20 Апреля, 2024 Суббота

Не адзін у полі араты

  • 26 октября 2015 Общество Беларуская 0

    «Па машынах!» – з гэтай каманды быў дадзены старт І раённаму конкурсу «Араты-2015», а прыгожым завяршэннем яго стала ўзняцце пераможцаў на п'едэстал прафесійнага майстэрства.

      Гэты конкурс мае тытул першага раённага, аднак ён не новы для хлебаробаў Стаўбцоўшчыны. Старажылы прыпамінаюць: апошні раз праводзіўся ён у 1999 годзе. Такім чынам, прыйшла пара адраджэння добрай конкурснай традыцыі.

    На полі СГФ «Аталезь-агра» ААТ «Стаўбцоўскі райаграсэрвіс», дзе ўпраўленнем сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкамам прафсаюза работнікаў АПК былі арганізаваны спаборніцтвы, выстраіліся ў лінейку гатоўнасці 13 трактароў. Зіхацелі пад восеньскім сонцам Беларус-1221, Беларус-3522, Беларус-3022, Беларус-1523, а таксама імпартны «Джон-Дзір». 13 адзінак тэхнікі – 13 удзельнікаў конкурсу прыбылі з розных гаспадарак раёна. Здавалася, высадзіўся цэлы мехатрад. Усе яго ўдзельнікі апрануты ў адзіную форму. Яны крыху хвалююцца, паглядваючы ўдаль, за чырвоныя сігнальныя сцяжкі. Неўзабаве іх запрасілі ў цэнтр дзейства, якое работнікі культуры пастараліся аздобіць музыкай і песнямі.

    Гонар узняць сцяг конкурсу быў прадастаўлены вопытнаму Казіміру Дамброўскаму з ААТ «Агранёманскі» і самаму маладому ўдзельніку – Максіму Паплаўскаму з СГФ «Аталезь-агра».

    Першы намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзяніс Колесень адкрыў конкурс:

    – Мы ўдзяляем вялікую ўвагу тым, хто ўбірае ўраджай, але нельга забываць і пра тых, хто закладвае яго аснову. І першае тут – ворыва. Як зямлю заарэш, такую аддачу і атрымаеш. Спадзяемся на ваша прафесійнае майстэрства, узаемадапамогу, – зазначыў выступоўца. 

    Ад імя Мінскага абласнога выканаўчага камітэта прывітаў удзельнікаў конкурсу начальнік абласной інспекцыі Дзяржтэхнагляду Валерый Злотнік. Ён падкрэсліў значнасць гэтага конкурсу прафесійнага майстэрства ў звязцы з яе вялікасцю тэхналогіяй ў сельскай гаспадарцы.  

    І вось гучыць каманда: «Па машынах!». Музыка свята зліваецца з гулам тэхнікі. Трактары з конкурсным нумарам на лабавым шкле выходзяць у поле, на абазначаныя загоны. Яны стандартныя – 100 м х 90 м  і 100 м х 80 м, акурат для дзевяці- і васьмікорпусных плугоў. Начальнік аддзела раслінаводства райсельгасхарчу Барыс Барысевіч называе крытэрыі ацэнкі працы аратых: прамалінейнасць баразны, глыбіня і гладкасць ворыва, раўнамернасць задзелкі раслінных рэшткаў, звальна-развальныя барозны. І, безумоўна, тэхніка бяспекі. Выключна тэхналагічны падыход, усё астатняе не мае асаблівага значэння. Мяркуецца, што там, дзе гаспадарыць «дыктатура» тэхналогіі, кожны механізатар, незалежна ад стажу, павінен працаваць якасна, умела.

    Для падвядзення вынікаў вызначана камісія ў складзе аўтарытэтных спецыялістаў. Сярод іх і прадстаўнікі Цэнтра павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў і спецыялістаў Стаўбцоўскага райсельгсхарчу, якія навучаюць розным прафесіям, у тым ліку і тым, якія звязаны з апрацоўкай глебы. Звычайна, трактарыст шчыруе ў полі адзін, а тут, на конкурснай дзялянцы, разам з ім знаходзіцца аграном або інжынер з гаспадаркі. Спецыялістаў запрасілі невыпадкова – каб яны таксама вучыліся, пераймалі ад калег навыкі і майстэрства.       

