28 Марта, 2024 Четверг

Шчапа ў кацёл, грошы — у касу. Па такім прынцыпе працуюць у Пастаўскім лясгасе і УП ЖКГ

  • 09 февраля 2018 Экономика Беларуская 0

    Пры нарыхтоўцы драўніна сарціруецца на дзелавую і нізкаякасную. Яшчэ некалькі гадоў таму апошняя ў большасці выпадкаў не мела попыту. Цяпер ёй знайшлі прымяненне — перапрацоўваюць на шчапу, якая пры спальванні дае ў некалькі разоў больш цяпла, чым дровы. Так адходы ператвараюцца ў прыбытковы матэрыял. Першую драбільную ўстаноўку для перапрацоўкі нізкаякаснай драўніны на паліва па праграме энергазберажэння з дапамогай дзяржавы ў лясгасе набылі ў 2009 годзе. Праўда, адразу яна працавала ў ашчадным рэжыме, бо былі праблемы са збытам шчапы. Попыт на яе з’явіўся ў пачатку 2012-га, калі пачалася рэалі­зацыя мясцовым спажыўцам, а таксама ў Польшчу і Літву.

    — У 2013-ым за ўласныя сродкі набылі новую ўстаноўку, — расказваў галоўны інжынер лясгаса Алег Уладзіміравіч Галінскі. — З 2014-га на ёй працуе Уладзімір Мацур. Такі спецыяліст — знаходка для калектыву. Любіць і беражэ тэхніку. Калі здараюцца няспраўнасці, аператыўна іх ухіляе. Надзвычай адказны і старанны. Устаноўка, здавалася б, і не складаная, а патрабуе пэўных навыкаў. Паназірайце за працэсам — як прафе­сійна аператар маніпуліруе.

    Трактар з драбільнай устаноўкай размясціўся побач з разгружанай драўнінай. Яго шчупальцы захопліваюць некалькі ствалоў дрэў, дакладна падаюць у бункер, дзе адбываецца здрабненне. Праз спецыяльную адтуліну шчапа высыпаецца на пляцоўку, адкуль пазней загружаецца для адпраўкі заказчыку. Часам драўніна выгружаецца побач з чыгункай, там яе перапрацоўваюць, і шчапа адразу засыпаецца ў вагоны. За змену У. В. Мацур выпускае яе ад 100 да 150 кубаметраў. За сту­дзень на яго рахунку больш за 4 тысячы кубічных метраў. 3050 м3 паставілі на кацельні жыллёва-камунальнай гаспадаркі, 1035 — адправілі ў Літву. 1 кубаметр спрасаванай шчапы на экспарт каштуе 19,5 еўра, для мясцовых заказчыкаў — каля 37 рублёў.

    — У падпарадкаванні ўнітарнага прадпрыемства “Жыллёва-камунальная гаспадарка Пастаўскага раёна” 24 кацельні, 8 з іх працуюць у горадзе, — расказваў галоўны інжынер Фёдар Вікенцьевіч Танана. — Пакуль няма вялікіх маразоў, шчапа з’яўляецца асноўным відам паліва для кацельняў, якія падаюць цяпло і гарачую ваду ў дамы мікрараёна вуліцы Юбілейнай і АДРАЦ “Ветразь”. На кацельнях пятага і шостага гарадкоў на ацяпленне выкарыстоўваецца газ, а на падагрэў вады — шчапа. Эканомія фінансавых сродкаў відавочная. За студзень бягучага года на набыццё  3360 кубаметраў шчапы ЖКГ зрасходавала 125 тысяч рублёў, 480 кубаметраў газу — 225 тысяч.

    Выкарыстанне мясцовых відаў паліва — гэта частка дзяржаўнай палітыкі па ўмацаванні энергетычнай бяспекі краіны. Шчапа — добрая альтэрнатыва газу. Акрамя эканамічнага, ёсць і экалагічны эфект: пры яе спальванні няма шкодных выкідаў у атмасферу. Гэты від паліва адносіцца да ўзнаўленчых, а яго выкарыстанне ў якасці біяпаліва — чарговы крок да “зялёнай” эканомікі. Шчапа даўно і шырока выкарыстоўваецца ў Фінляндыі і Швецыі. Ацанілі яе вартасць і пастаўчане.

    Анна АНІШКЕВІЧФота аўтара

    Автор: Анна АнішкевічПастаўскі край

Комментарии (0)