13 Мая, 2026 Среда

Бярэзіншчына ўшанавала лепшых

  • 04 марта 2015 Общество Беларуская 1

    У мінулую суботу ў раённым Доме культуры прайшло святочнае мерапрыемства з нагоды ўшанавання лепшых працаўнікоў раёна і арганізацый, якія дасягнулі значных поспехаў у сваёй дзейнасці летась. Ва ўрачыстых абставінах былі ўручаны Ганаровыя граматы чатыром арганізацыям і дваццаці чатыром работнікам, імёны якіх будуць занесены на раённую Дошку гонару.

    Ужо з самай раніцы на цэнтральнай плошчы горада было шматлюдна. Гараджане з задавальненнем наведалі выставу тэхнікі з розных прадпрыемстваў, што размясцілася ля Дома культуры. Асабліва яна прыйшлася даспадобы дзецям. Улічваючы, што бягучы год у нашай краіне аб’яўлены Годам моладзі, арганізатары мерапрыемства зрабілі ўхіл менавіта на падрастаючае пакаленне. І дзеля гэтага была наладжана выстава тэхнікі і ярмарка вакансій, якая размясцілася ў фае Дома культуры. Для старшакласнікаў бярэзінскіх школ праводзіліся экскурсіі, падчас якіх дзеці змаглі пазнаёміцца з рознымі прафесіямі, што магчыма дапаможа вызначыцца ім у выбары свайго далейшага шляху. А паглядзець было на што: работнікі бытавога абслугоўвання арганізавалі імправізаваную цырульню, будаўнікі прама перад прысутнымі рабілі цагляную кладку, прадстаўнікі райспажыўтаварыства заваражылі ўсіх майстэрствам афармлення страў і прыгатавання кандытарскіх вырабаў, педагогі паказалі свае дасягненні і валоданне інтэрактыўнымі сродкамі навучан-ня, медыкі зрабілі ўхіл на дэмаграфічную бяспеку і паказалі аддзяленне для немаўлят. Для моладзі працавала відэапрыёмная, дзе кожны змог задаць свае пытанні на відэакамеру для кіраўніцтва раёна.

    Відовішчна пачалося дзеянне на сцэне. Першы канцэртны нумар, які прапанавалі работнікі культуры раёна, не пакінуў нікога раўнадушным. За некалькі хвілін сваёй танцавальнай кампазіцыяй яны паказалі гледачам увесь цыкл сельскагаспадарчай дзейнасці: ад пасеву збожжа да выпечкі хлеба. Кульмінацыяй нумару стала даставанне з імправізаванай печы пад гучныя апладысменты духмянага караваю, які быў уручаны старшыні райвыканкама Сяргею Дзмітрыевічу Ленкаўцу. Сяргей Дзмітрыевіч падчас свайго выступлення падвёў вынікі работы раёна за мінулы год і падзякаваў работнікам усіх сфер раёна за добрасумленнае выкананне сваіх працоўных абавязкаў. А ганарыцца раёну ёсць чым. Так, за мінулы год па развіццю сельскагаспадарчай вытворчасці Бярэзіншчына займае чацвёртае месца ў вобласці, а па вытворчасці валавай сельскагаспадарчай прадукцыі – трэцяе.

    Не шкадавалі слоў удзячнасці працаўнікам нашага раёна і ганаровыя госці свята: старшыня Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Віктар Уладзіміравіч Шчэцька, начальнік галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінаблвыканкама Мікалай Мікалаевіч Кухавец і старшыня Мінскага абласнога прафсаюза работнікаў АПК Андрэй Юзэфавіч Некрашэвіч. Яны, дарэчы, і ўручылі некаторым работнікам падзякі і граматы ад сваіх структур. Так, Ганаровымі граматамі Мінаблвыканкама былі адзначаны дырэктар ААТ “Уша” Мікалай Мікалаевіч Клімовіч і дырэктар Новінскага СДК Ніна Дзмітрыеўна Клімовіч, падзякамі – пекар-майстар кандытарскага цэху Таццяна Лявонцьеўна Лескавец і машыніст аўтагрэйдара філіяла КУП “Мінскаблдарбуд” – ДРБУ № 192 Аляксандр Паўлавіч Несцяровіч.

    Падзякі Мінскага абласнога прафсаюза АПК атрымалі галоўны заатэхнік ААТ “Месціна” Алена Іосіфаўна Осіпава, слесар па рамонту паліўнай апаратуры ДУП “Бярэзінскае ПМС” Мікалай Канстанцінавіч Сацук і аператар машыннага даення ААТ “Брадзец” Алена Мікалаеўна Ацепаліхіна.

    Шмат розных гарадоў на карце нашай роднай Беларусі. Сярод іх займае сваёй пачэснае месца і наша Беразіно, якое вылучаецца сярод іншых адметнымі традыцыямі, і, у першую чаргу, працавітасцю людзей. Менавіта гэта прайшло чырвонай ніткай праз паказаны відэафільм пра Бярэзіншчыну.

    Што ні кажы, але наш раён, у першую чаргу, сельскагаспадарчы. Таму і не выпадкова, што падчас мерапрыемства атрымалі заслужаныя падзякі аграрыі раёна, якія праявілі сябе падчас корманарыхтоўчай кампаніі, сяўбы азімых, у жывёлагадоўлі. Сёлета 20 гадоў, як на пасадзе кіраўніка сельгаспрадпрыемства шчыруе Мікалай Пятровіч Грынкевіч. З гэтай нагоды ад райвыканкама яму быў уручаны памятны падарунак.

    Славіцца Бярэзіншчына і сваімі спартыўнымі традыцыямі. Выхаванцы спартыўнай школы праслаўляюць наш край у абласных, раённых і міжнародных спаборніцтвах. Надаецца вялікая ўвага і спартыўным мерапрыемствам з удзелам нашых працоўных калектываў. За мінулы год лепш за ўсіх у гэтым накірунку праявілі сябе работнікі МНС, райгазу і ЖКГ, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы.

    Завяршылася святочнае мерапрыемства канцэртам, які падрыхтавалі работнікі культуры раёна.

    На здымках: у час мерапрыемства.

    Фота Алены ГРОМАВАЙ.

     

    Автор: Іван ТРУХАНАВЕЦ.Бярэзінская панарама
    Теги: 

Комментарии (1)