25 Апреля, 2024 Четверг

Краўцы – у эпіцэнтры ўрагана

  • 13 июля 2016 Происшествия Беларуская 0

    — А сямнаццатай гадзіне раптоўна сцямнела, зашумела, загрымела, забарабаніў град. А віхор узняўся такой сілы, што крышыў усё на сваім шляху, — кажа мясцовы жыхар Міхаіл Пятровіч Краснадубскі, на домік якога прыйшоўся асаблівы ўдар. – Добра, што я з хаты не выходзіў, бо ў двары старыя дрэвы валіліся ва ўсе бакі, як запалкі тыя. Адно ўпала на маю хаціну, разбурыла дах і комін. Толькі цудам зусім не рассыпалася мая старэнькая пабудова.

    У Краўцах пражываюць шэсць чалавек. І ўсе яны перажылі жудасныя хвіліны разгулу стыхіі. Ураган літаральна пакрышыў, пасек усе дрэвы і расліннасць, паваліў некалькі электрычных слупоў. Мы прыехалі сюды праз нейкіх дзве гадзіны пасля страшнага прыроднага катаклізму, а ўжо ўсе пад’езды да населенага пункта, вясковая вулачка былі расчышчаны ад завалаў, ад груд камлёў і сучча. Распілоўваліся, прыбіраліся паваленыя дрэвы, якія стваралі небяспеку. Са страшнага палону вызвалялі краўчан рабочыя Узрэцкага лясніцтва, рабочыя сельгасфіліяла “Капыльшчына” на чале з дырэктарам Антанінай Дзмітрыеўнай Вазняковай, работнікі Глыбоцкай ПМК, супрацоўнікі райаддзела МНС пад непасрэдным кіраўніцтвам начальніка Васіля Уладзіміравіча Завадскага, электраманцёры раённых электрычных сетак аднаўлялі пашкоджаныя ўчасткі электралініі.

    Усімі работамі па ўхіленні наступстваў урагана кіраваў намеснік старшыні райвыканкама, начальнік раённага штаба па ліквідацыі надзвычайных сітуацый Аляксей Антонавіч Янкевіч. Ад самага пачатку ўзнаўляльных работ у Краўцах знаходзіўся і старшыня Залескага сельвыканкама Барыс Ільіч Заяц. Пасля тэлефанавання старэйшыны вёскі Святланы Уладзіміраўны Паляк ён адразу паведаміў пра тое, што здарылася, старшыні райвыканкама Алегу Віктаравічу Морхату. І запрацаваў штаб па ліквідацыі наступстваў стыхіі. За лічаныя хвіліны кіраўніком раёна былі дадзены адпаведныя распараджэнні, узняты, як кажуць, на ногі шэраг раённых службаў. Дапамога жыхарам вёскі Краўцы прыйшла ў імгненне вока. Старшыня райвыканкама сам непасрэдна пабываў на месцы разгулу стыхіі і карэкціраваў усе дзеянні службаў, што займаліся ачысткай тэрыторыі населенага пункта ад завалаў.

    Жыхары Краўцоў, уражаныя такімі хуткімі дзеяннямі службаў раёна, такой хуткай дапамогай, перадаюць шчырую ўдзячнасць асабіста Алегу Віктаравічу Морхату і ўсім, хто ратаваў іх у такую цяжкую хвіліну.

    P. S. Відавочцы сцвярджаюць, што гэты ўраган рухаўся з боку Шаркаўшчыны, дзе стыхія, як вядома, нанесла жахлівы разбуральны ўдар.

    Автор: Анатоль ЗінкевічВеснік Глыбоччыны

Комментарии (0)