26 Апреля, 2024 Пятница

Цяжкі лён у Пастаўскім раёне

  • 04 октября 2017 Экономика Беларуская 0

    30 верасня ў Дуброўне на “Дажынках” падвялі вынікі ўборачнай кампаніі гэтага года, аднак работы на палях вобласці яшчэ працягваюцца. У тым ліку і ў нашым раёне. Сёлета надвор’е ўнесла свае карэктывы ў планы не толькі пастаўскіх хлебаробаў, але і льнаводаў.

    Старажылы ўзгадваюць, што бывалі гады, калі ў сярэдзіне верасня ўвесь лён ужо быў звезены на завод, а сёлета яшчэ ў самым разгары работы на полі. Мінулы тыдзень пратрымаўся без дажджу. Каб сабраць вырашчаны ўра­джай, пастараліся максімальна скарыстацца гэтым перапынкам. Усе сілы Пастаўскага льнозавода кінуты на тое, каб падняць выцераблены лён, спрасаваць і даставіць на прадпрыемства.    

    Пры сёлетніх неспрыяльных умовах надвор’я рабіць гэта складана. Тэхніка можа даехаць далёка не ўсюды, таму прыходзіцца карыстацца дапамогай людзей. Штодзень на палі выязджаюць каля 90 чалавек з гарадскіх прадпрыемстваў, арганізацый і ўстаноў. Іх работу арганізоўваюць прадстаўнікі льнозавода. У пятніцу, калі я завітала з фотаапаратам на льняныя палеткі каля вёскі Чашкоўшчына, адказным на гэтым полі быў вядучы энергетык прадпрыемства М. Ц. Скрыплёнак. Цікаўлюся ў Мікалая Ціханавіча, ці адчувальную дапамогу аказваюць людзі. У адказ чую ўпэўненае: “А як жа! Людзі літаральна ратуюць лён з нізінных месцаў, узлескаў — там, дзе тэхніка не пройдзе. Самі  ж бачыце, наколькі месцамі мокра. Спачатку ставяць яго ў конусы, а праз колькі гадзін, як ён абветрае, рассцілаюць стужкай, каб мог працаваць прэс-падборшчык”.

    Прыкладна тое ж пачула і ад Марыны Яўгеньеўны Ярашэвіч, сакратара льнозавода, якая разам з Алесяй Мечыславаўнай Малько з аддзела кадраў арганізоўвала работу людзей на полі за вёскай Прамышляды:

    — Нараканняў на работу людзей няма, усе стараюцца, за што ім вялікае дзякуй. Ад таго, наколькі аператыўна мы ўсе спрацуем зараз, у многім залежыць будучая работа ўсяго льнозавода. Канешне, нам хацелася бы ўправіцца сваімі сіламі, але сёлета без старонняй дапамогі ніяк. Хочацца спадзявацца, што і надвор’е нас не падвядзе, пратрымаецца без дажджу.

    Нябесная канцылярыя сёлета не песціць аграрыяў. Вясной сяўба, а цяпер збор ураджаю прахо­дзяць не дзякуючы, а насуперак. Здаецца, я толькі цяпер зразумела ўвесь глыбінны сэнс праславутага словазлучэння “бітва за ўраджай”. Менавіта яна ідзе зараз на льняных палетках раёна.

    Людміла ЗЕЛЯНКЕВІЧ.

    Фота аўтара.  

    Автор: Людміла ЗелянкевічПастаўскі край

Комментарии (0)