29 Марта, 2024 Пятница

Любому цярпенню прыходзіць канец…

  • 14 ноября 2016 Происшествия Беларуская 0

    Гэтае здарэнне адбылося ў адной з вёсак Івацэвіцкага раёна. Паміж мужам і жонкай узнікла сварка, разгневаная жонка схапіла палена і шпурнула ў нецвярозага мужа, а пасля шпурнула і сякеру. Але калі палена праляцела міма, то сякера трапіла ў галаву. З цяжкімі цялеснымі пашкоджаннямі муж трапіў у рэанімацыйнае аддзяленне Івацэвіцкай ЦРБ.

    Узбуджана крымінальная справа. За нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў (арт. 147 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь) прадугледжана пазбаўленне або абмежаванне волі; атрымліваецца, што жанчына, якая характарызуецца станоўча, выхоўвае траіх дзяцей, будзе за свой учынак адказваць па ўсёй строгасці закону… Хаця на гэтае дзеянне яе штурхнула тое, што муж быў нецвярозы. Сямейна-бытавая сфера – гэта настолькі складаная частка ўзаемаадносін, дзе цяжка, а часам амаль немагчыма адназначна сказаць: хто ў канкрэтным здарэнні больш вінаваты. Жанчына можа гадамі цярпець п’янства і поўную абыякавасць мужа да сямейных праблем, але некалі цярпенню прыходзіць канец…

    …Літаральна кожны дзень у Івацэвіцкі РАУС паступаюць заявы аб крадзяжах з пустых дамоў, якія нашы грамадзяне выкарыстоўваюць як дачы. Пакінуўшы на месяц-другі такі дом, дзе ёсць больш-менш каштоўныя рэчы: электраінструмент, бялізна, веласіпед, посуд, гаспадары моцна спакушаюць мясцовых злодзеяў. Як правіла, гэта асацыяльныя асобы. Разумею, што паўтараюся, бо гэтая тэма-праблема ўздымалася не раз, але вельмі прашу гаспадароў такіх дамоў-дач наведацца туды зноў, зрабіць поўную “рэвізію”. Усё, што можа мець хоць нейкую каштоўнасць, трэба забраць з сабой або занесці да родзічаў ці суседзяў з ліку тых, на каго можна пакласціся… Гэтым захаваеце спакой і сабе, і супрацоўнікам міліцыі, бо раскрываць злачынствы, калі крадзеж адбыўся месяц-другі назад, надзвычай цяжка. 

    ***

    У трох з чатырох апошніх выпадках, калі на аўтадарогах Івацэвіцкага раёна адбываліся ДТЗ са смяротным зыходам, вадзіцелі пакінулі месца здарэння. Як вядома, такі крок толькі павялічвае ступень віны. У адным выпадку праваахоўным органам удалося затрымаць такога гора-вадзіцеля, па двух здарэннях – каля вёскі Чамялы і на “алімпійцы” каля п. Зялёны Бор – яшчэ вядзецца следства. Разам з тым я вымушаны звярнуць увагу на наступнае: загінуўшыя ў ДТЗ неналежным чынам абазначылі сябе і свой транспартны сродак – веласіпед, што ў большай або меншай ступені з’яўляецца прычынай дарожна-транспартнага здарэння.

    Выкараніць абыякавасць грамадзян па вышэйзгаданай праблеме міліцыя можа толькі адным спосабам: адміністрацыйнымі пратаколамі і штрафамі. Гэтаму пытанню ў апошнія дні супрацоўнікі райаддзела міліцыі надаюць асаблівую ўвагу. Таму не здзіўляйцеся, калі вас спыніць міліцыянер і пакарае за адсутнасць святлоадбівальных элементаў. Тое ж самае і ў адносінах да веласіпедыстаў, транспартны сродак якіх у абавязковым парадку павінен быць аснашчаны ліхтарамі. Пры гэтым веласіпедыст павінен рухацца па тратуары, толькі пры яго адсутнасці – па краі праезнай часткі аўтадарогі.                

    Вадзім ПАСТАЯЛКА, начальнік Івацэвіцкага РАУС.

    Автор: Вадзім ПАСТАЯЛКА, начальнік Івацэвіцкага РАУС.Івацэвіцкі веснік

Комментарии (0)