07 Мая, 2024 Вторник

Інаугурацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

  • 10 ноября 2015 Политика Беларуская 0

    Аляксандр Лукашэнка ўступіў на пасаду Прэзідэнта Беларусі. Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў Палацы Незалежнасці 6 лістапада.

    У адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Прэзідэнт уступае на пасаду пасля прынясення прысягі наступнага зместу: «Заступаючы на пасаду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся верна служыць народу Рэспублікі Беларусь, паважаць і ахоўваць правы і свабоды чалавека і грамадзяніна, захоўваць і абараняць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь, свята і добрасумленна выконваць ускладзеныя на мяне высокія абавязкі». Па­клаўшы правую руку на Канстытуцыю, Аляксандр Лукашэнка прачытаў прысягу на беларускай мове.

    Далей кіраўнік краіны пад­пісаў акт аб прынясенні прысягі, пасля чаго старшыня Цэнтральнай камісіі Беларусі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў Лідзія Ярмошына ўручыла яму пасведчанне Прэзідэнта Рэспублікі Бе­ларусь.

    Цырымонія інаўгурацыі адбылася ў прысутнасці больш за 1 тысячу запрошаных, сярод якіх вышэйшыя службовыя асобы, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў і члены Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу, кіраўнікі розных узроўняў, прадстаўнікі дыпламатычнага корпуса, замежныя госці.

    Затым беларускія ваеннаслужачыя на плошчы Дзяржаўнага сцяга Рэспублікі Беларусь прынеслі клятву на вернасць народу і Прэзідэнту. На заканчэнне цырымоніі перад кіраўніком дзяржавы ўрачыстым маршам прайшла рота ганаровай варты.

    Эканоміку Беларусі ў наступны пяцігадовы перыяд трэба бу­дзе ўзняць на больш высокі ўзровень. На гэтым акцэнтаваў увагу Аляксандр Лукашэнка, выступаючы на цырымоніі прынясення прысягі з нагоды ўступлення на пасаду Прэзідэнта Беларусі.

    «У спакойнай і бяспечнай краіне нам трэба будзе вырашыць маштабныя задачы ў эканоміцы. Трэба ўзняць яе на больш высокі ўзровень. Эканоміка наступнай пяцігодкі — якасна іншая эканоміка. Мы прадоўжым тэхналагічную, кіраўніцкую і інавацыйную мадэрнізацыю», — сказаў кіраўнік дзяржавы. «Высокаразвітая эканоміка стане гарантам незалежнасці Беларусі. Мы будуем, яшчэ раз падкрэсліваю, дзяржаву для народа. Таму прыярытэтам застанецца павышэнне якасці жыцця людзей», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

    Асаблівая ўвага па-ранейшаму будзе ўдзелена ўмацаванню інстытута сям’і, падтрымцы шматдзетных бацькоў, сістэме крэдытавання ў жыллёвым будаўніцтве. Акрамя таго, новы імпульс для развіцця атрымаюць культура, спорт, навука, мала­дзёжныя праграмы.

    Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што не мае намеру займацца дзяльбой і разбазарваннем таго, што стагоддзямі назапашана беларускім народам.

    «Я не буду дзяліць тое, што стагоддзямі нажывалася беларускім народам. Гэта заўсёды ў славянскіх народаў заканчваецца трагедыяй: калі не рэвалю­цыяй, то грамадзянскай вайной, а часта, як было ў гісторыі, і тым, і другім», — сказаў Прэзідэнт Беларусі.

    Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яго перапаўняе пачуццё гонару за з’яднанае грамадства, за мільёны землякоў — грама­дзян свабоднай Беларусі: «У час праведзенай кампаніі па выбарах кіраўніка дзяржавы наш народ чарговы раз прадэманстраваў усяму свету высокую палітычную культуру, адзінства перад тварам знешніх выклікаў і незалеж­насць поглядаў. Нас не раз’ядналі ў мінулым, не ўдалося гэта цяпер і, я абсалютна ўпэўнены, ніколі не ўдасца зрабіць у будучым».