    Пад нумарам адзін выступае ўсё той жа Казімір Дамброўскі, які ўзнімаў сцяг конкурсу. Ён няспешна рэгулюе плугі, прымерваецца да поля. І вось пракладзена першая баразна, за ёй другая, трэцяя… Дамброўскі вядзе трактар павольна, упэўнена. Яшчэ даворвае «хвосцік» і адначасова кіруе на разварот. «Разваротка» ў гэтай «гусеніцы» складае 27 м і яшчэ трэба налаўчыцца, каб плугі заходзілі і выходзілі з зямлі ў адным месцы, як таго і патрабуюць умовы конкурсу. Відавочна, што гэта няпроста выканаць і майстру. А як толькі ўзарана ад сцяжка да сцяжка – фініш.

    Казімір Дамброўскі заканчвае конкурснае заданне адным з першых і дае права выхаду ў поле членам журы. У руках у іх лінейкі, шнуры і іншыя вымяральныя прылады. Прадугледжаная максімальная колькасць балаў для ўдзельнікаў конкурсу – 165, за кожны дапушчаны агрэх здымаюцца штрафныя.        

    Нікога не можа пакінуць абыякавым свежая ралля. Яна дыхае сілай прыроды, паэзіяй зямлі. Члены журы не хаваюць захаплення і з іншай нагоды: кожная з 13-ці дзялянак узарана па-рознаму, свой «почырк» ворыва ў кожнага трактарыста. Прадстаўнік ААТ «Вішнявецкі-агра» Віталь Шода заараў так гладка, роўненька, што, здаецца, за ім яшчэ прайшоў культыватар. Менавіта Віталь Шода набраў найбольшую колькасць балаў (125) і стаў пераможцам конкурсу. Ён і будзе прадстаўляць хлебаробаў Стаўбцоўшчыны на абласным конкурсе аратых. Другое і трэцяе месцы – у Казіміра Дамброўскага (ААТ «Агранёманскі»; 118 балаў) і Паўла Мазаніка (ААТ «Радзіма Дзяржынскага»; 105 балаў).

    У іх гонар райкам прафсаюза работнікаў АПК даставіў у поле сапраўдны п'едэстал прафесійнага майстэрства, і яго ўпрыгожылі пераможцы, апаясаныя сімвалічнымі стужкамі. Кожнаму з іх былі ўручаны сертыфікаты на атрыманне грашовага ўзнагароджання ў памеры двух мільёнаў рублёў (за першае месца), паўтара мільёна рублёў (за другое месца) і аднаго мільёнаў рублёў (за трэцяе месца). Вельмі добры вынік паказалі Сяргей Бандаровіч з ААТ «Жацерава» і Дзмітрый Дошчачка з ААТ «Налібакі Агра», якім уручылі заахвочвальныя прызы – гадзіннік-радыё. Райкам прафсаюза падрыхтаваў падарункі – камплект пасцельнай бялізны – для ўсіх удзельнікаў конкурсу.          

    Конкурснае заданне – усяго толькі «квадрат» ворыва. А ў будзённай абстаноўцы трактарыст на сваёй сучаснай тэхніцы, аснашчанай аўтаматыкай, уздымае 20 і больш гектараў зябліва за дзень. І гэта далёка не рэкорд. Як сказаў прызёр конкурсу Казімір Дамброўскі, у якога пайшоў 44-ты хлебаробскі сезон, у полі ён працуе да тых пор, пакуль ёсць у баку трактара паліва і пакуль не сцямнела. 

    Фота Васіля ЗЯНЬКО    

    Автор: Таццяна ПЯТКЕВІЧПрамень

Комментарии (0)