26 Апреля, 2024 Пятница

Ёсць зрухі ў лепшы бок

  • 11 июля 2017 Экономика Беларуская 0

    Падведзены вынікі першага паўгоддзя. Якія яны ў галіне жывёлагадоўлі раёна? Пра гэта наша гутарка з намеснікам начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама Аляксеем Аляксеевічам Філімонавым.

    — Самая красамоўная рэч — лічбы. Давайце з іх і пачнём. 

    — Лічбы такія. Вытворчасць валавой прадукцыі жывёлагадоўлі за шэсць месяцаў склала 105,2% да адпаведнага перыяду мінулага года. Рэалізавана жывёлы на забой у жывой вазе 35612 тон (123,2%).  Вырашчана жывёлы ў жывой вазе 38900 тон (110,7%), у тым ліку буйной рагатай — 22041 (102,3%), свіней — 16858 (123,9%). Валавы надой малака склаў 217650 тон (100%), прададзена дзяржаве 188973 тоны (99,1%). 

    — Выходзіць, з продажам да мінулагодняга ўзроўню не дацягнулі…

    — Крыху не дацягнулі. Затое добры рывок узялі з пачатку гэтага месяца. За дзевяць дзён ліпеня валавая вытворчасць малака па раёне склала 1372,7 тоны, што на 61,4 тоны больш, чым за такі ж час летась. За гэты перыяд прадалі дзяржаве ў заліковай вазе 138,9 тоны малака, што значна больш леташняга. Гэта стала магчымым таму, што палепшылася паша — падрасла атава (у асноўным — канюшына), каровы добра наядаюцца.

    З пачатку года найбольшы прырост валавога надою атрымалі ААТ “Янавіца-агра” (115,8%), райаграсэрвіс (114,6%), ААТ “Навасёлкі-Лучай” (113,4%). Ёсць ён і ў ААТ “Курапольскі-агра”, “Хацілы-агра”, “Парыж-агра”. Надой ад каровы за паўгоддзе склаў па раёне 1819 кілаграмаў. У той жа час у ААТ “Хацілы-агра” — 3399, “Навасёлкі-Лучай” — 2729, філіяле “Нафтазаводмантаж” — 2116, ААТ “Курапольскі-агра” — 1928. Зараз у гэтых гаспадарках штодзённы надой ад каровы 12—16 кілаграмаў, а ў Хацілах — 21.

    — Але хіба не перашкаджае дажджлівае і халоднае надвор’е?

    — Сапраўды, дажджом, а тым больш у лівень, і работнікам ферм, і жывёле некамфортна. Але ёсць у такім надвор’і і свае плюсы — хапае вільгаці для хуткага росту травы, патрабуецца менш вады на выпой, жывёлу не даймаюць спёка і машкара, і яна можа пасвіцца практычна круглыя суткі.

    — А ці ёсць каму пасвіць? Якое становішча з забяспечанасцю галіны кадрамі?

    — Ва ўсіх гаспадарках, за выключэннем райаграсэрвіса і ААТ “Сцяг Перамогі-агра”, пастухі падабраны мясцовыя, у вышэйназваных — наёмныя, з Брэсцкай вобласці. Не магу сказаць, што абсалютна ўсе работнікі ферм — людзі адказныя. Здараецца рознае. Вельмі важная роля спецыялістаў. А іх не хапае. Напрыклад, у ААТ “Вярэнькі-агра” няма ветурача і заатэхніка, у “Курапольскім-агра” — заатэх­ніка.

    — Наколькі якасная прадукцыя паступае з гаспадарак на малочны завод?

    — Якасць пад пастаянным кантролем. На сённяшні дзень 63,6% малака, якое прадаём, класа “экстра”, 36,4% — вышэйшага гатунку. Першага гатунку няма. Стопрацэнтная “экстра” паступае з ААТ “Хацілы-агра”, “Ярэва-агра”, філіяла “Нафтазаводмантаж”, 86% — з ААТ “Навасёлкі-Лучай”, 73% — “Курапольскі-агра”, 67% — “Камайскі-агра”. Усім зразумела, што, чым вышэйшая якасць малака, тым большая грашовая выручка за яго. Аднак яшчэ не ва ўсіх атрымліваецца выйсці на жаданыя паказчыкі. 

    — Аляксей Аляксеевіч, а як справы з вытворчасцю мяса?

    — У пачатку я ўжо гаварыў, што вырошчванне жывёлы ў жывой вазе за 6 месяцаў склала 110,7% да адпаведнага перыяду мінулага года, а яе рэалізацыя — 123,2%. Сярэднясутачныя прывагі буйной рагатай жывёлы — 485 грамаў, (у чэрвені — 503), свіней — 461. Хоць гэта і не такія высокія паказчыкі, але ўсё ж лепшыя, чым летась. Для вырошчвання цялят купляем на “Экамоле” і Полацкім камбінаце хлебапрадуктаў спецыяльныя камбікармы. На іх набыццё штомесяц пералічваем двухдзённую выручку ад рэалізацыі малака.

    Найбольшага поспеху ў вырошчванні буйной рагатай жывёлы дабіліся ў ААТ “Хацілы-агра” (атрымана за 6 месяцаў 4269 цэнтнераў, плюс да адпаведнага перыяду мінулага года склаў 356), Камайскі-агра” (адпаведна 2676 і 134), “Кураполле-агра” (1994 і 489).

    — Ці павялічылася ў раёне пагалоўе жывёлы?

    — На 1 ліпеня 2016 года мелі 35380 галоў буйной рагатай жывёлы, на гэту ж дату сёлета — 35838 (плюс 458 галоў), у тым ліку кароў — 11777 і 11884 адпаведна (плюс 107). На 1301 галаву павялічылася колькасць свіней і склала 24978. Нарошчванне пагалоўя буйной рагатай жывёлы і свіней будзем працягваць і ў далейшым.

    — І апошняе пытанне: як ідзе нарыхтоўка кармоў на зімова-стойлавы перыяд?

    — А вось для корманарыхтоўкі надвор’е неспрыяльнае. Тым не менш сенажу ўжо закладзена 89 тысяч тон, і назапасім яго не менш, чым летась. З-за пастаянных дажджоў сена нарыхтавана толькі 2654 тоны (летась мелі 5700). Што будзе з сіласам, пакуль сказаць цяжка, бо дрэнна расце кукуруза, якой патрэбна цяпло. Вялікія надзеі ўскладваем на другі ўкос траў. З яго плануем нарыхтаваць не менш за 8 тысяч тон сенажу ў рулонах, загорнутых у спецыяльную ўпакоўку. Пакуль па такой тэхналогіі нарыхтавана 4507 тон (летась мелі 4900). Якасць — выдатная, спажыўнасць такога корму намнога вышэйшая, чым сенажу, закла­дзенага ў траншэі.

    Прымаюцца ўсе меры да таго, каб на ўмоўную галаву жывёлы нарыхтаваць не менш за 26 цэнтнераў кармавых адзінак. А зараз работнікі ферм нарошчваюць вытворчасць жывёлагадоўчай прадукцыі на танных зялёных кармах, з меншымі затратамі.

    Фаіна КАСАТКІНА.

     

     

     

    Автор: Фаіна КасаткінаПастаўскі край

Комментарии (0)