Пагосцкі сельскі Дом культуры – установа з адметным творчым почыркам у плане наладжвання работы з насельніцтвам. Тут працуе адна з лепшых маладзёжных дыскатэк, праходзяць цікавыя мерапрыемствы для людзей паважанага ўзросту. Аднак разпораз пагосцкія работнікі культуры здраджваюць свайму звычайнаму іміджу.
Так, у мінулую нядзелю яны запрасілі жыхароў аграгарадка і гасцей раёна на свята вёскі. Арыгінальную ідэю правядзення звыклага для бярэзінцаў мерапрыемства арганізатарам падказала народнае свята Масленіца. Дарэчы, яно тут праходзіла не ў першы раз, аднак крыўдаваць удзельнікам на паўтарэнні не давялося. У спевах, гульнях, танцах і забавах вяскоўцы і госці аграгарадка не заўважылі нават, далёка не святочнага надвор’я.
Масленіца была самым разгульным і вясёлым народным святам. У народзе гаварылі: “Хоть с себя заложить, а Масленицу проводить”. Нашы продкі лічылі: калі дрэнна адсвяткаваць Масленіцу, давядзецца жыць у горы. Самая галоўная прыкмета гэтага мерапрыемства магчымасць шмат і смачна пад’есці перад надыходзячым суровым пастом. Гэта абяцала сытае жыццё на працягу года. Таму на пляцоўцы каля Дома культуры была наладжана цэлая выставапродаж духмяных і румяных сімвалаў Масленіцы. Бліны тут былі на любы густ і з самымі рознымі начынкамі. Ды і нікому не давялося скардзіцца на халодныя бліны: яны гатаваліся непасрэдна на вачах людзей прама на кастры. Адмовіць сабе ў такой смакаце ніхто не змог, бо гэта сярод нашых продкаў і зараз лічыцца заганай. Румяныя бліны сімвал сонца, які павінен вітаць будучую вясну і дапаможа спаліць пудзіла зімы, каб растапіць снег і зрабіць год ураджайным.
Нашы продкі здаўна паважалі народныя гулянні, дзе развітваліся з зімой і праслаўлялі вясну. Нездарма ж кожны дзень тыдня меў сваю адметную назву. Так, панядзелак называлі “Сустрэча”. Раніцай рабілі лялькумасленіцу, упрыгожвалі яе, звалі гасцей на свята. Адгалоскі гэтага старажытнага абраду і сёння маюцца ў нашым раёне. Бярэзінскія народныя майстры гатовы парадаваць усіх жадаючых самымі рознымі святочнымі рэчамі ад лялекабярэгаў сямейнага жыцця да драўляных лыжак і кошыкаў. Усё гэта хараство можна было набыць у імправізаваных гандлёвых радах народных майстроў альбо справядліва выйграць у бяспройгрышнай латарэі за сімвалічны кошт.
У наш час народныя абрады навучыліся выдатна спалучаць з сучаснымі святамі. Вось і на свяце вёскі першыя віншаванні ў гонар вясёлай Масленіцы былі адрасаваны самаму юнаму жыхару аграгарадка Пагост – Арцёму Блінкову. Хлапчуку з такім прозвішчам давядзецца асабліва шанаваць і берагчы традыцыі свята Масленіцы.
Другі дзень называлі “Зайгрышам”. З самай раніцы дзяўчаты і хлопцы каталіся на санках, каб знайсці свайго суджанага. Аднак сучаснае надвор’е паспрыяла таму, што гэта традыцыя знікла сярод моладзі. Дрэнна гэта ці не? Адказу пакуль няма, бо насуперак капрызам нябеснай канцылярыі маладыя людзі знаходзяць сваё адзінае каханне і кожны год гуляюць вяселлі. Гучнымі апладысментамі віталі на свяце самую маладую вясковую сям’ю Андрэя Іванавіча і Святлану Мікалаеўну Рабкевіч. Іх сямейны стаж пакуль адлічваецца месяцамі, але сумнявацца ў трываласці пачуццяў маладых не даводзіцца. Своеасаблівым наказам на доўгае і шчаслівае сямейнае жыццё для Андрэя Іванавіча і Святланы Мікалаеўны сталі сучасныя прыпеўкі ў гонар Масленіцы.
У трэці дзень гулянняў гатавалі бліны і запрашалі родных у госці і частавалі іх. Гэты дзень меў назву “Ласунак”. Зразумела, што ў час наведвання гасцей не абыходзілася без гульняў і забаў за святочным сталом. Вось чаму самым цікавым і масавым аказаўся конкурс на хуткае паяданне бліноў. Жадаючых паказаць сваё ўменне ў гэтай справе аказалася зашмат.
А вось чацвёрты дзень святочнага тыдня канкрэтную назву не меў. Ды і як яе прыдумаеш, калі ў гэты дзень можна было стаміцца ад самых розных гульняў, забаў і вяселля. Быў час, хлопцы спрабавалі свае сілы ў кулачных баях. Час гэтых асілкаў даўно скончыўся, але паказаць свае сілу і спрыт можна цяпер у баях з мяккімі падушкамі, у гіравым спорце, лазанні на слуп за падарункамі, перацягванні канату і нават стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Практычна каля кожнага атракцыёна стаяў натоўп людзей.
