02 Мая, 2024 Четверг

Памяць жыве і будзе жыць

  • 12 мая 2015 Общество Беларуская 0

    Вайна і мір. Два кантрасты, дзве палярнасці. Іх нібы падкрэслівала і надвор’е ў дні святкавання 70-­гадовага юбілею Вялікай Перамогі ў Беразіно.

    8 мая, калі ў цэнтральным  скверы праходзіў святочны мітынг, неба было зацягнута хмарамі і ліў дождж. Назаўтра, 9 мая, падчас урачыстасці на цэнтральнай гарадской плошчы і стадыёне яркія сонечныя промні ўразаліся ў неба, пакрэсліваючы яго блакіт.

    Такія ж змены адбываліся ў душах і сэрцах людзей у гэтыя дні ў далёкім 1945­ым годзе. І праз сем дзясяткаў гадоў жыве аб гэтым памяць, памяць аб подзвігу сённяшніх ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, подзвігу тых, хто проста перажыў гэту вайну.

    Цэнтральнае месца на мітынгу, як заўсёды, ветэранам. Сёлета іх яшчэ менш, іх ужо зусім мала. Таму павінна жыць памяць. Гэтым прасякнута кожнае выступленне.

    ­ 70 гадоў аддзяляе нас ад той вясны, але не згасае памяць аб Вялікай Айчыннай вайне, ­ адзначаў у прывітальным слове да бярэзінцаў старшыня раённага   выканаўчага  камітэта С.Д. Ленкавец. – Яна жыве ў кожным горадзе і кожнай вёсцы, перадаецца з пакаленне ў пакаленне, пераходзіць ад сэрца да сэрца, звязваючы нас разам жывой ніткай    любові да Айчыны.… Вялікая Перамога дасталася нашай рэспубліцы страшнай цаной, мы згубілі кожнага трэцяга жыхара. Савецкая Беларусь унесла свой неацэнны ўклад у разгром ворага. Яна стала рэспублікай­партызанкай.

    У наш раён, як працягваў Сяргей Дзмітрыевіч далей, захопнікі     ступілі     ўжо   на 20 дзень вайны. Роўна тры гады Бярэзінскі раён знаходзіўся пад нямецка­фашысцкай акупацыяй, роўна тры гады каваныя боты тапталі бярэзінскую зямлю. У раёне былі спалены 22 вёс кі, Краснае і Баравіно – разам з жыхарамі. Больш за 5 тысяч сем’яў жылі ў зямлянках. За гады вайны колькасць жыхароў раёна скарацілася на 16 тысяч чалавек, амаль на 25 працэнтаў да  даваеннай колькасці. Толькі

    ў Бярэзінскім гета было знішчана звыш 900 чалавек. Памяць аб гэтым назаўсёды ў нашых сэрцах.… Сёння мы павінны аб’яднацца і супрацьстаяць тым негатыўным праявам, якія адбываюцца ў нашым грамадстве, і не дапусціць нічога падобнага.

    ­ Мы павінны быць дастойнымі подзвігу нашых бацькоў, дзядоў, прадзедаў, ­ адзначаў у выступленні і раённы ваенны камісар Леанід Мі­хайлавіч Казлоў. Запэўніў у гэтым усіх прысутных вучань СШ № 3 горада Беразіно, пераможца сёлетняга конкурсу “Вучань года” Мікіта Клюшун.

    Да слоў удзячнасці і віншаванняў кожны прысутны на мітынгу ветэран атрымаў падарункі і сувеніры ад спонсараў і грамадскага аб’яднання “Белая Русь”, брашуру аб вязнях раёна.

    Сапраўдным падарункам для ўсіх бярэзінцаў стала свята непасрэдна 9 мая. Здавалася, што цэнтральная плошча і прылягаючыя да яе вуліцы ледзь змяшчаюць жадаючых стаць удзельнікамі ўрачыстасці ў гонар юбілею Вялікай Перамогі. Да ўсіх бярэзінцаў у чарговы раз звярнуўся старшыня райвыканкама С.Д. Ленкавец.