    Аляксандр Лукашэнка ад усяго сэрца падзякаваў суайчыннікам, усім тым, хто падтрымаў яго кандыдатуру. Прэзідэнт падкрэсліў, што гэта не асабісты поспех, а агульнанацыянальная перамога.

    «Гэта перамога беларускага народа. Падкрэсліваю, без усялякай ліслівасці: упершыню за ўсе перадвыбарныя кампаніі гэта была кампанія, назіраючы за якой, і я, і ўсе вы ганарыліся самі сабой і ганарыліся нашым народам, — сказаў Прэзідэнт. — Народ спакойна, ціха, адкрыта прыйшоў і паказаў, хто гаспадар у гэтым доме. У гэтым велізарная заслуга беларускага народа. І я ганаруся служыць гэтаму народу».

    У няпросты гістарычны момант народ прадэманстраваў з’яднанасць, масава прыняўшы ўдзел у выбарах. «Сваімі галасамі людзі выказалі прыхіль­насць да той унутранай і знешняй палітыкі, якую мы праводзім вось ужо больш як два дзясяткі гадоў», — прадоўжыў кіраўнік краіны. Ён заўважыў, што гэта палітыка не дасталася ў спадчыну. «Тады былі зусім іншыя выклікі, мы жылі ў вялікай краіне… Сёння іншыя выклікі, і нам часам адным даво­дзілася фарміраваць гэту ўнутраную і знешнюю палітыку, дзесьці спатыкаючыся, дзесьці натыкаючыся на перашкоды, але мы не хлусілі, мы ніколі нікога не падманвалі. Мы ішлі сваім шляхам, і гэты шлях паказаў правільнасць нашых дзеянняў. Значыць, нашы намаганні не дарэмныя. Нам сапраўды ёсць што адстойваць сёння і чым ганарыцца», — канстатаваў Прэзідэнт.

    «Усё гэта фарміруе ў людзей пачуццё абароненасці і ўпэўненасці ў заўтрашнім дні. Няхай гэта ўпэўненасць будзе і ў тых, хто не галасаваў за цяперашні курс. Іншы пункт гледжання, калі ён прадыктаваны шчырым клопатам аб Радзіме, заўсёды будзе пачуты. А ўсе разумныя ідэі — выкарыстаны і ажыццёўлены», — гарантаваў кіраўнік дзяржавы.

    Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што Беларусь з’яўляецца самым бяспечным і самым на­дзейным маршрутам, які злучае Еўропу і Азію. Беларусы як та­лерантная і адкрытая нацыя будуць усямерна садзейнічаць росту ўзаемаразумення і супрацоўніцтва на кантыненце: «У гэтым бачу адну з найважнейшых сваіх задач на пасадзе Прэзідэнта, — падкрэсліў беларускі лідар. — Калі будзе дасягнута пастаўленая мэта, гэта дасць плён як Беларусі, так і нашым суседзям, і іншым краінам».

    «Я звычайны чалавек. І зна­чыць, магу памыляцца. Але я заў­сёды стаўлю перад сабой жалезную задачу — не дапусціць пры такой уладзе сістэмных памылак. І мы з вамі іх не дапусцілі, — сказаў Прэзідэнт. — Былі розныя пе­рыяды. Можа, мы недзе няправільна рабілі. Пройдзе час — гісторыя ацэніць, народ ацэніць».Аляксандр Лукашэнка дадаў, што прысутны на цырымоніі інаўгурацыі Леанід Кучма «можа больш аб гэтым расказаць».

    «І мы, я яшчэ раз падкрэсліваю, нічога не пашкадуем дзеля захавання міру і бяспекі на нашай зямлі», — падкрэсліў беларускі лідар.

    Падрабязна чытайце —у рубрыцы «Тэма тыдня»на www.pvestnik.by

    Автор: Па матэрыялах БЕЛТАПолацкі веснік

Комментарии (0)