30 Апреля, 2024 Вторник

Як у апошнюю інстанцыю

  • 23 сентября 2016 Политика Беларуская 0

    У мінулую сераду прыём грамадзян па асабістых пытаннях правёў у Беразіно старшыня Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Сямён Барысавіч Шапіра. Адметна, што ў многіх выпадках да кіраўніка вобласці звярталіся як у апошнюю інстанцыю, папярэдне прайшоўшы нямала іншых высокіх інстанцый рэспубліканскага ўзроўню. І калі ў адных, як кажуць, адказы без варыянтаў, што адназначна вызначана заканадаўствам, у іншых ёсць выбар.

    Такі выбар у прававых рамках можа зрабіць жыхарка горада Беразіно В.П. Казак, кватэрнае пытанне якой цягнецца ўжо не адзін год. Аднак не будзем паглыбляцца далёка ў мінулае, звернемся да сённяшняй сутнасці. Дом 1890 года пабудовы, у якім пражывае Валянціна Пятроўна, быў прызнаны непрыгодным для пражывання. Усім яго жыхарам прапанавалі кватэры ў новым доме, пабудаваным  у  2014 годзе для ад­

    сялення жыхароў з лядашчага жылля. Гас­падары прыватызаваных кватэр атрымалі новыя на падставе дагавораў камерцыйнага найму з выплатай кампенсацыі за былую ўласнасць, непрыватызаваных – як дзяржаўнае жыллё. В.П. Казак, паколькі яе кватэра была выкуплена, прапанавалі новую на ўмовах камерцыйнага найму, што прадугледжана Указам Прэзідэнта краіны. Аднак жанчына ад такога варыянта адмовілася і звярнулася ў Генеральную пракуратуру і суд. Па рашэнні суда Валянціне Пятроўне неабходна прадаставіць раўназначнае жылое памяшканне. Мясцовая ўлада знайшла кватэру лепшую па ўмовах пражывання, але  крыху  меншую  па пло­шчы. Аднак і ад гэтага жанчына адмовілася. На жаль, большую колькасць варыянтаў прапанаваць няма магчымасці. Перадаць ва ўласнасць кватэру ў новым доме, як выказвала жаданне заяўніца, немагчыма, бо гэта супярэчыць нарматыўным дакументам.

    І не толькі дакументам. Як звяртаў увагу С.Б. Шапіра, сёння нямала іншых жыхароў вобласці  могуць прыйсці прасіць ва ўласнасць новае жыллё замест свайго старога. Што рабіць у такім выпадку? Сапраўды, рытарычнае пытанне. Таму размова не абмежавалася рамкамі прыёму грамадзян і працягнецца на больш высокім узроўні.

    З вялікай надзеяй будзе чакаць навін з Таджыкістана, дзе калісьці жыла, Т.А.  Юсупава. Жанчына ўжо магла б атрымліваць пенсію, але для яе налічэння не хапае страхавога стажу. Дакладней, ён ёсць, а вось пацвярджэння няма. Пэўны час Юсупавы жылі ў Таджыкістане, дзе праходзіў ваенную службу муж. Тамара Аляксандраўна працавала там настаўніцай у школе, зараз школы няма, таму без станоўчага адказу застаўся і запыт упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. У такой сітуацыі ў жанчыны два выхады – самой ехаць у далёкую краіну шукаць дакументы ці чакаць 60 гадоў, каб атрымаць сацыяльную пенсію.  Але старшыня аблвыканкама прапанаваў дапамогу ўлады і даручыў адпаведным абласным службам звязацца з таджыкскімі калегамі. “Будзем дапамагаць”, ­  запэўніў С.Б. Ша­піра.

    На жаль, наўрад ці магчыма дапамагчы І.П. Смоляк, у якой каля 20 гадоў цягнецца спадчынная справа. У 1996 годзе яе муж разам з дзвюмя сваімі сёстрамі атрымаў у спадчыну бацькоўскі дом. Ён на сваю адну трэцюю частку дакументы аформіў, а вось дзве іншыя да гэтага часу “вісяць у паветры”, тым больш, што і сёстры ўжо памерлі і спадчына перайшла да пляменнікаў. “Мы  б ужо пачалі будаўніцт­ва, ­ гаварыла Ірына Пятроўна, ­ але не можам, паколькі нельга дзяліць участак”. Тут галоўнае выйсце – дамовіцца з іншымі наследнікамі, толькі яны не спяшаюцца ўзаконіць спадчыну і ўступіць або прадаць свае долі.

    Колькі людзей, столькі планаў, меркаванняў, думак… З прапановай змяніць маршрут аўтобуса прыйшоў на прыём жыхар вёскі Капланцы М.Я. Драж­нік. Нямала пажылых людзей, як гаварыў Міхаіл Якаўлевіч, едзе ў Беразіно на прыём да ўрачоў, таму і прасіў, каб аўтобус зварочваў да бальніцы. Толькі гэта, на  жаль, немэтазгодна. Наўрад ці магчыма дагадзіць кожнаму ў тым, што датычыць маршрутаў аўтобусаў і іх прыпынкаў, таму і выбіраюцца аптымальныя варыянты, выгадныя большасці пасажыраў. Зыходзячы з гэтага нельга мяняць наладжаную сістэму. Гэта адзначаў у адказе і С.Б. Шапіра.

    Наладжана ў вобласці сістэма па размеркаванні грашовых сродкаў на рамонт жылля і дарог. Зараз яны акумулююцца ў раёнах, дзе ў сваю чаргу вызначаюцца першачарговыя для рамонту аб’екты, інфармацыя аб чым друкуецца ў раённай газеце. Была апублікавана такая інфармацыя і ў нашай газеце, дзе вуліца Камуністычная горада ў перспектыўных планах другая ў чарзе пасля вуліцы Свабоды. Менавіта асфальтаванне вуліцы Камуністычнай цікавіла І.А. Вішнеўскага, які завітаў на прыём старшыні аблвыканкама. Узнімаў Іосіф Антонавіч і іншыя пытанні, якія датычылі ўладкавання помніка загінуўшым у гады Вялікай Айчыннай вайны яўрэям і платных медыцынскіх паслуг.

    Зноў жа, жыллёвае пытанне прывяло на прыём шматдзетную маці С.А. Крот, сям’я якой пражывае ў доме ААТ “Бярэзінскі”. Калісьці яго прадаставілі сужыцелю жанчыны, аднак ён звольніўся з сельгасарганізацыі. Сама Святлана Аляксандраўна працуе ў гаспадарцы крыху больш за тры гады. Каб прыватызаваць дом, патрэбна не менш за 10 гадоў бездакорнай работы ў сельскагаспадарчай арганізацыі, якая яго прадаставіла, і то па рашэнні акцыянераў таварыства. Ды і зараз сям’ю ніхто з дому не высяляе. Таму, як параіў С.Б. Шапіра, старайцеся працуйце і  жывіце дастойна.

    Усяго на прыём да старшыні абласнога выканаўчага камітэта прыйшло 6 чалавек.

    На здымку: у час прыёму.

    Фота аўтара. 

    Автор: Ала АЛЬФЕР.Бярэзінская панарама
    Теги: 

Комментарии (0)