03 Мая, 2024 Пятница

У пастаўскіх прадпрымальнікаў пашырыліся магчымасці праявіць дзелавую актыўнасць

  • 23 февраля 2018 Экономика Беларуская 0

    Прадпрымальніцтва — важнейшы элемент рыначнай эканомікі. Яно напрамую ўплывае на сацыяльна-эканамічнае развіццё як кожнага рэгіёна, так і краіны ў цэлым. Пра тое, наколькі паспяхова развіваецца прадпрымальніцкі сектар на Пастаўшчыне, гутарка з намеснікам старшыні райвыканкама Ірынай Іванаўнай Несцяронак.

     — Ірына Іванаўна, для тых чытачоў, хто недасведчаны ў бізнесе, патлумачце, калі ласка, што адносіцца да суб'ектаў буйнога, сярэдняга і малога прадпрымальніцтва.

    Буйныя суб'екты — гэта камерцыйныя арганізацыі з сярэдняй колькасцю работнікаў за каляндарны год уключна звыш 250, сярэднія — ад 101 да 250, малыя — ад 16 да 100, мікрааргані­зацыі — да 15. Па стане на 1 сту­дзеня 2018 года на тэрыторыі раёна налічваецца 839 суб'ектаў малога і сярэдняга прадпрымальніцтва (далей — МСП), у тым ліку 218 юрыдычных асоб (з іх 188 мікра-, 16 малых і 14 сярэдніх арганізацый), і 621 прадпрымальнік.

    — Якія сферы дзейнасці ахоплівае прадпрымаль­ніцтва?

    — Практычна ўсе. Аднак варта адзначыць, што большая частка арганізацый МСП сканцэнтравана ў сферы паслуг. Напрыклад, гандлем займаюцца 424 суб'екты, транспартную дзейнасць (грузаперавозкі і таксі) ажыццяўляе 71, турыстычную дзейнасць, цырульніцкія паслугі, арганізацыю баўлення вольнага часу і адпачынку — 47. Індывідуальныя прадпрымальнікі сканцэнтраваны пераважна ў гандлі. У раёне функцыянуюць 142 аб'екты гандлю ў індывідуальных прадпрымальнікаў і 95 — у прыватных юрыдычных асоб, грамадскім харчаваннем займаюцца 9 прыватных прадпрыемстваў, бытавыя паслугі аказваюць 94 індывідуальныя прадпрымаль­нікі і 32 арганізацыі МСП.

    — Аграэкатурызм — гэта ж таксама бізнес?

    — Безумоўна. Калі ў 2011 годзе на Пастаўшчыне мелася ўсяго 21 аграэкасядзіба, то зараз іх 39. Адпачыць у нашых цудоўных мясцінах прыязджаюць госці з Польшчы, Германіі, Расіі, Фінляндыі. Запатрабаваны такі адпачынак і сярод беларусаў. Вялікую работу па папулярызацыі нашага краю і прыцягненні ў яго турыстаў праводзіць і Пастаўскі турыстычны цэнтр.

    — А хто займаецца вытворчасцю?

    — 45 суб'ектаў гаспадарання. Асноўнае прадпрыемства — Пастаўскі мэблевы цэнтр, які вырабляе міжпакаёвыя дзвярныя блокі больш чым 50-ці мадэляў і экспартуе сваю прадукцыю ў дзясяткі краін. На прадпрыемстве пастаянна абнаўляецца і ўмацоўваецца матэрыяльная база, мадэрнізуецца вытворчасць. У мінулым годзе ўведзены ў строй комплекс па вытворчасці паркетнай дошкі, якая таксама рэалізуецца на экспарт. Таварыства з абмежаванай адказнасцю «Стыльны дом» спецыялізуецца на вытворчасці пенапласту, пліт цеплаізаляцыйных, вырабляе сэндвіч-панэлі для ўзвядзення будынкаў, у тым ліку жылых дамоў, фарміруе домакамплекты. Сумеснае таварыства з абмежаванай адказнасцю «ГАТЭР» займаецца вырабам палетнай дошкі, абразных і неабразных піламатэрыялаў хваёвых і ліставых парод, профільна-габляванага бруса і вырабаў з яго — дамоў, лазняў, малых архітэктурных форм. Дрэваапрацоўкай у раёне займаецца і больш за дзесяць дробных прыватных прадпрыемстваў. У кожнага свая спецыфіка і свой рынак збыту, у тым ліку за мяжу.

    Прысутнічае прадпрымальніцтва і ў сельскай гаспадарцы. У раёне дзейнічае 12 фермерскіх гаспадарак. 4 з іх займаюцца вытворчасцю прадукцыі раслінаводства, 3 — пчалярства, 2 — агародніны, 2 — садавіны, 1 — жывёлагадоўлі.

