24 Апреля, 2024 Среда

Думка завадчан – аб паляпшэнні тэлеэфіру

  • 29 июля 2015 Общество Беларуская 0

    На сустрэчы з работнікамі ААТ «Торфабрыкетны завод Нёман» пабываў старшыня Белтэлерадыёкампаніі Генадзь Давыдзька, які азнаёміўся з прадпрыемствам, праблемамі і ўмовамі, у якіх працуюць торфабрыкетчыкі.

    Для завода сёння не самы лёгкі час. Сярод спажыўцоў падае попыт на яго асноўную прадукцыю – торфабрыкеты. Аднак жа разам з газіфікацыяй важнымі з'яўляюцца і альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Таму вытворцы знаходзяцца ў пошуку новых рынкаў, у тым ліку і замежных. У іх ёсць канкрэтныя напрацоўкі па расшырэнні сыравіннай базы. Кіраўніцтва завода бачыць перспектыву, у будучае глядзіць з аптымізмам, аднак у сучасных умовах для завадчан няма нічога больш важнага, чым эканомія і рацыянальнае выкарыстанне ўсемагчымых рэсурсаў.        

    Прыроднае багацце гэтых мясцін – не толькі торф, а і ландшафтная прыгажосць, падкрэсліў падчас сустрэчы і старшыня Белтэлерадыёкампаніі. «Тэлеканалы Беларусі рыхтуюцца да новага тэлесезона. Будзе шмат цікавых праектаў, каб вы, прыйшоўшы з работы, маглі адпачыць каля тэлеэкрана і атрымаць асалоду ад прагляду, – запэўніў Генадзь Давыдзька. – Праблемы ёсць ва ўсіх, і ўсе мы стараемся выходзіць з іх і рабіць якасны прадукт».

    Інфармацыйны рынак тэле- і радыёпрадукцыі ў рэспубліцы шырокі і насычаны, але ўвага была звярнута на тэлеканал «Беларусь-2», які, як вядома, аддадзены інтарэсам такой патрабавальнай аўдыторыі, як моладзь. У цэлым кожны з дзеючых каналаў улічвае адраснасць, каб займець свайго слухача або гледача. Пры гэтым, накрываючы для яго "інфармацыйны стол", застаецца важным арыентавацца на час выхаду той ці іншай праграмы ў эфір. Натуральна, што прадукцыя вячэрняя адрозніваецца ад ранішняй.

    – Хацеў бы пачуць ад вас пажаданні, прапановы, заўвагі, бо вы і ёсць самы сапраўдны тэлеглядач і радыёслухач, – звярнуўся да торфабрыкетчыкаў Генадзь Давыдзька. – Ваша думка для нас вельмі важная, бо мы, як і ўсе сродкі масавай інфармацыі, стараемся дабіцца аднаго – даверу да сябе".

    Каб трымаць узровень гэтага даверу на вышыні,  на тэлебачанні выходзіць нямала інтэрактыўных праграм, так званых прамых эфіраў. «Званіце і гаварыце пра набалелае!» – заклікаў Генадзь Давыдзька.             

    Сустрэча працягвалася не так доўга, але аказалася выніковай. Высветлілася, што  на Стаўбцоўшчыне любяць тэлепраект «100 песень для Беларусі». У сувязі з чым Генадзь Давыдзька выказаў прапанову: «Напэўна, варта і Стоўбцы ўключыць у наступны тур гэтай канцэртнай праграмы па малых гарадах Беларусі». Прысутная на сустрэчы намеснік старшыні райвыканкама Ірына Пашкевіч падтрымала ідэю: «Мы гатовы прадаставіць для тэлепраекта Старасвержанскі Цэнтр культуры, разлічаны на 340 месцаў».

    На развітанне старшыня Белтэлерадыёкампаніі выказаў сваё пажаданне торфабрыкетнаму заводу «Нёман»: «Напярэдадні мы гутарылі са старшынёй вашага раённага выканаўчага камітэта Ю. М. Горлавым. Ён адзначыў, што займаецца пошукам інвестара для будаўніцтва ў Стоўбцах гандлёва-забаўляльнага цэнтра. У сувязі з гэтым жадаю вашаму заводу паспяховай дзейнасці і развіцця, інвестыцый, каб у будучым вы самі мелі магчымасць выступіць інвестарам, напрыклад, у рэалізацыі сацыяльнага, культурнага і іншых праектаў.     

    Фота Васіля ЗЯНЬКО

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень

Комментарии (0)