    І “пацякла рака” люд­ской памяці. Веласіпедысты са святочнымі сцяжкамі ў руках, матацыклісты. Значна павялічыўся сёлета “Бессмяротны полк”: у руках людзей розных узростаў партрэты бацькоў, дзядоў, прадзедаў, якія сваім жыццём праклалі дарогу да Перамогі. У цэнтры свята і сённяшнія нешматлікія ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, якія змаглі прысутнічаць на ўрачыстасці.

    Яны, ветэраны, наяве перажылі ўсё тое, што мы сёння пабачылі ў тэатралізаваным прадстаўленні. Яны нава­бранцамі ішлі на вайну, ішлі не са схіленымі галовамі, а з вялікім жаданнем перамагчы, ішлі, як заўсёды, з песняй. Ехалі на фронт, таксама з гармонікам у руках. Яны далі славу партызанкі роднай Бярэзіншчыне. І мірныя жыхары, якія на сабе аралі і сеялі хлеб, таксама набліжалі жаданую перамогу, жаданае вызваленне. Гэта яны перажылі тое, што, здавалася, немагчыма перажыць – страту родных дамоў і родных людзей. А як страшна глядзець на дзяцей за калючым дротам. Гэта ж было на самой справе. Але “Мы будзем жыць!” – гэты лозунг на наступнай машыне азнаменаваў непахіснасць народа, які з’яднала адна бяда і адна мэта – перамагчы. Таму і самалёты нізка над горадам Беразіно, якія сталі яшчэ адным сюрпрызам, на гэты раз скідвалі не бомбы і хлуслівыя лістоўкі, а заклік цаніць і берагчы мір: “Няхай мужнасць і гераізм гэтага вялікага свята ніколі і нікім не забываюцца. Няхай дух перамогі запальвае сэрцы і вядзе наперад – да новых подзвігаў, поспехаў і дасягненняў...”.

    Вялікую Перамогу ў тэатралізаваным прадстаўленні ўвасобіла дзяўчына ў сукенцы чырвонага колеру, які стаў адным з сімвалаў свята.

    А хто сказаў, што ў Беразіно не можа быць парада ваеннай тэхнікі? Практычна кожная арганізацыя горада стварыла сваё “ўзбраенне” ў рэальную велічыню са спадручнага матэрыялу. Танкі з будаўнічых пліт і фанеры, нават з латкоў для яек пабудавалі ПМК­182, лясгас і Цэнтр рамёстваў, жыллёва­камунальная гаспадарка, райспажыў­таварыства. З “гарматамі” ішлі работнікі спіртзавода і ДРБУ­192. “Самалёт” выкацілі на гарадскія вуліцы работнікі       РУ “Беразіно­райгаз”. Нават звычайныя хлебаробскія трактары стараннямі работнікаў школы мастацтваў “надзелі” салдацкія фуражку і пілотку.

    На сапраўднай баявой машыне ехалі воіны­афганцы. Свой мірны ўклад зрабілі ў святочнае шэсце прадпрымальнікі горада, усе працоўныя калектывы. У асобнае міні­шэсце з вырабамі з паветраных шароў можна выдзеліць прадстаўленае работнікамі адукацыі раёна. Іх у калоне змянілі маладыя людзі, які пажадалі прыняць удзел у конкурсе на лепшы касцюм у ваенным стылі. Заключылі святочнае шэсце сувязісты раёна з нязменным атрыбутам міру – галубамі. Яшчэ адзін сімвал Перамогі – яблыневая квецень, менавіта такія галінкі пранеслі дзяўчаты ў нацыянальных касцюмах.

    Феерверкам на цэнтральнай плошчы святкаванне не закончылася, яно па традыцыі перамясцілася на гарадскі стадыён, дзе кожны знайшоў занятак па душы.

    Не менш шматлюдна было на стадыёне ўвечары. Многія бярэзінцы прыйшлі сюды, каб не проста паглядзець на салют, але і пацвердзіць сваю ўдзячнасць за мірнае неба. Яно і далей павінна азарацца не сполахамі вайны, а рознакаляровымі святочнымі феерверкамі.

    ***

    Святкаванне 70­-гадовага юбілею Вялікай Перамогі прайшло ва ўсіх аграгарадках і іншых населеных пунктах раёна.

    Фота Алены ГРОМАВАЙ.

    Автор: Ала АЛЬФЕРБярэзінская панарама

Комментарии (0)