, планы на бягучы год, тое, як стаць уладальнікам доўгачаканых “квадратаў” і іншае, карэспандэнту раённай газеты расказвае намеснік старшыні райвыканкама Павел Радзівонавіч СТАНЮШ.

    — Павел Радзівонавіч, агучце, калі ласка, вынікі жыллёвага будаўніцтва ў мінулым годзе.

    — Летась у раёне ўведзена ў эксплуатацыю 11542 метры квадратныя агульнай плошчы жылля. Гэта два 60-кватэрныя дамы па вуліцы Зялёнай у райцэнтры (адзін узведзены ў сакавіку, другі — у снежні) і двухпавярховы 12-кватэрны дом у вёсцы Хацілы (жнівень).

    — Ці плануецца сёлета будаўніцтва шматкватэрных дамоў?

    — На жаль, нашаму раёну на гэты год не выдзелена льготных крэдытаў для долевага будаўніцтва кватэр. У той жа час патрэба ў будаўніцтве жылля на Пастаўшчыне ёсць. У мінулым годзе выраблена праектна-каштарысная дакументацыя на 40-кватэрны дом па вуліцы Зялёнай, 24, у Паставах, у якім будзе 30 двухпакаёвых кватэр, 5 трохпакаёвых і 5 аднапакаёвых. Гэты дом — частка новай забудовы мікрараёна шостага гарадка, якая на працягу апошніх гадоў узводзіцца ў вельмі маляўнічым месцы — на беразе вялікага і чыстага возера Задзеўскае. Пабудаваць кватэру ў ім можна толькі за ўласныя сродкі, без выкарыстання льготных крэдытаў банка.

    — Хто можа пабудаваць кватэру ў гэтым доме?

    — Любы грамадзянін Рэспублікі Беларусь, незалежна ад месца яго пражывання на тэрыторыі краіны, а таксама замежныя грамадзяне. Абы былі грошы.

    — Каго-небудзь зацікавіла прапанова?

    — Ужо запісалася 15 чалавек, але, каб распачаць будаўніцтва, патрэбна яшчэ столькі ж. Хачу звярнуць увагу, што набыць кватэру ў новым доме больш выгадна, чым на другасным рынку, дзе кошт аднаго квадратнага метра без рамонту складае ад 1000 да 1250 рублёў. А калі ўлічваць, што звычайна такое жыллё патрабуе поўнай замены інжынерных сетак, вокнаў, дзвярэй і гэтак далей, то ў выніку атрымліваецца, што перарабляць не толькі даражэй, але і складаней.

    — А колькі каштуюць жаданыя “квадраты” ў новым доме?

    — Кошт аднаго квадратнага метра агульнай плошчы жылога памяшкання складае 800 рублёў. У доме сучасная планіроўка кватэр, будуць весціся пакватэрны ўлік і рэгуляванне спажывання цеплавой энергіі.

    Калі вас зацікавіла прапанова — звяртайцеся ў аддзел жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама (каб. 28, 2-гі паверх, тэл.: 4-22-32, 4-12-32). Больш падрабязную інфармацыю можна атрымаць на сайце райвыканкама postavy.vitebsk-region.gov.by.

    Гутарыла Вераніка ФІЛАНОВІЧ.

     

    Автор: Вераніка ФілановічПастаўскі край

Комментарии (0)