Пяты дзень народных святаў мае характэрную назву “Цёшчыны вячоркі”. У гэты дзень цешчы хадзілі да зяцёў у госці, частавалі іх блінамі і дзяліліся сакрэтамі іх прыгатавання з дочкамі. Гэтай спрадвечнай теме прысвечана мноства прымавак і прыказак, якія добра ведаюць нават дзеці. Валодаюць сваім унікальным рэцэптам прыгатавання бліноў і самыя старэйшыя жыхары аграгарадка – Вольга Іванаўна Клюшун і Марыя Гаўрылаўна Кавалёва. Яны нарадзіліся ў 1921 годзе.
Апошні дзень святкавання “Масленіцы – “Даравальная нядзеля”. Кожны павінен быў весяліцца, спяваць і прасіць прабачэння адзін у аднаго. Нязменным спадарожнікам гэтых спраў была добрая песня. Не сталі здраджваць традыцыі і ў аграгарадку Пагост, дзе вяскоўцаў і гасцей радавалі сваімі выступленнямі самадзейныя артысты Косаўскага і Вяшэўскага сельскіх устаноў культуры. Пад сучасныя і народныя матывы, прыгожыя галасы выканаўцаў кожны мог не толькі ўзняць свой настрой, але і ўдосталь натанцавацца на свежым паветры.
Акрамя таго, узнагароджванне жыхароў аграгарадка прымушала кожнага ўдзельніка свята вёскі не шкадаваць сваіх далоняў дзеля падтрымкі вяскоўцаў. Цёпла і шумна віталі на мерапрыемстве старэйшыя сем’і. Гэта Мікалай Яфімавіч і Ксенія Кузьмінічна Кудлаевы, Пётр Рыгоравіч і Ніна Рыгораўна Бандарчыкі. Ды і ў асаблівай пашане ў гэтым рэгіёне шматдзетныя сем’і. Так, Тамара Міхайлаўна Кот слыве ў аграгарадку добрай матуляй для пяцярых дзяцей. Ганарацца пагостцы і сваімі ўрачамі і гандлярамі, без якіх немагчыма ўявіць ніводны вясковы дзень.
Аднак не толькі народнымі гуляннямі запомніцца свята вёскі. У Пагосцкім сельскім Доме культуры прайшоў раённы конкурс ручнога вязання “Бабуліны карункі”. На яго сабралася звыш дзесяці майстроў з самых розных куточкаў раёна. Прыехалі яны не з пустымі рукамі, а з цэлымі калекцыямі сваіх вырабаў. Аказваецца, з дапамогай кручка і пруткоў яны могуць звязаць не толькі шкарпэткі, кофты, шапкі і шалікі, але і арыгінальныя капелюшы, якія падабаюцца самым прыдзірлівым модніцам. Усё гэта гаворыць аб тым, што ручное вязанне, прыдуманае нашымі продкамі, не згубіла сваёй актуальнасці і папулярнасці і ў наш час. Прыемна было бачыць сярод добра вядомых майстроў гэтага віду рукадзелля дзяўчат, якія спрытна ўпраўляліся з кручком і пруткамі і на вачах гледачоў конкурсу стваралі свае новыя шэдэўры. Журы давялося надзвычай складана пры падвядзенні вынікаў конкурсу, пераможцы былі названы ў кожнай намінацыі пасля працяглага абмеркавання.
Так, аўтарам лепшай хатняй калекцыі стала Алена Міхайлаўна Міралевіч. Самым арыгінальным афармленнем галаўнога ўбору вызначылася Ніна Эдуардаўна Насульская. Святлана Іванаўна Маркоўская заслужана забрала сабе намінацыю “Самы прыгожы зімовы галаўны ўбор”, а ў намінацыі “Самы прыгожы летні галаўны ўбор” не аказалася роўных Алене Аляксандраўне Лапыцька. Намінацыю “Самы прыгожы галаўны ўбор” журы з работнікаў Бярэзінскага раённага клуба народных рамёстваў аднадушна аддало Антаніне Платонаўне Зінькевіч. За непаўторны творчы почырк была адзначана Надзея Мартынаўна Літвіненка. Самую складаную вязку на прутках паказала гледачам Ала Віктараўна Гарбар. Валянціна Іванаўна Шкудрова перамагла ў намінацыі “За зберажэнне і развіццё традыцый ручнога вязання”. Намінацыю “За высокае майстэрства і мастацкі густ” журы прысудзіла Ульяне Суханавай, “За якасць, хуткасць і арыгінальнасць вязання галаўных убораў” – Ірыне Іванаўне Тоўсцік. А вось лаўрэатам конкурсу “Бабуліны карункі” стала Таццяна Сідараўна Ермаловіч. Усе намінанты атрымалі дыпломы і падарункі, ганаровыя пасведчанні народных майстроў. У дадатак да гэтага кожны майстар вязання пачуў ў свой адрас шмат цёплых і шчырых слоў ад гледачоў, якія назвалі конкурс сапраўдным упрыгожваннем народнага вясковага свята.
Хутка ў аграгарадку гарэла пудзіла зімы, знайшлося шмат жадаючых развітацца з халадамі і радасна сустрэць вясну з вялікай міласцю ў карагодзе, што абяцае мясцовым людзям шчасце і дастатак, якія мяжуюцца з захаваннем старажытных абрадаў і стварэннем новых традыцый.
Фото Елены ГРОМОВОЙ.

Комментарии (0)