02 Мая, 2024 Четверг

Калі матацыкл — стыль жыцця

  • 26 мая 2015 Общество Беларуская 0

    У нядзелю, 26 красавіка, у нашым райцэнтры можна было назіраць незвычайную карціну: па вуліцах горада, гучна сігналячы, рухалася калона больш чым з паўсотні матацыклаў. Такім чынам пастаўскія ўладальнікі “жалезных коней” сёлета вырашылі адкрыць новы мотасезон. Іх падтрымалі госці з сельскіх населеных пунктаў раёна, а таксама з Глыбокага і Рыгі. У выніку атрымалася запамінальнае свята, цікавае нават тым, хто не мае ніякага дачынення да двухколавага транспарту. 

    Першы за многія гады злёт быў прымеркаваны да 70-годдзя Вялікай Перамогі. Яго арганізатарамі выступілі раённая Дзяржаўтаінспекцыя, райкам Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі і пастаўскія ўдзель­нікі байкерскага руху  Уладзімір Мельчакоў, Іван Семянас, Аляксандр і Сяргей Захарычы і іншыя.

    Мерапрыемства пачалося а пятнаццатай гадзіне на плошчы Леніна. Яе хутка запоўніў гул матораў, які можна было пачуць яшчэ здалёк. Усяго сабралася каля 55 непасрэдных ­удзельнікаў злёту самага рознага ўзросту і на самай разнастайнай тэхніцы. Сярод матацыклаў былі і дарагія, эксклюзіўныя, міма якіх нельга было прайсці і не спыніцца. Адзін з такіх у пастаўчаніна, індывідуальнага прадпрымальніка Івана Семянаса. Яго двухколавы “сябар” маркі “Honda”, як высветлілася падчас размовы, адзін з нямногіх у Беларусі .

    — Матацыклы захапілі мяне яшчэ ў дзяцінстве,  але тады я і думаць не мог пра такую магутную тэхніку, — расказваў Іван. — І вось тры гады назад мая мара здзейснілася. Праўда, абкатаць свайго “звера” ў поў­най меры яшчэ не ўдалося — пакуль праехаў на ім толькі 5 тысяч кіламетраў. Для сапраўднага  байкера гэта не адлегласць — столькі можна праехаць і за сезон. Мы з сябрамі-пастаўчанамі (а прыхільнікаў матацыклаў у нашым горадзе нямала) часта ўдзельнічаем у шматлікіх фестывалях, у тым ліку і міжнародных.  Летась, напрыклад, ездзілі ў Калінінград, заадно пакалясілі і па краінах Прыбалтыкі. Былі ў Крыме, у Адэсе. Перакананы: у нашым захапленні галоўнае не кошт транспартнага сродку, а адрэналін ад дарогі, хуткасці.

    Эмоцыі, драйв патрэбна атрымліваць, не парушаючы правілаў дарожнага руху. Бяспека  важней за ўсё. Пра гэта, адкрываючы злёт, гаварыў і начальнік аддзялення Дзяржаўтаінспекцыі Пастаўскага РАУС Дзмітрый Мікалаевіч Андрон. Мэтай мерапрыемства было і нагадаць уладаль­нікам двухколавага транспарту правілы паводзін на дарозе, прадухіліць ДТЗ з іх удзелам. У вясенне-летні перыяд гэта пытанне асабліва актуальнае. Матацыклы — вельмі траўманебяспечны транспарт, і ў выпадку непрадбачаных сітуацый нават самая добрая амуніцыя не выратуе ад калецтва, а то і гібелі.

    На жаль, многія аматары хуткай язды ў пагоні за адрэналінам пра гэта часта забываюць. Не пужаюць нават немалыя штрафы, якія “свецяць” парушальнікам правілаў дарожнага руху. Дзмітрый Мікалаевіч прывёў красамоўны прыклад: летась у Пастаўскім раёне затрымалі матацыкліста, які мчаў са скорасцю больш чым 200 (!) кіламетраў у гадзіну. Па прычыне такіх безадказных паводзін ва­дзіцеляў і прыходзяць сумныя навіны аб смерцях на дарогах. Статыстыка сведчыць: сёлёта ў Віцебскай вобласці ўжо загінуў адзін матацыкліст, яшчэ адзін атрымаў сур’ёзныя траўмы. Абодва ў момант дарожна-транспартнага здарэння знаходзіліся ў стане алкагольнага ап’янення.

    Удзельнікі і арганізатары злёту ўсклалі кветкі да брацкай магілы на ўездзе ў мікрараён пятага гарадка. Калона, якая туды накіравалася праз вуліцы Савецкую, Кляра і Юбілейную, прыцягвала ўвагу прахожых, выклікала шмат здзіўлення і захаплення. Хіба часта ў нашым гора­дзе можна бачыць такую дзею?

    Потым матацыклісты зноў вярнуліся на плошчу  Леніна, дзе працягвалі знаёміцца, гутарыць, дзя­ліцца планамі на новы сезон. Сярод іх быў і госць з Рыгі Томаш Казлоўскі. Як прыбалт трапіў на мерапрыемства і якія яго ўражанні?

    — Я прыехаў да сяброў у Глыбокае, — гаварыў Томаш. —   Хутка мы збіраемся прыняць удзел у вялікім злёце байкераў у Гродне. Ад іх пачуў пра пастаўскую сустрэчу. Наогул, мне вельмі падабаецца Беларусь, ужо давялося пабываць у Віцебску, Бабруйску, Сянно… А вось у вашым горадзе — упершыню. Паставы прыемна здзівілі, прывабілі сваім гістарычным аб­ліччам. Ведаю, што такая сустрэча праводзіцца ў вашым горадзе ўпершыню. Беларускі байкерскі рух з кожным годам становіцца ўсё больш папулярным. Леташні злёт у Брэсце сабраў больш за 14 тысяч удзельнікаў з амаль паўтара дзясятка краін — гэта было штосьці неверагоднае! Прычым захоплены матацыкламі не толькі мужчыны, ёсць і жанчыны. Мая жонка, з якой мы разам 33 гады, увесь час падтрымлівае маё захапленне, ездзіць разам са мной на буйныя фестывалі. Сын таксама байкер. І я лічу, што гэта нармальна. Маладым людзям сёння так важна мець захапленне для душы, каб не заставалася часу на такія шкодныя звычкі, як тытунь, алкаголь, наркотыкі.

    Напрыканцы злёту пастаўчанін Дзмітрый Новікаў у сваім паказальным выступленні прадэманстраваў выключнае валоданне матацыклам, у тым ліку і язду на адным коле.

    Мерапрыемства атрымалася. Гэта канстатавалі ўсе ўдзельнікі. Арганізатары ў сваю чаргу прызналіся: над яго праграмай яшчэ варта папрацаваць. У тым, што такія сустрэчы стануць традыцыйнымі, ніхто не сумняваецца.

    Автор: Іна СНЯЖКОВАПастаўскі край

Комментарии (0)