07 Мая, 2024 Вторник

Разам – весела

  • 15 июня 2015 Общество Беларуская 0

    Сезон летняга адпачынку дзяцей адкрыўся ў аздараўленчым лагеры «Нёман» аддзела адукацыі, спорту і турызму. «Здравствуй, лето» – плакат-расцяжка сустракае дзяцей і  дарослых у летніку і адразу ж стварае радасны настрой.

    Адбыўся заезд дзяцей у першую змену, лагер у гэтым сезоне будзе працаваць у чатыры змены. На базе летніка «Нёман» у чэрвені распачалі дзейнасць два профільныя лагеры – «Непаседы» і «Лідар».

    Дырэктар лагера «Нёман» Таццяна Ажгірэвіч гаворыць аб забеспячэнні неабходных умоў для паўнацэннага адпачынку і гарманічнага развіцця дзяцей у летніку:

    – Кожная змена лагера будзе праходзіць пад сваім дэвізам. У рамках агульнай праграмы распісаны мерапрыемствы на кожны дзень – усемагчымыя конкурсы, дыскатэкі, спартландыі. Па-суседску з намі знаходзіцца аздараўленчы лагер імя  Я. М. Чайкі. Склаліся вельмі добрыя адносіны паміж дзецьмі і выхавацелямі, праводзяцца сумесныя мерапрыемствы. Аздараўленчы лагер «Нёман» забяспечаны кадрамі. Падчас летніх водпускаў выхавацелямі будуць працаваць настаўнікі СШ № 3 г. Стоўбцы, гімназіі № 1, Любкаўшчынскай, Дзераўнянскай СШ, Дома творчасці дзяцей і моладзі, Савонскага дзіцячага сада і іншых навучальных устаноў. Для бяспекі дзяцей устаноўлена сістэма відэаназірання, у кругласутачным рэжыме дзяжураць медыцынскія работнікі, супрацоўнікі правахоўных органаў, дзейнічае прапускны рэжым. Да адкрыцця сезона  кіраўніцтва аддзела адукацыі, спорту і турызму паклапацілася абнавіць матэрыяльную базу ведамаснага лагера. Праведзены касметычны рамонт, добраўпарадкавана тэрыторыя, абноўлены спортінвентар. Пад поўную патрэбнасць ёсць посуд, пасцельная бялізна. Набыты электрамясарубка, параканвенкамат, новая пліта і іншыя патрэбныя рэчы для забеспячэння харчавання дзяцей. Вялікая ўвага надаецца меню, каб і харчаванне ў поўнай меры садзейнічала паўнацэннаму аздараўленню дзяцей.

    У дзень нашага прыезду выхавацелі і адпачываючыя рыхтаваліся да ўрачыстага адкрыцця першай змены. Падрыхтаваны сцэнарый даваў магчымасць кожнаму раскрыць свае таленты, здольнасці, ініцыятыву. Так, дзеці разам з выхавацелямі Наталляй Марозік і Вольгай Клышко (на здымку ўверсе) рыхтаваліся да спаборніцтваў.

    Вучаніца стаўбцоўскай гімназіі № 1 Вікторыя Башылава ўжо чацвёрты раз адпачывае ў лагеры «Нёман». Яна іграе на гітары, добрая спартсменка. Яе сяброўка Маша Ціток ужо другі раз прыехала ў гэты летнік. Для многіх дзяцей адпачынак у «Нёмане» – гэта сустрэча з сябрамі з іншых навучальных устаноў раёна, цікавыя экскурсіі, бесклапотныя прагулкі па маляўнічым наваколлі. Таму кожны год зноў і зноў яны чакаюць шчаслівай пары летніх канікулаў.

    Фота Васіля ЗЯНЬКО 

    Автор: Лана СВЯТЛІЦКАЯПрамень
    Теги: 

Комментарии (0)