    Не магу не адзначыць вытворча-гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «Фрэшфудпак». Яно спецыялізуецца на вытворчасці натуральных мясных паўфабрыкатаў са свініны і ялавічыны, а таксама каўбас у лепшых традыцыях беларускай кухні. Перапрацоўка мяса вядзецца па самых сучасных еўрапейскіх тэхналогіях. Вялікую ўвагу прадпрыемства надае фарміраванню сыравіннай зоны.

     З 2011 года ў Паставах працуе таварыства з абмежаванай адказнасцю "Ініта". Прадпрыемства займаецца пашывам мужчынскіх касцюмаў і верхняга адзення. Прадукцыя рэалізуецца як у Беларусі, так і за яе межамі. Варта адзначыць станоўчую работу ў сферы вытворчасці і такіх суб'ектаў МСП, як «Вытворча-мэблевы цэнтр», «Завод Беліт», «ПромісТэхна». 22 мая мінулага года ў нас зарэгістравана таварыства з абмежаванай адказнасцю «Мясакамбінат Пастаўскі». На базе былога мясакамбіната з прыцягненнем замежных інвестыцый створана новае мясаперапрацоўчае прадпрыемства. Плануецца, што яно пачне дзейнічаць ужо з наступнага месяца.

    — Новыя прадпрыемствы — гэта яшчэ і новыя рабочыя месцы…

    — Так, на тым жа Мясакамбінаце Пастаўскім, у адпаведнасці з інвестыцыйным дагаворам, павінна быць створана не менш за 60 рабочых месцаў. Дзякуючы адкрыццю летась у раёне 14 новых прадпрыемстваў і вытворчасцей, створана 170 новых рабочых месцаў. А ўсяго ў прадпрымальніцкім сектары на цяперашні час працуе амаль 3500 чалавек, што складае 25 працэнтаў ад агульнай колькасці занятага ў эканоміцы раёна насельніцтва.

    Пра стратэгічную важнасць развіцця прадпрымальніцтва сведчыць і яшчэ адзін фактар — доля паступленняў ад суб'ектаў МСП у кансалідаваны бюджэт складае 45 працэнтаў, у тым ліку ў мясцовы — 24. А яшчэ МСП са­дзейнічае прыцягненню прамых замежных інвестыцый. За мінулы год іх паступіла ў раён 550 тысяч долараў. На 2018-ы аблвыканкамам даведзена заданне ў 2 мільёны долараў.

    — Ірына Іванаўна, раскажыце, калі ласка, пра дзяржаўную падтрымку прадпрымальніцтва.

    — 31 снежня 2010 года Прэзідэнтам краіны была выдадзена Дырэктыва №4 «Аб развіцці прадпрымальніцкай ініцыятывы і стымуляванні дзелавой актыўнасці ў Рэспубліцы Беларусь». 7 мая 2012 года Прэзідэнт падпісаў Дэкрэт № 6 «Аб стымуляванні прадпрымальніцкай дзейнасці на тэрыторыі сярэдніх, малых гарадскіх пасяленняў, сельскай мясцовасці». Зараз таксама дзейнічаюць Дэкрэт № 7 «Аб развіцці прадпрымальніцтва» ад 23 лістапада 2017 года і Указ № 345 ад 22 верасня 2017 года «Аб развіцці гандлю, грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання». Не бачу рацыі пераказваць змест гэтых і іншых дакументаў. Усе яны размешчаны на сайце райвыканкама, і з імі можа азнаёміцца кожны, хто пажадае. Падкрэслю толькі тое, што магчымасці для развіцця дзелавой актыўнасці намнога расшырыліся, узаконены шэраг ільгот. Ажыццяўляецца рэспублі­канская праграма падтрымкі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва, якая ўключае ў сябе ў тым ліку льготнае крэдытаванне ў банках. Важнымі механізмамі ўздзейнічання на развіццё прадпрымальніцтва з'яўляюцца і продаж або бясплатная перадача ў арэнду аб'ектаў камунальнай уласнасці, якія пакуль не выкарыстоўваюцца, прадастаўленне бязвыплатных субсідый для заняцця прадпрымальніцтвам беспрацоўным грамадзянам, якія стаяць на ўліку ў цэнтрах занятасці насельніцтва.

    Намнога спрошчана працэдура рэгістрацыі МСП. Сёння адкрыць бізнес лёгка і проста. Але галоўнае — утрымацца ў ім, разлічыць свае сілы і магчымасці, правільна выбраць сферу дзейнасці. Як паказвае практыка, на Пастаўшчыне шмат дзелавых, мэтанакіраваных, ініцыятыўных людзей. Таму ўпэўнена, што сектар прадпрымальніцтва будзе развівацца ў нас яшчэ больш актыўна. Ну а падтрымка з боку мясцовай улады гарантавана.

    Гутарыла Фаіна КасаткінаФота Алены ШАПАВАЛАВАЙ

    Автор: Фаіна КасаткінаПастаўскі край

Комментарии (0)